СПЯВАЮЦЬ "ПРЫМАКІ"



Адной з творчых візітак горада Дзятлава з'яўляецца народны тэатр-студыя гульні "Прымакі".

Звонкія галасы выканаўцаў, народный песні і жарты, найгрышы баяна і акардэона, гульні - усё гэта разам стварае непауторны мастацкі малюнак, дорыць гледачам добры настрой.

Цяпёр народным калектывам кіруе Таццяна Генадзьеўна Янушкевіч, метадыст раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Сустрэўшыся з ёю, карэспандэнтка газеты "Перамога" пацікавілася гісторыяй стварэння і цяперашняй творчай дзейнасцю калектыву, які яна ўзначальвае.

— Гурт быў створаны ў 1990 годзе. Яго заснавальнікам з'яўляецца тагачасны дырэктар раённага метадычнага цэнтра Ларыса Вікенцьеўна Панфіловіч. Ля вытокаў калектыву стаіць і Тамара Андрэеўна Ступак, якая і сёння спявае ў "Прымаках".

Першапачаткова калектыў быў толькі мужчынскім, адсюль і адпаведная назва. Яна абыгрываецца і ў візітнай “прымацкай” песні гурта. А, увогуле, рэпертуар калектыву складаюць беларускія народныя песні, гульні і забавы, абрады. Менавіта таму “Прымакі" і называюцца народным тэатрам-студыяй гульні. Гэтае званне гурт атрымаў у 2004 годзе.

— Таццяна Генадзьеўна, а колькі цяпер артыстаў спявае у "Прымаках"?
— Дзесяць. Віктар Віктаравіч Вішнарэўскі, Іван Альфонсавіч Пятраш, Мікалай Канстанцінавіч Палюшэвіч, Іван Леанідавіч Венскі ў калектыве з моманту яго стварэння. Андрэй Андрэевіч Добыш прыйшоў да нас нядаўна. Ен галоўная дзеючая асоба гульнёвых праграм.
Жаночая частка "Прымакоў" - гэта Тамара Андрэеўна Ступак, Святлана Рыгораўна Венская, Ірына Мечыславаўна Бакшук, Святлана Міхайлаўна Грос, Таццяна Мікалаеўна Кудзеля.

— Таццяна Генадзьеўна, зякога года вы з'яўляецеся кіраўніком "Прымакоў"?
— 3 2009 года. Я займаюся арганізатарскай дзейнасцю, пішу сцэнарыі праграм, падбіраю песні. А вось апрацоўка іх, аранжыроўка — у гэтым мне дапамагае Тамара Андрэеўна Ступак. А, увогуле, я знаёмая з творчасцю “Прымакоў" яшчэ з 1995 года, калі толькі прыйшла працаваць у раённы метадычны цэнтр народнай творчасці.

— Таццяна Генадзьеўна, раскажыце падрабязней пра рэпертуар калектыву.
— Мы спяваем беларускія народныя і аўтарскія песні, ёсць і аўтэнтычныя нумары. Абрадавая частка нашых праграм поўнасцю складзена на аснове традыцый нашага раёна.
Увогуле, мне, як чалавеку, які доўга працуе з фальклорам і якому гэта цікава, хочацца захаваць мясцовыя традыцыі ў любой форме. I таму цяпер калектыў “Прымакі” актыўна выступав з сюжэтна-абрадавымі, сюжэтна-гульнёвымі праграмамі, у якіх прысутнічаюць не толькі народныя песні, але і гульні, забавы.
Так, менавіта на мясцовым абрадзе мы падрыхтавалі абрадава-гульнёвую праграму “Ішла Каляда з вечара". Першая яе частка - непасрэдна калядны абрад, а другая - народныя гульні — з чыгункамі, з ручнікамі, з паясамі. Яны прысутнічаюць і ў іншых гульнёвых праграмах накшталт “Як мы з цешчай бульбачку капалі", “Як на здзецельскім кірмашы”. У час гульняў мы просім удзельнікаў паказаць, як правільна ставіць чыгунок ў печ, як у ім гатаваць куццю і гэтак далей. I ўсё гэта суправаджаецца бадзёрай музыкай.

— Ведаю, што "Прымакі" цесна супрацоўнічаюць з аддзелам ЗАГС райвыканкама, дапамагаюць правесці рэгістрацыю шлюбу ў народных традыцыях...
— Сапраўды так. У гэтым накірунку мы супрацоўнічаем з аддзелам ЗАГС райвыканкама каля чатырох гадоў. Спадзяёмся, што і сёлетні год не стане выключэннем.
Я не магу сказаць, што наша праграма поўнасцю аўтэнтычная, усё ж такі мы жывём у дваццаць першым стагоддзі, аднак яна напоўнена элементамі народнага вясельнага абраду. Ужо на ганку ЗАГСа мы вітаем маладых добрай песняй, як кажуць, “задаём настрой” урачыстасці.
Песняй мы зычым маладым дабрабыту і шчасця ў сям'і. Яе нараджэнне пачынаецца з чыстай сцяжынкі, якую сімвалізуе ручнік. На яго ў час вясельнага абраду становяцца маладыя.
Каб сям’я была моцнай, мы перавязваем адной стужкай рукі жаніха і нявесты. Кожная дзея абрада суправаджаецца адпаведнай песняй. Чырвонай ніткай праз усю праграму праходзіць песня "Многія лета". Адзначу і тое, што правесці абрад нам дапамагаюць і іншыя работнікі культуры - Ала Чарняўская і Анастасія Голуб.
Пасля завяршэння рэгістрацыі мы дорым маладажонам паясочак, каб у сям'і нарадзіліся дачушка і сыночак, апалонік - каб маладая была добрай гаспадыняй, памятку "Чакаем першынца".
Калі маладыя выходзяць з ЗАГСа, на ганку мы зноў жа спяваем ім песню, абсыпаем жытам - на доўгі век, на добры быт, на добрае здароўе і ўзаемнае каханне. Усяго гэтага мы жадаем маладажонам ад чыстага сэрца і вельмі хочам, каб нашы пажаданні спраўджваліся, каб у сем'ях заўжды панавалі згода, лад, каханне.

- Таццяна Генадзьеўна, выступление "Прымакоў" часта можна пабачыць на раённай сцэне. А ў якіх мерапрыемствах за межамі Дзятлаўшчыны прымаеце ўдзел?
- 3 сюжэтна-гульнёвымі праграмамі выязджаем у іншыя гарады. Некалькі гадоў таму абрадава-гульнёвую праграму мы паказвалі ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо. Летась мы ўдзельнічалі ў "Беларускім сувеніры" - рэспубліканскай выставе-кірмашы вырабаў народных рамёстваў, нацыянальнай сувенірнай прадукцыі і страваў беларускай кухні ў Мінску, у дзясятым рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у Гродне. У гэтым мерапрыемстве мы ўдзельнічалі ўжо некалькі разоў. Таксама летась мы паказвалі сваю праграму на занальным абласным конкурсе гульнёвых праграм "На сонечнай паляначцы", выступалі ў час абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі" ў Слоніме.

- А як сустракае публіка выступленні "Прымакоў"? Ці адрозніваецца ўспрыняцце вашай творчасці вясковымі і гарадскімі гледачамі?
- Ужо даўно заўважыла, што, калі мы выступаем у вялікім горадзе, тым жа Мінску, запрашаем гледачоў завітаць на наш здзецельскі падворак, яны з лёгкасцю пагаджаюцца, актыўна танцуюць з намі, удзельнічаюць у гульнях. Яны сапраўды адпачываюць. А вось гледачы ў Дзятлаве часцей за ўсё прыходзяць проста паглядзець праграму. Часам іх даводзіцца проста "выцягваць", каб яны паўдзельнічалі ў гульні, патанцавалі. Калі казаць пра вясковую публіку, то яна сустракае нас заўжды з радасцю. Там можна спяваць гадзінамі, і гледачам гэта ніколькі не надакучыць.

- А якія ў "Прымакоў" творчыя планы на бягучы год?
- Актыўна будзем працаваць над абрадава-гульнёвымі праграмамі гадавога цыклу. Старт у нас ужо ёсць. На пачатку года мы з каляднай праграмай выступілі ў Лявонавічах і Міроўшчыне. Летась "Прымакі" павіншавалі з Калядамі жыхароў Ахонава, Студзераўшчыны, Погіраў. У гэтых населеных пунктах ёсць народныя фальклорныя калектывы, захавальнікі шэрагу мясцовых традьщый. Пасля выступления мы падарылі ім дыскі з запісам іх уласных абрадавых і песенных выступленняў. Таксама ў мінулым годзе мы прынялі ўдзел у шэрагу святаў вёсак раёна.
Цяпер працуем над абрадава-гульнёвай праграмай “Ішлі-прыйшлі валачобнікі". Таксама рыхтуемся да абласнога агляду-конкурсу "Карнавал весялосці", які восенню пройдзе ў Воранаве. На мерапрыемстве мы пакажам сюжэтна-абрадавую праграму "Юр'е".

- Таццяна Генадзьеўна, на правах кіраўніка калектыву,чаго пажадаеце чытачам нашай газеты?
- Перш за ўсё - добрага здароўя і добрага настрою, каб заўжды яны атрымлівалі толькі прыемныя навіны і з бадзёрым настроем ішлі па жыцці.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/