СВЕТ ВЕДАЎ КНІГА АДКРЫВАЕ



Як заўсёды, у дні вясновых канікулаў у Дзятлаўскай дзіцячай бібліятэцы праходзіць Тыдзень дзіцячай кнігі. Жарты, гульні, віктарыны, конкурсы дазволяць юным чытачам прадэманстраваць свае веды, знаходлівасць, эрудыцыю, цікава правесці вольны час.

Арганізаваны кніжныя выставы і экспазіцыі лепшых дзіцячых выданняў: "Брава кніжцы беларускай", "Дзіцячая кніга крочыць па планеце".

Адкрыццё тыдня -- гэта сапраўднае тэатралізаванае прадстаўленне, якое прысвечана любімым героям кнігаў, вядомым пісьменнікам, лепшым і верным чытачам бібліятэкі.

Адзін з дзён тыдня закранае тэму экалогіі. Экападарожжа "Калейдаскоп прыроды" з дапамогай экалагічных замалёвак азнаёміць дзяцей з рэкамі і азёрамі, з лясамі і іх насельнікамі, з жыццём жывёлін і птушак. Чытачы гавораць і аб нашым родным кутку, адказваюць на пытанні відэавіктарыны "Мы жадаем жыць па Чырвонай кнізе".

Шмат прыемных хвілін малодшым школьнікам дорыць дзень казак, прысвечаны 215 гадавіне з дня нараджэння А. С. Пушкіна. У госці да дзяцей прыходзяць героі пушкінскіх твораў -- Царыца з чароўным люстэркам, Залатая Рыбка, казачная Вавёрачка. Гэтыя героі праводзяць з чытачамі вясёлыя конкурсы, віктарыны, гульні, паказваюць мультфільмы па казках Пушкіна. Цікавы і відэагляд "Дзяцінства паэта", "Ля Лукамор'я".
Дашкольнікам будзе прапанавана літаратурнае свята "У бібліятэку з дзіцячага сада".

У дзень дзіцячай перыёдыкі юныя чытачы становяцца ўдзельнікамі дайджэста "Па лабірынтах артыкулаў часопісаў", урока-прэзентацыі "Любімыя героі любімых часопісаў", пазнаёмяцца з інфармацыйным анонсам "Сузор'е часопісаў".

Дзякуючы тыдню кнігі дзеці ўбачаць, што бібліятэка -- сапраўды цудоўны, ні на што не падобны свет ведаў і адкрыццяў.

Т. БАРЫСАВЕЦ, загадчыца Дзятлаўскай дзіцячай бібліятэкі

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/