Сорак Севасційскіх мучанікаў



22 сакавіка - дзень вясновага раўнадзенства. 3 гэтага часу светлавы дзень бярэ верх над цёмным перыядам сутак. Лічыцца, што з гэтага дня вясна канчаткова уступав ў свае правы.

Нашы продкі святкавалі ў гэты дзень Саракі. Адным з галоўных атрыбутаў свята лічылася печыва, якое па форме нагадвала жаўрукоў. Раніцай гаспадыні выпякалі гэты пачастунак і адорвалі ім сваіх блізкіх. Гэты абрад у некаторых мясцінах захаваўся і па сёння. Ён сімвалізуе гуканне вясны, надзею на тое, што хутка прыйдзе цяпло, а надакучлівая зіма з холадам сыдзе.

Назва народнага свята пайшла ад царкоўнай урачыстасці ў гонар сарака Севасційскіх мучанікаў. Іх памяць шануецца ў гэты сакавіцкі дзень. Сорак Севасційскіх мучанікаў складалі ганаровую дружыну воінаў. Вызначаліся яны мужнасцю, непераможнай у бітвах, вялікай мудрасцю і моцнай верай у Адзінага сапраўднага Бога.

Доблесныя воіны паходзілі з Кападокіі, якая славілася сваёй адукацыяй, адкуль былі свяціцелі Рыгор Багаслоў, Васілій Вялікі, Рыгор Ніскі — людзі, якія шмат зрабілі для Праваслаўя.

Воіны з Кападокіі не здрадзілі сваёй веры: яны адмовіліся прыносіць ахвяру язычніцкім багам. Усім сэрцам яны любілі Госпада, імкнуліся выконваць яго запаведзі. Яны абралі шлях — ісці за Хрыстом, таму ніякія ўгаворы, просьбы, пагрозы не маглі паўплываць на рашэнне воінаў.

Калі іх ваеначальнік Агрыкалай упэўніўся, што вера кападакійцаў моцная, ён загадаў паставіць распранутых воінаў у ледзяное возера. А на беразе тым часам была распалена лазня, і той, хто адмаўляўся ад Хрыста, мог спыніць свае мучэнні.

Адзін з асуджаных не вытрымаў выпрабаванняў і пабег да лазні, але на парозе ўпаў мёртвым. Астатнія 39 воінаў працягвалі стойка знаходзіцца ў вадзе.

Глыбокай ноччу адбыўся цуд. Нябеснае святло асвятліла святых мучанікаў і сагрэла ваду ў возеры. У гэты ж момант з нябёсаў сышлі 39 вянцоў — па колькасці воінаў, якія знаходзіліся ў вадзе. Бачачы малітвенны подзвіг астатніх воінаў, адзін з ахоўнікаў, якога звалі Аглаій, сам пажадаў заняць месца сышоўшага воіна.

Ён заняў месца таго, хто, паддаўшыся спакусе, назаўжды пазбавіўся вянца мучаніка. Іх, непахісных воінаў, зноў стала сорак. Усе яны загінулі, але Гасподзь не дапусціў, каб памяць пра Севасційскіх мучанікаў знікла.

22 сакавіка — у дзень, калі воіны аддалі душу Госпаду, шануецца памяць сарака Севасційскіх мучанікаў.

I. ЗІНЧАНКА, бакалаўр багаслоўя

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/