СПАБОРНІЦТВЫ ДАПРЫЗЫЎНІКОЎ



Адбыліся раённыя спаборніцтвы па шматбор’і з комплексу “Абаронца Айчыны” хлопцаў дапрызыўнага ўзросту.

У спартыўнай зале дзятлаўскай СШ №3 і на гарадскім стадыёне ў трох відах спартыўных дысцыплін – стральбе, гімнастыцы, кросе на 3000 метраў – спаборнічалі чатыры дзясяткі хлопцаў з 14 школ раёна.

Найбольш паспяхова выступілі каманды дзятлаўскай СШ №3, Вензавецкай і Таркачоўскай школаў, якія занялі першыя месцы ў сваіх групах.
Другія месцы ў сваіх групах на рахунку Казлоўшчынскай, Хвінявіцкай і Жукоўшчынскай школаў. Трэцімі ў камандным заліку сталі Дзятлаўская і Гезгалаўская гімназіі, Лявонавіцкая школа.

У асабістым заліку абсалютна лепшы вынік паказаў вучань дзятлаўскай СШ №3 Дзмітрый Грыгілевіч (старэйшы ўзрост). Дзмітрый набраў суму ў 74 ачкі, вынікова выступіўшы ва ўсіх трох дысцыплінах (44 ачкі за стральбу, 21 – за гімнастыку, 9 – за крос).

А вось наступныя прызавыя месцы занялі прадстаўнікі малодшага ўзросту, значна апярэдзіўшы рэшту хлопцаў старэйшага ўзросту. На другім месцы – Віталь Глубокі з Хвінявіцкай школы. Віталь набраў 58 ачкоў (33 –стральба, 18 – гімнастыка, 7 – крос).

На трэцім месцы – Уладзіслаў Лашчэўскі з дзятлаўскай СШ №3. Ва Ўладзіслава 57 ачкоў (40 – стральба, 17 – гімнастыка, 0 – крос).

У прызёрах групы малодшага ўзросту і Павел Антончык (СШ №3) з сумай у 55 ачкоў (39 – стральба, 16 – гімнастыка, 0 – крос).

Залік па трох дысцыплінах яскрава засведчыў лідарства хлопцаў дзятлаўскай СШ №3. Акрамя ўжо названых Дзмітрыя Грыгілевіча, Уладзіслава Лашчэўскага, Паўла Антончыка, паспяхова выступілі Павел Мацюк (53 ачкі, 4 месца ў малодшым узросце), Арцём Каско (40 ачкоў, 10 месца ў малодшым узросце), Пётр Юржанка (34 ачкі, 14 месца ў малодшым узросце). Перавагу камандзе СШ №3 над сапернікамі дала відавочна лепшая стралковая падрыхтоўка: хлопцы занялі чатыры першыя месцы па выніках стральбы. Тым часам 23 чалавекі, а гэта больша за палову ад усіх удзельнікаў спаборніцтваў, не змаглі набраць больш за 10 ачкоў.

Найбольш роўную падрыхтоўку ўсе хлопцы паказалі ў гімнастыцы (падцягванне на перакладзіне). Лідарамі тут сталі прадстаўнікі розных школаў. Віталь Трафімчык (Таркачоўская школа) і Максім Мілейка (Вензавецкая школа) набралі сама болей ачкоў – па 22. Па 21 – на рахунку Івана Гуза (Гезгалаўская школа) і Дзмітрыя Грыгілевіча (дзятлаўская СШ №3).

Самаю цяжкаю і малавыніковаю для ўдзельнікаў спаборніцтваў дысцыплінаю аказаўся трохкіламетровы крос. 28 чалавек не разжыліся ў ім нават адным ачком. А грунтоўнаю кросаваю падрыхтоўкаю вызначыліся хлопцы з Казлоўшчынскай школы. Уся казлоўшчынская чацвёрка ўдзельнікаў фінішавала з добрым наборам ачкоў: Яўген Антончык – 18 (гэта найлепшы кросавы вынік), Іван Варабей – 14, Дзяніс Скрундзь – 10, Іван Якаўлеў – 8.

Уклініцца ў казлоўшчынскі квартэт з лепшымі вынікамі ўдалося толькі Дзмітрыю Данільчыку (Вензавецкая школа) – 12 ачкоў і Дзмітрыю Грыгілевічу (дзятлаўская СШ №3) – 9 ачкоў.

Варта адзначыць і добрую кросавую падрыхтоўку гезгалаўскіх хлопцаў. Яны хоць і не вызначыліся ў заліку па трох дысцыплінах (моцна падвяла іх малавыніковая стральба), на кросавай дыстанцыі ўсе трое – Уладзіслаў Красоўскі, Іван Гуз, Сяргей Ліпскі – набралі ачкі (ад 4 да 6), што ўдалося ўвогуле толькі дзвюм камандам – Казлоўшчынскай і Гезгалаўскай школ. Гезгалаўцы, дарэчы, няблага выступілі і ў гімнастыцы.

Чацвёра лепшых па выніках раённых спаборніцтваў шматборцаў – Дзмітрый Грыгілевіч, Уладзіслаў Лашчэўскі, Павел Антончык (усе з дзятлаўскай СШ №3) і Віталь Глубокі (з ХвінявіцкайСШ) складуць зборную раёна на абласных спаборніцтвах у Навагрудку.

Б. ВАРНА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/