СТАРЭЙШАЕ ВНУ БЕЛАРУСІ ЗАПРАШАЕ НА ВУЧОБУ



Многія спецыялісты сельскагаспадарчых і вытворчых прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь атрымалі прафесійную адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай Акадэміі, якой спаўняецца 173 гады з дня адкрыцця.

Спрадвеку чалавецтва спрабавала ўтаймаваць стыхію вады, палепшыць водны рэжым глебы, павялічыць плошчы прыдатных для земляробства тэрыторый. Без спецыялістаў, здольных вырашаць складаныя задачы кіравання водным рэжымам, інтэнсіўнае развіццё земляробства было б немагчымым.
Таму не выпадкова ў Горы-Горацкім земляробчым інстытуце 15 снежня 1919 года быў адкрыты інжынерна-меліярацыйны факультэт, які ў наш час носіць назву меліярацыйна-будаўнічы.

Факультэт рыхтуе спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для аграпрамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь па дзвюх спецыяльнасцях "Меліярацыя і водная гаспадарка" і "Сельскае будаўніцтва і ўладкаванне тэрыторый", якім прысвойваецца кваліфікацыя -- інжынер. Па гэтых спецыяльнасцях адкрыта таксама падрыхтоўка па скарочанай (3,5 года) праграме на аснове сярэдняй спецыяльнай адукацыі (НІСПА – неперарыўная інтэграваная сістэма прафесійнай адукацыі). Спецыялісты гэтых кваліфікацый запатрабаваны праектнымі і навукова-даследчымі інстытутамі, будаўнічымі і эксплуатацыйнымі арганізацыямі Дэпартамента па меліярацыі і воднай гаспадарцы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Яны паспяхова працуюць у арганізацыях дзяржаўнага нагляду і аховы навакольнага асяроддзя, выконваюць работу, звязаную з рэканструкцыяй і эксплуатацыяй гідрамеліярацыйных сістэм, планіроўкай, забудовай і добраўпарадкаваннем сельскіх пунктаў - праектаваннем, будаўніцтвам і эксплуатацыяй грамадзянскіх і сельскагаспадарчых будынкаў і збудаванняў, унутрыгаспадарчых інжынерных камунікацый і сістэм водазабеспячэння, аўтамабільных дарог мясцовага значэння.

Асновы тэарэтычных і прафесійных ведаў студэнты абедзвюх спецыяльнасцяў атрымліваюць, вывучаючы фундаментальныя агульнаінжынерныя і спецыяльныя дысцыпліны, а таксама ў час навучальных і вытворчых практык. Вытворчыя арганізацыі Дэпартамента па меліярацыі і воднай гаспадарцы праяўляюць вялікую зацікаўленасць у прафесійным станаўленні будучых спецыялістаў. Гэта дазваляе арганізоўваць практычнае навучанне, курсавое і дыпломнае праектаванне ў перадавых прадпрыемствах, на базе якіх створаны філіялы кафедраў на вытворчасці, забяспечваючы тым самым паслядоўнае прафесійнае станаўленне.

Вытворчую практыку студэнты факультэта праходзяць на ўнікальных сістэмах рэканструкцыі Аўгустоўскага канала, аб'ектах рэкультывацыі зямель, забруджаных нафтапрадуктамі ў Рэспубліцы Комі, а таксама ў краінах далёкага замежжа. Навучальна-выхаваўчы працэс на факультэце праводзіцца па інавацыйнай модульна-рэйтынгавай тэхналогіі, якая гарантуе студэнтам планамернае і ўстойлівае назапашванне ведаў, паспяховую здачу залікаў і іспытаў, прадугледжаных вучэбнымі планамі і праграмамі.

Меліярацыйна-будаўнічы факультэт размешчаны ў асобным навучальна-лабараторным корпусе. Лекцыйныя аўдыторыі, навучальныя кабінеты і лабараторыі абсталяваны сучасным спецыялізаваным абсталяваннем, прыборамі і камп'ютарнай тэхнікай. На факультэце навучаецца 500 студэнтаў. На пяці кафедрах працуюць 3 дактары навук і прафесары, 21 кандыдат навук і дацэнт. Гонарам факультэта з'яўляецца эксперыментальны навучальна-арашальны комплекс "Тушкава-1", размешчаны на вопытным полі акадэміі і абсталяваны новай меліярацыйнай тэхнікай, аналагаў якой няма ў Беларусі і ў краінах СНД, на базе якога створаны цэнтр практычнага навучання студэнтаў і перападрыхтоўкі кадраў.

Стала добрай традыцыяй правядзенне па ініцыятыве і на базе факультэта штогадовага міжнароднага конкурсу па спецыяльнасці "Меліярацыя і водная гаспадарка". У ім бяруць удзел студэнты меліярацыйных факультэтаў навучальных установаў Масквы, Валгаграда, Роўна, Брэста, Саратава і іншых гарадоў.

На факультэце функцыянуе магістратура і аспірантура, што дае магчымасць найбольш адораным маладым людзям займацца навукова-даследчай работай, абараняць дысертацыі і зрабіць кар'еру ў навукова-педагагічнай дзейнасці.

Студэнтам факультэта, якія паспяхова навучаюцца і актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці, прадастаўляецца добраўпарадкаваны інтэрнат, дзе маецца адпаведная побытавая, сацыяльна-культурная інфраструктура. У вольны ад заняткаў час студэнты маюць магчымасць займацца ў гуртках і клубах па інтарэсах, мастацкай самадзейнасцю, фізічнай культурай і спортам, для гэтага ёсць дзве спартыўныя залы і плавальны басейн. Усё гэта дае магчымасць студэнтам развівацца гарманічна і ўсебакова.

Высокі ўзровень сацыяльна-гуманітарнай адукацыі і інжынерна-тэхнічнай кампетэнтнасці даюць магчымасць спецыялістам меліярацыйна-будаўнічага профілю свабодна арыентавацца ў грамадска-палітычнай і гаспадарча-эканамічнай сферах дзейнасці, умела вызначаць пэўныя мэты, задачы і прыярытэты інавацыйнага развіцця.

Паступіўшы на меліярацыйна-будаўнічы факультэт, ВЫ адкрыеце для сябе перспектывы прафесійнага станаўлення, узбагаціце свой кругагляд ведамі і ўменнямі, якія не дадуць згубіцца ў імклівых тэндэнцыях развіцця сучаснай навукі і меліярацыйна-будаўнічай вытворчасці.

Усю неабходную інфармацыю аб правілах паступлення можна знайсці на сайце акадэміі http://www.baa.by ці па тэлефоне 8(02233)7-97-31 (прыёмная камісія). Інфармацыю пра накіраванне на вучобу можна атрымаць у генеральнага дырэктара АУП "Гроднамеліявадгас" па тэлефоне 8(0152)77-29-11.

Б. БАГДАНЕЦ, генеральны дырэктар АУП "Гроднамеліявадгас";
В. ВАСІЛЬЕЎ, загадчык кафедрай будаўніцтва і эксплуатацыі гідрамеліярацыйных сістэмаў

____________________________________________________________________________________________
Охрана любого объекта более эффективна, когда она осуществляется профессионалами. Профессиональной охраной занимаются ЧОП. Частное охранное предприятие полностью обеспечит безопасность вашего имущества, а также жизни и здоровья персонала. С ЧОП охрана объекта станет надежнее.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/