СУСТРЭЧА НЕБА НА ЗЯМЛІ



15 лютага праваслаўныя вернікі адзначылі свята Стрэчанне Гасподне. На працягу ўсяго тыдня Царква ў сваіх малітоўных тэкстах славіць гэтую ўрачыстую падзею.

Пра свята Стрэчанне Гасподне мы ўпершыню даведваемся з Евангельскага аповеду паводле Лукі. Святы апостал і евангеліст сведчыць, што пасля таго, як мінулі 40 дзён з моманту нараджэння Ісуса Хрыста, Найсвяцейшая Дзева Марыя разам са святым Іосіфам прынеслі немаўля з Віфліема ў храм Божы Іерусаліма. Зроблена гэта было згодна з законам, які патрабаваў: “Калі жанчына зачне і народзіць немаўля мужчынскага полу, дык яна нячыстая будзе сем дзён;… на восьмы дзень абрэжацца крайняя плоць ягоная; і 33 дні павінна яна сядзець, ачышчаючыся…; ні да чаго свяшчэннага не павінна дакранацца і да свяцілішча не павінна падыходзіць, пакуль не мінуцца дні ачышчэння яе.

Пасля заканчэння дзён ачышчэння свайго… яна павінна прынесці гадавалае ягня на цэласпаленне і маладога голуба альбо галубку ў ахвяру за грэх. Калі яна не можа прынесці ягня, дык няхай возьме дзве галубкі або двух маладых голубаў, аднаго на целаспаленне, а другога – у ахвяру за грэх, і ачысціць яе святар, і яна будзе чыстая” (Лев. 12:2-4,6,8).

З сабой Найсвяцейшая Багародзіца прынесла дзве галубкі і двух птушанят. Так, нагадаю, патрабаваў звычай. Сама Прачыстая не мела патрэбы ў ачышчэнні, але паколькі таго патрабаваў закон, яна пакорліва і цярпліва падпарадкавалася яму.

Кожны момант падзеі Стрэчання Гасподня аднолькава важны і заслугоўвае ўвагі. У ім няма старонніх асобаў. Багародзіца прыносіць і аддае ў рукі архірэя Сына Божага, архірэй яго прымае. Старац Сімяон "муж праведны і набожны, які чакае суцяшэння Ізраілева" прарочыць, а 84-гадовая ўдава Ганна ўсхваляе таго, хто даў усяму жыццё і цяпер безабаронна ляжыць на руках сваёй Маці. Усе іншыя назіраюць за цудоўным з'яўленнем Выратавальніка ў храм Айца Нябеснага.

Прыняўшы немаўля на рукі, старац благаславіў Бога і сказаў словы, якія сталі гімнам вячэрняга богаслужэння: "Ныне отпущаеши раба Твоего, Владыко, по глаголу Твоему с миром; яко видеста очи мои спасение Твое, еже еси уготовал пред лицем Твоим, свет во откровение языков и славу людей Твоих Израиля" (Лк.2,29-32). Гэтымі словамі малітвы праведны старац выказаў вялікую падзяку за тое, што нарэшце прароцтва аб прышэсці Месіі здзейснілася, і першаму, каму давялося спазнаць гэта, быў ён, старац Сімяон. Цяпер смерць для праведнага Сімяона была нястрашная, бо на ўласныя вочы яму давялося бачыць таго, аб кім шмат стагоддзяў казалі старазапаветныя прарокі.

Напачатку Стрэчанне Гасподне не было паўсюдным і ўрачыстым святам. Указ аб яго ўсеагульным святкаванні на тэрыторыі Візантыйскай імперыі быў выдадзены імператарам Юстыніянам Вялікім толькі ў 542 годзе. Нагодай для гэтага паслужыў моцны мор на працягу трох месяцаў, ад якога штодзённа паміралі да 10 тысяч чалавек, і страшнае землятрасенне, якое адбылося ў Антыохіі. Гэты горад лічыўся сталіцай Сірыі, куды прыходзілі хрысціяне з усяго свету.

Ад пагібелі людзей выратавала адкрыццё, паказанае аднаму набожнаму чалавеку. Неадкладна былі праведзены хрэсныя хады, сталі здзяйсняцца Усяночныя, святочныя Літургіі. З божай дапамогай, па малітвах Прачыстай Багародзіцы бедствы спыніліся. Само свята неўзабаве ўвайшло ў лік дванаццаці найбольш важных царкоўных урачыстасцяў.

Свята, якое атрымала назву Стрэчанне Гасподне паходзіць ад славянскага слова "сустрэча". Якім чынам у нашым жыцці, поўным мітусні, граху, несправядлівасці, можна сустрэць Хрыста? Абвяргаючы зло, стаўшы крышачку дабрэйшымі адзін да аднаго, жывучы паўнавартасным царкоўным жыццём.

Праведныя Сімяон і Ганна не на вуліцы сустрэлі Хрыста, не за паўсядзённымі клопатамі. Яны прынялі Хрыста ў храме, праводзячы правільна і набожна сваё жыццё. Напэўна, гэта і будзе яскравым доказам на пачатковым этапе няверуючаму чалавеку: чаму неабходна хадзіць у царкву, жыць па-хрысціянску.
Не будзем чакаць старасці, апраўдваючы сябе недахопам на ўсё часу, каб прыйсці да Хрыста. Пачнём прыкладваць для гэтага свае намаганні цяпер, каб чыстым сэрцам і беззаганнай душой сустрэць аднойчы таго, у кім сэнс нашага кароткага жыцця.

І. ЗІНЧАНКА, бакалаўр багаслоўя

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/