Сведкі даўніны: паходжанні назваў



Непадалёк ад вёсак Дукрава і Студзераўшчына (Студзяроўшчына), у густым яловым лесе між пагоркамі знаходзяцца капцы раннесярэднявечнага могільніка. Яны вышынёю па два — тры метры і шырынёю да дзесяці — пятнаццаці з глыбокімі раўкамі вакол паўсфер. Паблізу іх узвышаецца гара Калечая з крутымі схіламі. На вяршыні яе невялікая роўная пляцоўка.

Назва в. Студзераўшчына незвычайная. Корань студ- — старажытнага паходжання, ад слова «стод». 3 цягам часу літара «о» перайшла ў літару «у». У мовах індаеўрапейскіх народаў зафіксавана два значэнні слова «стод»: 'ідал' і 'слуп, калона'. На абшарах Дзятлаўскага раёна, заселеных здаўна балтамі, а потым славянамі, у назвах вёсак, альбо мясцовасцей, размешчаных каля язычніцкіх свяцілішчаў, адлюстравалася іх гістарычнае мінулае. У назве в. Дукрава корань дукра- ў перакладзе з літоўскай тлумачыцца як 'дзяўчына'. У славян гэтак жа зафіксаваны назвы святых гор, якія ў сваёй аснове маюць слова «дзявочая» альбо вытворныя ад яго.

Існаванне на невялікай тэрыторыі назваў Дукрава і Студзераўшчына, у значэнні каранёў якіх заключаны абрадавы і рэлігійны сэнс, а таксама курганнага могільніка на схілах Калечай гары і падання пра яе сведчыць аб магчымасці знаходжання ў даўнейшыя часы на ёй мясцовага язычніцкага свяцілішча.

П. А. Русаў

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/