Стой! Напружанне!



Можна многа і часта гаварыць аб тым, што нельга дакранацца да аголеных правадоў, пранікаць туды, дзе вісяць знакі электрабяспекі (стрэлка ўнутры трохкутніка) і плакаты бяспекі "Стой! Напружанне!", "Не ўлазь — заб'е!". Аднак некаторыя грамадзяне забываюць, што з "бяскрыўднай" электрычнасцю неаб ходна абыходзіцца асцярожна, бо прыйдзецца расплачвацца сваім здароўем, а, можа, і жыццём. Часта адбываюцца няшчасныя выпадкі пры спробах пранікнення ўнутр энергетычных аб'ектаў з мэтай крадзяжу каляровых металаў.

Так, у рэанімацыю гарадской бальніцы з электратраўмай галавы быў дастаўлены жыхар г. Століна, 1981 года нараджэння. Траўма была атрымана ў выніку пранікнення ў высакавольтны адсек і набліжэння на недапушчальную адлегласць да токавядучых частак.

У рэанімацыю Барысаўскага ТМА бьіў дастаўлены навучэнец ПТВ, які трапіў пад напружанне на КТП пры спробе крадзяжу каляровых металаў. У той жа дзень у г.п. Багушэўск Віцебскай вобласці мужчына, 1972 года нараджэння, узламаў размеркавальнае ўстройства 10 кВ, з дапамогай слясарнага інструмента адкрыў крышку адсека зборных шын, наблізіўся на недапушчальную адлегласць да токавядучых частак, якія знаходзіліся пад напружаннем, і быў смяротна паражоны электрычным токам.

У маі вучань 8 класа сярэдняй школы ў Жлобінскім раёне, верагодна з-за цікаўнасці, трапіў у размеркавальнае ўстройства 10 кВ трансфарматарнай падстанцыі. Пры набліжэнні на недапушчальную адлегласць да токавядучых частак пад дзеяннем электрычнай дугі атрымаў апёкі галавы і твару 2, 4 ступені.

Такія выпадкі, на жаль, не адзінкавыя. Асноўная прычына гэтаму — слабыя веды аб небяспецы электрычнага тока, а часта і грэбаванне небяспекай.

Каб не дапусціць такіх няшчасных выпадкаў, неабходна памятаць, што дакрананне да адкрытых токавядучых частак, а таксама набліжэнне да іх на недапушчальную адлегласць небяспечныя для жыцця.

Інспекцыя энерганагляду заклікае ўсіх грамадзян захоўваць асаблівую асцярожнасць на тэрыторыі ліній электраперадач і іншых энергетычных аб'ектаў.

В. КАСЦЮКЕВІЧ, інспектар Дзятлаўскай раённай энергаінспекцыі.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/