СВЯТА-ЕЛІСЕЕЎСКІЯ АДУКАЦЫЙНЫЯ ЧЫТАННІ



7 снежня ў Навагрудку адбыліся ХІ Свята-Елісееўскія адукацыйныя чытанні. Яны былі прымеркаваны да 700-годдзя з дня нараджэння прападобнага Сергія Раданежскага і мелі назву “Прападобны Сергій. Русь. Спадчына, сучаснасць, будучыня”.

Пачаліся чытанні з малебна на пачатак любой добрай справы ў Свята-Нікольскім кафедральным храме горада Навагрудка.

На пленарным пасяджэнні чытанняў, якое праходзіла ў раённым Доме культуры, удзельнікі пазнаёміліся з дакладам архіепіскапа Гурыя, рэктара Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі, старшыні арганізацыйнага камітэта чытанняў “Значэнне абіцелі прападобнага Сергія Раданежскага ў духоўным і культурным жыцці Белай Русі”.

З прывітальным словам да прысутных звярнулася намеснік старшыні Навагрудскага райвыканкама Святлана Каралько. Яна зазначыла, што чытанні маюць вялікае духоўнае значэнне для веруючых, а таксама з’яўляюцца састаўной часткай работы па рэалізацыі Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Параваслаўнай Царквою.

-- Сімвалічна, што гэтыя Свята-Елісееўскія чытанні, прысвечаныя прападобнаму Сергію Раданежскаму і яго 700-годдзю, праходзяць на гістарычнай і багатай культурнай і духоўнай спадчынай навагрудскай зямлі. Прыклад Сергія Раданежскага, Елісея Лаўрышаўскага, іншых духоўных падзвіжнікаў павінны стаць прыкладам для кожнага з нас, -- зазначыла С. Каралько.

У час пленарнага пасяджэння прагучалі даклады выкладчыкаў Мінскай духоўнай семінарыі, духоўных школ, выдавецкага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы. Удзельнікі мерапрыемства паслухалі духоўныя песнапенні мужчынскага вакальнага ансамбля “Ваганты” з Мінска. Затым работа прадоўжылася па секцыях у СШ №7 г. Навагрудка.

У час мерапрыемства ўдзельнікі чытанняў наведалі выставу дзіцячых малюнкаў “Не хлебам адзіным жыве чалавек”, якую праводзіла Навагрудская епархія, і даведаліся імёны пераможцаў.

У ХІ Свята-Елісееўскіх адукацыйных чытаннях прынялі ўдзел каля сотні прадстаўнікоў духавенства Навагрудскай епархіі і кіраўнікоў арганізацый, у тым ліку вучэбных установаў, СМІ, сястрынстваў. Ад Дзятлаўшчыны ў адукацыйных чытаннях прынялі ўдзел некалькі чалавек. Сярод іх Мікалай Мацюкевіч, Таццяна Нікіпорчык, Валянціна Саламевіч, Галіна Мілейка, Ганна Андрукевіч.

Гэтыя чытанні сталі пачаткам Калядных адукацыйных чытанняў, якія ў хуткім часе пройдуць у Маскве.

І. ЗІНЧАНКА, бакалаўр багаслоўя Фота прадастаўлена аўтарам

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/