Старасць не радасць



Ты яшчэ жывая?!

На заснежанай аўтастанцыі ў Дзятлаве спыніўся аўтобус Навагрудак — Гродна. Дзьмуў вецер, круціла мяцеліца. Пасажыры, выйшаўшы з салона, паднімалі капюшоны куртак, затуляліся каўнярамі. Тыя, што збіраліся ехаць у Гродна, ужо з білетамі, хацелі хутчэй трапіць у цяпло і з нецярпеннем чакалі, калі выйдзе апошні пасажыр. Раптам на ўсю аўтастанцыю раздаўся зычны кабечы голас:

—Каваліха, ты яшчэ жывая?! Я думала, ужо даўно ў зямлі косці парыш. А ты жывая і па-ранейшаму п’яная, — жанчына з вялікім здзіўленнем пазірала на маленькую худзенькую бабульку гадоў пад восемдзесят. Тая толькі што выйшла з аўтобуса і, абапіраючыся на палку, відаць выбраную з абрэзкаў, пахіствалася на слабых нагах. Бабулька была пад немалым градусам, і вочы яе акантоўвалі цёмна-сінія цені, акурат як у спявачкі Жанны Агузаравай. Толькі ў Агузаравай яны былі намаляваныя, а ў бабулькі зробленыя нечым дужым кулаком.

—Завязі мяне да гартопу, — прычапілася бабулька да вадзіцеля, які таксама выйшаў з аўтобуса, каб падпісаць у дыспетчара дакумент.
—Да якога табе гартопу? Я ў Гродна еду.

Знаёмая, што была так здзіўлена сустрэчай са старэнькай, пашылася ў аўтобус і ўжо, відаць, забылася пра няшчасную Каваліху.
—Мне да гартопу трэба, — казала ўсім бабулька і ківалася ўзад-уперад, бо выпусціла з рук палку.
—Да таго гартопу добрыя тры кіламетры. Як жа яна дойдзе? Замерзне дзе ў снезе, або машына якая задушыць, — спачувалі людзі.
—Залазьце ў аўтобус, бабка, — паклікаў яе малады чалавек інтэлігентнага выгляду. — Ён жа якраз будзе ісці каля гартопу, я папрашу вадзіцеля, каб вас падвёз. Не бачу тут ніякай праблемы.

Была праблема ці не, я не ведаю, бо падышоў мой аўтобус на Слонім. Ужо заходзячы ў яго, убачыла, што і старая Каваліха, якая, нягледзячы ні на што, дзякуй Богу, жывая, таксама пашылася ў салон. Думаю, што па просьбе таго маладога чалавека вадзіцель пашкадаваў яе, не выгнаў на мяцеліцу...

Бяда за бядой

На адным з восеньскіх прыпынкаў у наш аўтобус ледзь усчарэпкалася другая старэнькая, якая адразу ж паскардзілася вадзіцелю:
—Ой, як жа мне бок баліць! Упала я...
—Мяне, бабуля, не цікавіць твой бок. Давай грошы на білет, і паедзем далей.

Старэнькая, сеўшы, доўга калупалася ў кашальку, набіраючы патрэбную суму, а потым вытрасла ў жменю ўсё, што там было, і працягнула вадзіцелю:
—Бярыце, колькі трэба, бо я ўжо заблыталася, лічачы.

Ён узяў, колькі трэба, астатняе разам з білетам аддаў назад.
—Ото ж мне бок баліць, — зноў пачала жаліцца яна ўжо пасажырам. — Вядома ж, боты слізкія...
Пасажыры маўчалі, думаючы пра сваё. Але бабульцы вельмі трэба было пагаварыць, каб яе выслухалі, падтрымалі, паспачувалі ёй.

—То абулі б другія, якія не слізкія, — кажу са спачуваннем, гледзячы на яе недарэчны абутак.
—І другія такія, — скардзіцца яна. — Маю дзве пары прашчаек, і абедзве старыя ды парваныя. Купіць няма за што, бо пенсія малая. Вазіла во сястры ў вёску лекі, захварэла яна. Пенсію яшчэ меншую атрымлівае за мяне. Як будзеш грошы за лекі браць? Я адна жыву і яна адна. Няма каму паклапаціцца. А тут брыкет закончыўся, бо хвароба апанавала. Бяда за бядою...

Я слухала яе, і мне чамусьці было няёмка за сваё цёплае футра, боты. Нейкую віну адчула, што жывуць яны так бедна, нашы многія старыя людзі, хаця ў чым мая віна, сказаць не магу...

У цябе ніхто не пытае!

Назад ехала ў прасторным чыстым аўтобусе, які зрабіў бы гонар нават сталіцы, не тое што Слоніму. Аўтобус прыгарадны — Слонім — Ліда, таму пасажыры, пераважна людзі вясковыя, што прыязджалі ў горад па розных сваіх патрэбах. На пярэдніх сядзеннях уладкаваліся дзве яшчэ жвавыя сімпатычныя бабулькі, паставіўшы на калені цяжкія сумкі. Відаць, адной і другой ад аўтобуснага прыпынку ісці было далёка, і яны надта ж клапаціліся, як па такой заснежанай зімовай дарозе данясуць дадому сваю паклажу.

—Паслухай, можа, мы шафёра папросім і ён спыніцца каля майго дома, а потым і ля твайго? — прапанавала адна.
—Давядзецца папрасіць, калі паслухае, — падтрымала яе сяброўка.
—Го, яшчэ чаго! — абазваўся чырванашчокі дзядок, што сядзеў ззаду ў бабуль. — Калі шафёр будзе спыняцца каля кожнай хаты, то ён да вечара ў Ліду не даедзе. Трэба было дома сядзець такім вятрыскам, а не ў горад перціся.
—А ў цябе ніхто не пытае! — адрэзала яму адна з бабулек. — Не ў цябе ж будзем прасіць ласкі, а ў яго.
—Ага, — абурылася і другая. — Ён тут камандуе. Маеш сваё мнення, то і трымай пры сабе. Паняў?

Дзядок прыціх і больш не спрачаўся.
Калі ўехалі ў вёску, дзе жылі бабулі, адна з іх устала з сядзення і падышла да вадзіцеля:
—Галубок, міленькі, стань мне вунь ля той хаты, — і паказала рукой у акно. — Надта ж цяжкая сумка ў мяне...

Вадзіцель і праўда прыпыніўся, і бабулька, падзякаваўшы, выйшла з аўтобуса.
А хвілін колькі і другая старэнькая падышла да яго з такой жа просьбай. І ён спыніўся, спакойна пачакаў, пакуль бабулька чарэпкалася па сходках.
—Дай табе Божа здароўя, добры чалавек, і дзеткам тваім, — сардэчна пажадала на развітанне. — А ты казаў — не стане! — не ўстрымалася, каб не ўпікнуць чырванашчокага дзядка.

Комментарии

Очень

Очень интересные истории, житейские. Жаль что грустные такие...

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/