СУСТРЭЛІСЯ ВЕТЭРАНЫ АГРАПРАМЫСЛОВАЙ ГАЛІНЫ



Традыцыйнымі сталі сустрэчы ветэранаў сельскагаспадарчай галіны раёна ў Дзень пажылых людзей. Так, у гэтым годзе з ініцыятывы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу на сустрэчу сабраліся 25 ветэранаў аграрнай галіны. Гэта былыя работнікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі, кіраўнікі, спецыялісты і радавыя работнікі сельскагаспадарчых арганізацый раёна.

На пачатку ўрачыстага мерапрыемства да ветэранаў звярнуўся начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Гросс. Ён расказаў прысутным аб бягучых справах у сельскай гаспадарцы раёна, падзякаваў ветэранам за самаадданую працу і выслухаў іх меркаванні і прапановы па розных пытаннях.

Затым дэлегацыя наведала адасобленае структурнае прадпрыемства "Дзятлаўскі вінна-гарэлачны завод" і СВК "Хвінявічы", пазнаёмілася з іх работай. Госці змаглі наглядна ўпэўніцца ў тых станоўчых пераменах, якія адбыліса за апошнія гады на гэтых прадпрыемствах. Праведзена тэхналагічнае перааснашчэнне і капітальны ремонт некаторых памяшканняў Дзятлаўскага вінна-гарэлачнага завода, значна абноўлены асартымент выпускаемай прадукцыі, многія віды якой атрымалі залатыя і сярэбраныя медалі рэспубліканскіх конкурсаў на лепшы прадукт года.

Абнавіўся і стаў прыгажэйшым аграгарадок Хвінявічы, які ў 2014 годзе прымаў раённыя "Дажынкі". Капітальна адрамантаваны будынак Хвінявіцкай сярэдняй школы, Дома культуры, амбулаторыі, іншых аб'ектаў сацыяльнай сферы, уведзены ў строй малочнатаварны комплекс, праведзена добраўпарадкаванне падведамасных тэрыторый.

Ветэраны, за плячыма якіх доўгія гады няпростай прафесійнай дзейнасці, падзяліліся сваімі ўражаннямі ад убачанага, успомнілі былое, пагутарылі, атрымалі шмат станоўчых эмоцый, а таксама падарункі ад спонсараў.

У. КАЗАК, старшыня Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/