СПАЛЕНЫЯ ВЁСКІ ДЗЯТЛАЎШЧЫНЫ



На правым беразе Шчары сярод разгалістых хвой і беластволых бяроз раскінулася вёска Вялікая Воля. Жывуць тут добрыя, працавітыя людзі. І мала што напамінае аб мінулай вайне: вялікавольцы не любяць цяжкіх успамінаў. Але тры пахілыя, пацямнелыя ў часе крыжы напамінаюць аб страшэннай трагедыі, якая адбылася тут 16 снежня 1942 года.

У той дзень, калі немцы падышлі да Шчары і завязалі бой, жыхары Вялікай Волі з дзецьмі, жывёлай і хатнім скарбам падаліся ў Грабскі лес. Акрамя страху, даймалі холад і голад. Зіма. Снег яшчэ не выпаў, але моцны мароз скаваў зямлю. Запальваць вогнішчы баяліся. Увесь час над лесам гулі варожыя самалёты. Асабліва цяжка было тым, хто меў маленькіх дзяцей.

Дванаццатага снежня ў лес дайшла трывожная вестка: партызаны пакінулі Вялікую Волю, у вёску зайшлі немцы.

“Што ж будзе далей? -- гадалі вялікавольцы. – У вёску вяртацца боязна”. Некаторыя прапанавалі чакаць, пакуль немцы не выберуцца, не век жа яны будуць сядзець ў вёсцы.

Але неўзабаве прыйшла новая вестка, што гітлераўцы рыхтуюць аблаву і ўсіх, каго сустрэнуць, заб’юць.
Людзі не ведалі, што рабіць: падавацца ў вёску, ці заставацца ў лесе. Тым часам хлапчукі дазналіся, што немцаў у вёсцы няма. Вялікавольцы вырашылі вярнуцца дахаты. На світанні яны былі ў родных сценах.
Займалася раніца 16 снежня 1942 года. Суседзі раіліся ў хаце Івана Павачкі. Як быць, што рабіць далей? Адны прапаноўвалі застацца ў вёсцы, што ўжо будзе. Іншыя вагаліся: пакуль няма немцаў, вяртацца ў лес.
Васіль Ламака, старэйшы і паважаны чалавек, падвёў рысу сумненням: раздумваць і спрачацца няма чаго, пакуль не позна, трэба падавацца ў лес, перачакаць там некалькі дзён, а пасля будзе відаць, што рабіць.
З ім пагадзіліся, сталі разыходзіцца. Марыя Ламака зірнула ў акно і абамлела: вёску акружалі гітлераўцы. Фашысты ўрываліся ў хаты, выганялі людзей на вуліцу і пад канвоем гналі да царквы. Не пакінулі ні душы. Звалаклі з печы 109-гадовую Ганулю Чудзілоўскую. Старой не хапала сіл, каб ісці самой. Фашысты прымусілі Ігната Ламаку і Пятра Шалеснага несці яе на руках. Канстанцін Пузач быў вельмі хворы, які дзень не ўставаў з ложка, але і яго пацягнулі. Марыя Чудзілоўская хацела непрыкметна пакінуць у калысцы сваё дзіцё. Хітрык заўважылі салдаты, пачалі збіваць жанчыну.

Вяскоўцаў падзялілі на дзве групы. Адлічыўшы з паўтары сотні чалавек, карнікі загадалі ім стаяць на месцы, астатніх павялі праз шашу да гары, якую называлі Высокія Магліцы. Людзі жахнуліся: перад гарой былі ўстаноўліны тры кулямёты.

З даўніх часоў ля Высокіх Магліц бралі пясок. Тут утварыўся вялікі роў, на адхонах яго параслі бярозкі, сосны. Людзей пачалі заганяць у роў і класці ніцма адзін да аднаго. Урэшце свінцовы град секануў па людзях.

Калі карнікі аддзялілі частку людзей і павялі да Шчары, многія з надзеяй падумалі, што ім пашанцавала. Не разумелі, навошта карнікі раздвоілі натоўп. Аб лёсе вялікавольцаў, якіх пагналі да Шчары, у той момант ведаў, напэўна, толькі здраднік Валерый Жылінскі.

Другую групу вялікавольцаў пагналі ў Казённы лес. У той лес, куды яны збіраліся ўцякаць ад смерці. Хіба яны маглі думаць, што замест ратунку напаткаюць тут смерць. Каля невялікага пагорка фашысты спынілі калону.

Да вяскоўцаў наблізіліся восем салдат з вінтоўкамі. Моўчкі яны бралі з натоўпу па два мужчыны і вялі да ўзгорку, на якім раслі сосны. Праз некалькі хвілін там грымнулі стрэлы, пачуліся стогны людзей.

Адзін за другім гучалі залпы. Вылюдкі спачатку растрэльвалі мужчын і падлеткаў. Плакалі дзеці, галасілі жанчыны. Карнікі вярнуліся ў апусцелую вёску на адпачынак.

На другі дзень фашысты акружылі Малую Волю. Усё паўтарылася. Салдаты ўрываліся ў хаты і выкідалі людзей на вуліцу. Дарослым загадалі ўзяць рыдлёўкі. Малавольцы яшчэ не ведалі ўсёй трагедыі сваіх суседзяў, але прадчувалі нядобрае.

Па камандзе немца ў скураным паліто карнікі сталі дзяліць вяскоўцаў. На адзін бок – старых і малых, на другі -- дарослых. Старых з дзецьмі адпусцілі, а дарослых з рыдлёўкамі пад канвоем пагналі ў Казённы лес да таго месца, дзе была ўчынена ўчарашняя расправа.

Не даўшы апамятацца, карнікі аддзялілі мужчын ад жанчын. Мужчынам загадалі капаць вялікую яму. У каго не было рыдлёвак, тых салдаты прымусілі зносіць да ямы трупы. Жанчынам далі “лягчэйшую працу” – засыпаць яму з трупамі.

Калі жанчыны наблізіліся да першай ямы, яны жахнуліся: між акрываўленых трупаў варушыўся хлопчык 4-5 гадоў. Згледзеўшы людзей, ён хуценька прапоўз па трупах, устаў на ножкі і, блытаючыся ў доўгім, не па росту кажушку, патупаў да жанчын. Схамянуўшыся, яны навыперадкі кінуліся да хлопчыка, каб прытуліць яго, абагрэць, суцешыць…

“Вэк!” -- Пачуўся голас немца, правай рукой забойца пацягнуўся да кабуры. “Застрэліць!” -- спалохаліся жанчыны, яны разам кінуліся да карніка. “Паночак, дазвольце нам узяць хлопчыка да сябе. Ён жа маленькі, нічога не разумее. Дазвольце!” Кат узняў парабелум. Хлопчык стаяў на месцы і пазіраў шырока раскрытымі вочкамі то на карніка, то на жанчын. Грымнуў стрэл. Хлопчык, нібы лялька, кульнуўся ў снег.
Гітлераўскія каты баяліся жывымі пакінуць нават дзяцей, баяліся, што яны вырастуць і раскажуць свету пра іх крававыя злачынствы.

Адмяцеліла крывавая завіруха. У цяжкім змаганні савецкі народ здабыў перамогу над гітлераўскай Германіяй. Шмат гадоў мінула з той пары, калі прагрымелі апошнія залпы. Верасамі і багульнікам зараслі траншэі і бліндажы, партызанскія зямлянкі, забудаваліся папялішчы.

Але мы будзем памятаць тыя зверствы, якія нам прынесла гітлераўская Германія, тых жыхароў, якія былі расстраляны, тыя вёскі, якія былі спалены: Трахімавічы, Гарадкі, Дубраўка, Дубароўшчына, Чарлёнка, Вялікая Воля.

С. ЛАШКОЎСКІ, старшы навуковы супрацоўнік УК “Дзятлаўскі музей”.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/