СПАРТСМЕНКА, АКТЫВІСТКА, РАЗУМНІЦА І ПРОСТА ПРЫГАЖУНЯ



ІМЯ І ВЫХАВАННЕ -- АД БАЦЬКОЎ

Дасягнуць высокіх вынікаў адначасова ў вучобе, спорце і творчасці мараць многія, але ўдаецца гэта адзінкам. На мой погляд, ёсць шэраг якасцяў характару, якія дапамагаюць чалавеку дасягнуць поспеху: гэта ўпэўненасць у сваіх сілах, мэтанакіраванасць і імкненне рухацца наперад. Усе гэтыя якасці характэрны для адной з лепшых вучаніц сярэдняй школы №3 г. Дзятлава Дзіны Кургун.

Дзінай яе назвалі не выпадкова: бацькі яшчэ да нараджэння ведалі, якое імя будзе насіць іх доўгачаканая дачка. Дзіна -- скарочанае ад футбольнай каманды "Дынама", за якую пастаянна і актыўна хварэлі тата і мама. Дзяўчынка нарадзілася ў 1997 годзе, акурат тады, калі каманда выйграла Міжкантынентальны кубак.

З ранняга дзяцінства бацькі прывучалі яе да спорту. Тата часта браў з сабою на трэніроўкі. Дзякуючы бацьку, Дзіна захапілася футболам і валейболам. Акрамя таго, маладыя бацькі імкнуліся прывіваць дачцэ толькі станоўчыя якасці: дабрыню, чуласць, спагаду.

-- Мае тата і мама ніколі празмерна не апякалі і не песцілі мяне, хаця я -- адзінае дзіця ў сям'і, -- дзеліцца Дзіна, -- яны заўжды паважалі мяне і маё меркаванне. Для мяне яны не проста бацькі, а сапраўдныя сябры.

ДЗІНА І СПОРТ -- РАЗАМ НАЗАЎЖДЫ

-- Свайго першага сур'ёзнага выніку ў спорце я дасягнула 4 гады таму, калі аказалася ў ліку ўдзельнікаў рэспубліканскіх спаборніцтваў па пяцібор'і, -- узгадвае Дзіна. -- Менавіта тады я заняла 6 месца ў рэспубліцы.

Сёння Дзіна Кургун -- уладальніца каля 30 медалёў за ўдзел і перамогу ў спаборніцтвах па скачках у вышыню, штурханні ядра, настольным тэнісе, стральбе з пнеўматычнага пісталета. Яна неаднаразова ўдзельнічала ў абласных спаборніцтвах "Алімпійскія надзеі Беларусі". Дзіне выказана падзяка старшынёй Дзятлаўскага раённана выканаўчага камітэта І. І. Крахмальчыкам за поспехі ў рэспубліканскіх спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, за развіццё алімпіяднага руху.

-- Выбар маёй будучай прафесіі не звязаны са спортам, але я ўсё роўна буду ім займацца, -- гаворыць школьніца. -- Спорт -- гэта маё жыццё!

ПОСПЕХІ Ў ВУЧОБЕ

Дзіна заўжды вельмі адказна адносіцца да заняткаў -- і вынікі не прымусілі сябе доўга чакаць: яна мае дыплом другой ступені за поспехі ў раённай алімпіядзе па беларускай мове, дыплом другой ступені за ўдзел у раённай навукова-практычнай канферэнцыі "Юны даследчык". Вучаніцы выказана падзяка дырэктарам сярэдняй школы №3 г. Дзятлава І. З. Кібенем за поспехі ў навукова-практычнай канферэнцыі.

НА СЦЭНЕ І Ў ЖЫЦЦІ

Яе голас зачароўвае любога слухача, бо ў песні яна ўкладвае душу. Творчасць, спевы -- яшчэ адна вельмі важная частка яе жыцця. Тут таксама Дзіна дасягнула сур'ёзных поспехаў. Яна -- уладальніца дыплома другой ступені за ўдзел у раённым аглядзе-конкурсе калектываў самадзейнасці мастацкай творчасці, дыплома трэцяй ступені -- за ўдзел у абласным аглядзе-конкурсе калектываў самадзейнасці мастацкай творчасці.

Без Дзіны не абыходзіцца амаль не адно школьнае або гарадское мерапрыемства, будзь гэта канцэрт, фестываль ці конкурс. І вось ужо чым не можа пахваліцца амаль ніводная яе равесніца, дык гэта падзякай ад ваеннага камісара Дзятлаўскага райваенкамата за добрую страявую падрыхтоўку і ўмелае кіраўніцтва аддзяленнем у конкурсе "Агляд строю і песні" ў праграме ваенна-спартыўнай гульні "Зарніца".

-- Я бойкая, вясёлая, актыўная. З любым магу знайсці агульную мову, бо заўжды настроена на пазітыў, -- так сябе характарызуе Дзіна.

А я магу дадаць, што яна -- разумная, начытаная, ветлівая, энергічная дзяўчынка. Імя Дзіны -- уладальніцы больш за 40 дыпломаў і амаль 30 медалёў за ўдзел у розных навуковых, спартыўных, творчых мерапрыемствах -- несумненна будзе занесена ў кнігу самых таленавітых вучняў школы. Мне толькі застаецца пажадаць ёй поспехаў, творчага росту, крэатыўных ідэй, і каб усё ў яе абавязкова склалася, як задумана, бо Дзіна гэтага сапраўды дастойна!

С. УРБАН, кіраўнік гуртка "Юны журналіст" СШ №3 г. Дзятлава

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/