СВЯТА ВЯСНЫ І ПРЫГАЖОСЦІ



Кожную сераду ў аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў "Праменьчык" Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна прыходзяць валанцёры -- вучні 8 класа гімназіі №1 г. Дзятлава разам з педагогам Таццянай Леанідаўнай Ясюлевіч. Для наведвальнікаў аддзялення яны арганізоўваюць цікавыя гульні, віктарыны, трэнінгі. А на мінулым тыдні гімназісты завіталі ў "Праменьчык", каб павіншаваць сваіх падшэфных са святам вясны і прыгажосці.

Размаўляць аб прыгожым вырашылі на мове мастацтва. Люба Вырко выканала для наведвальнікаў аддзялення дзве музычныя п'есы на скрыпцы. Паша Цярэшка і Даша Вабішчэвіч спявалі пад гітару. Паша выканаў знакамітую песню Віктара Цоя "Зорка па імені Сонца", а Даша парадавала слухачоў песняй "Пунсовыя ветразі". Прагучала шмат вершаў, прысвечаных маці, жанчыне.

Таксама валанцёры прапанавалі сваім падшэфным прыняць удзел у пастаноўцы казкі "Рэпка", размеркавалі ролі. Сумесная тэатралізаваная дзея атрымалася вясёлай і цікавай.

Наведвальнікі "Праменьчыка" заўсёды рады сваім гасцям, і калі ў іх запытацца, хто з гімназістаў найчасцей наведваецца ў аддзяленне, адкажуць не раздумваючы:

-- Маша Гранкоўская, Аліса Гульнік, Саша Саракульская, Дыяна Маркава -- гэта актывісты, а наогул, тут у нас пабыў ужо ўвесь клас. І кожны раз на развітанне мы кажам валанцёрам, каб абавязкова прыходзілі яшчэ, і чакаем іх з нецярпеннем, бо гэта -- нашы добрыя сябры.

Падрыхтавала да друку І. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/