СТАН, ПРАБЛЕМЫ І ШЛЯХІ ПАВЫШЭННЯ ЯКАСЦІ АДУКАЦЫІ Ў РАЁНЕ Ў 2013 - 2014 НАВУЧАЛЬНЫМ ГОДЗЕ



Такой была тэма сёлетняй жнівеньскай нарады педагогаў раёна, якая 22 жніўня ў актавай зале раённага Дома культуры сабрала работнікаў сістэмы адукацыі Дзятлаўшчыны, прадстаўнікоў выканаўчай і распарадчай улады раёна. На пасяджэнні таксама прысутнічалі І. І. Крахмальчык, старшыня Дзятлаўскага райвыканкама, Н. У. Нячаева, метадыст дзяржаўнай установы адукацыі "Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі".

На пачатку нарады настаўнікі павіталі маладых спецыялістаў, якіх сёлета на Дзятлаўшчыну прыехала толькі чатыры чалавекі, паабяцалі акружыць іх увагай і падтрымкай.

З тэматычным дакладам выступіў І. С. Кухарэвіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама. Ён зазначыў, што з мэтай забеспячэння паўнаты прадастаўлення адукацыйных паслугаў, стварэння ўмоваў для забеспячэння адукацыйных запытаў вучняў у раёне закрытыя Яварская СШ, Сачыўлянскі дзіцячы сад. Белагурнаўскі дзіцячы сад-базавая школа рэарганізавана ў дзіцячы сад-пачатковую школу, Горкаўскі дзіцячы сад базавая школа -- у базавую школу, Гезгалаўская гімназія -- у сярэднюю шкоу, Міроўшчынскі вучэбна-вытворчы камбінат -- не праводзіць набору навучэнцаў. Гэта звязана з кепскай напаўняльнасцю класаў, асабліва старэйшых. Ігар Станіслававіч расказаў аб найбольш характэрных праблемах, якія хвалююць педагогаў нашага раёна і патрабуюць ад іх асаблівай увагі ў новым навучальным годзе. Падвёў вынікі выступлення вучняў на алімпіядах і конкурсах, цэнтралізаванага тэсціравання, паступлення выпускнікоў раёна ў вышэйшыя і сярэднеспецыяльныя ўстановы адукацыі нашай краіны.

Расказаў пра здароўе і харчаванне школьнікаў.

Вопытам работы і творчымі напрацоўкамі з калегамі падзяліліся педагогі раёна: А. І. Лазоўская, загадчыца яслі-сада №1 г. Дзятлава, Л. М. Канавалік, дырэктар Раготнаўскага д/с-СШ, А. В. Баковіч, настаўніца Наваельнянскай СШ, Т. П. Ваніслаўчык, дырэктар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г. Дзятлава, а таксама Д. К. Іода, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму. Творчую прэзентацыю выхаваўчай сістэмы Вензавецкай сярэдняй школы прадставілі ўдзельнікам нарады дырэктар школы Г. І. Франюк, педагогі, вучні.

Н. У. Нячаева, метадыст "Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі" павіншавала педагогаў Дзятлаўшчыны з пачаткам новага навучальнага года, пажадала ім творчай працы, плёну ва ўсіх пачынаннях, прафесіяналізму і поспехаў. Наталля Уладзіміраўна ўручыла лепшым работнікам сістэмы адукацыі раёна Ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.

Старшыня Дзятлаўскага райвыканкама І. І. Крахмальчык пажадаў педагогам Дзятлаўшчыны выніковай працы ў новым навучальным годзе. Ён узгадаў пра поспехі вучняў на раённых, абласных, рэспубліканскіх алімпіядах і конкурсах. Сярод задач на новы навучальны год назваў: актывізацыю работы з адоранымі вучнямі, павышэнне узроўню ведаў школьнікаў па фізіцы і матэматыцы, узмацненне работы па прафарыентацыі падрастаючага пакалення.

Зазначыў, што калектывы сёлета пастараліся, рыхтуючы навучальныя ўстановы да заняткаў. Грунтоўнай назваў работу па падрыхтоўцы, праведзеную ў Наваельнянскай школе, СШ №1 г. Дзятлава, Вензавецкім, Круцілавіцкім, Раготнаўскім, Раклевіцкім д/с-СШ, яслі-садах №1 і №2 г. Дзятлава. Старшыня райвыканкама ўручыў настаўнікам граматы Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта і Падзячныя пісьмы раённага Савета дэпутатаў.
Граматы раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму лепшым работнікам уручыў І. С. Кухарэвіч.

Пасля прыняцця рэзалюцыі, прысутных чакаў святочны канцэрт.

І. КАЎКЕЛЬ
Фота В. АЛЯХНОВІЧА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/