Свіслацкая драма



У Свіслачы моцны валейбол. Іхнія людзі былі і ёсць у прафесіяналах. У Свіслачы кожны можа прайграць. Прайгралі і нашы. Але як?

Жаночы "Белтэрміз" у двух першых сэтах быў слабейшы аднолькава — 15:25, 15:25. У складзе свіслацкай каманды выявіліся ажно тры забіўныя нападаючыя, і заблакіраваць іх атакі ў нас не было каму. Наталля Абрамчык, асноўны "блакіроўшчык", атрымала траўму на трэніроўцы, у Свіслач не паехала. Дзятлаўчанкам давялося перайначыць расстаноўку, што, вядома, не ў плюс. Свіслач дамінавала і панавала на пляцоўцы.

Святло ў беспрасвецці для нас успыхнула ў трэцяй партыі. I ўспыхнула асляпляльнай маланкай. Выйшла падаваць Алена Пяцэвіч. Знайшла слабую зону на палове саперніц і падала туды запар восем (!) эйсаў — восем мячоу без прыёму. Потым яшчэ два — з нашаю даігроўкаю. 10:0 павёў"Белтэрміз". Саперніцы наладзілі адпор, шмат адыгралі, але не ўсё. Нашы перамаглі ў сэце 25:20.

I ў наступнай, чацвёртай, партыі ініцыятывай валодаў "Белтэрміз". Нашы дзяўчаты па ходу партыі апераджалі саперніц на 2-3 ачкі. Свіслач дагнала пад самы фініш партыі — на ліку 23:23. Чарговае ачко і права на сэт-бол для свіслацкай каманды... выйграў мясцовы арбітр матча: выглядзеў мінімальную памылку ў расстаноўцы дзятлаўскіх валейбалістак па зонах. Магчыма, была памылка. Магчыма, не была. Ні пацвердзіць яе, ні абвергнуць. Спрэчная сітуацыя. Бясспрэчна іншае: аб'ектыўны і кваліфікаваны суддзя такую памылку ў вырашальны момант сэта і матча не судзіў бы. Гаспадыні пляцоўкі скарысталіся з разгубленасці госцяў, падалі і выйгралі кантрольны мяч. 25:23 — на карысць Свіслачы ў чацвёртай партыі і 3:1 — па сэтах.

Зусім верагодна, што моцная каманда Свіслачы без дапамогі арбітра выиграла б пятую партыю і здабыла прыгожую валявую перамогу. 3 дапамогаю суддзі перамога атрымалася непрыгожая.

А вось у матчы мужчынскіх каманд Свіслачы і дзятлаўскага "Белтэлекама" пяты сэт быў згуляны. Першы выйгралі гаспадары — 25:21. У другім госці адыграліся —16:25. Зноў гаспадары выйшлі наперад — 25:22. Зноў госці адыграліся — 21:25. Пяты і апошні, паводле чаргі, выйгралі гаспадары — 15:8.

Першае паражэнне дзятлаўскага "Белтэлекама" ў чэмпіянаце. Яно, аднак, прагназавалася. У папярэднім, дамашнім, матчы супраць Смаргоні дзятлаўчане зведалі многа праблем і перамогу вырвалі ў цэйтноце пятай партыі. У Свіслачы такое не ўдалося. Дзятлаўчане многа памыляліся на сваей падачы. I грашылі недакладным прыёмам чужой. 3-за чаго рэдка ўдаваліся атакі першым тэмпам. Не заўсёды паспявалі на блок. Свіслач, якая збірае свой лепшы склад на дамашнія матчы, скарысталася з чужых памылак. Дома яна, увогуле, не прайграе. Прайграла абодва матчы ў гасцях — у Навагрудку і Смаргоні. Будзем чакаць Свіслач у Дзятлаве 9 красавіка (па календары чэмпіянату). А бліжэйшы матч "Белтэлекам" павінен згуляць у Навагрудку 27 сакавіка.

Б. ВАРНА.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/