СНЕЖАНЬ – ЗАВЯРШАЛЬНІК ГОДА



Ступаючы на вяршыню гары, чалавек адчувае гонар за пройдзены шлях і адначасова ціхую журботнасць, што ўсё завяршылася, мэта дасягнутая. Завяршаючы год, адчуваеш шчасце ад таго, што здолеў набыць досвед пераадолення цяжкасцяў, адкрыў для сябе нешта новае, сустрэў новых цікавых людзей.

Снежань – апошні, завяршальны адрэзак гадавога цыклу. Разам з тым, ён адчыняе дзверы беласнежнай марознай зіме, засумавалым з мінулай вясны санкам і лыжам. Назва апошняга месяца года – “снежань” – нагадвае аб тым, што зіма ўжо канчаткова ўступае ў свае правы: выпадае першы снег – галоўны атрыбут гэтай пары, ад моцных маразоў перахапляе дыханне, ночы становяцца святлейшымі ад беласнежнага покрыва.

Цікава, што ўпершыню найменне гэтага месяца ў перыёдыцы з'яўляецца сярод супрацоўнікаў газеты “Наша ніва” ў 1909 годзе, а канчаткова замацавалася толькі ў 1912 годзе. Абавязана яна таму віду ападкаў, якія назіраліся, а лепш, чакаліся ў гэты час года – пухнатаму, мяккаму снегу, які змяняў навакольны свет. Днём ён служыў забавай для дзятвы, палягчаў праходнасць дарог пры перамяшчэнні. У гэты час некалі багністыя, ледзь праходныя шляхі станавіліся даступнымі не толькі для перамяшчэння – пачыналіся сур'ёзныя гандлёвыя адносіны. Уначы, пры павышанай хмарнасці, у адсутнасць месяцовага святла і зорак ён асвятляў падарожнікам дарогу.

Цікава, што з усіх славянскіх моваў толькі ў македонскай (“снежнік”) і беларускай (“снежань”) назва месяца захавала сувязь з гэтай атмасфернай з'явай. М. М. Макоўскі лічыць, што слова “снег”, ад якога ўтворана назва беларускага месяца, паходзіць ад індаеўрапейскага слова “(s)nek”, якое азначае “смерць”. З гэтым лёгка можна пагадзіцца, успомніўшы аб тым, што ўсё жывое ў гэты час адыходзіць у спячку, сон, а ў раслінным свеце пачынаецца мёртвы сезон.

Сам дзень таксама як быццам паміраў. Яго працягласць да канца месяца станавілася ледзь больш сямі гадзін. Адсутнасць сонечнага святла, змрочна навіслыя хмары абуджалі ў свядомасці нашых продкаў вераванні, напоўненыя рознымі містычнымі момантамі.

Цікава, што белы колер (колер снежнага покрыва) -- знак святла, чысціні і ісціны ў многіх усходніх народаў дагэтуль асацыіруецца са смерцю. Так, у Кітаі, Егіпце, Японіі, Акіяніі, Афрыцы і некаторых іншых краінах ён з'яўляецца жалобным колерам.

Кожны з нас памятае, што ў дзяцінстве лепшым матэрыялам для сняжкоў быў свежы снег, ды і сам снег, які падае, – гэта не што іншае, як “зліццё” некалькіх сняжынак у адзінае. Характэрна, што ў этымалагічным слоўніку М. Фасмера індаеўрапейскаму “snihyati” (параўнайце рускае “снежить”) адпавядае значэнне “мокне, становіцца клейкім, прыліпае, адчувае схільнасць”.

Як бачна, назва месяца атрымана не толькі за характэрныя для гэтага часу атмасферныя ападкі, але і за спецыфічныя ўласцівасці, якія яны мелі ў гэты адрэзак года.

Аднак дванаццатаму месяцу года нашы продкі прысвойвалі і іншыя назвы. Сёння яны мала выкарыстоўваюцца ў нашай мове, некаторыя і зусім назаўжды згублены.

Так, у старажытнасці чэхі звалі гэты час “ваўчыным месяцам” (“vlci mesic”) – ваўкі збіраліся ў зграі, нярэдка падыходзячы да паселішчаў. Славяне, па прычыне таго, што месяц адкрываў зімовы сезон, звалі яго зімнікам, зазімнікам, зімскім. За суровыя парывы ветру снежань называлі “ветразімам, ветразвонам", а за нізкія тэмпературы – "азнобнем, замаразем, стужайлам, студзенем".
Цікава, што снежань у народзе называлі таксама "мяцельнікам, узорнікам, крушанем". Апошняя назва паходзіць ад славянскага "крушны", якое абазначае "жорсткі, цвёрды, марозны".

Астрамірава евангелле паведамляе, што дзясяты месяц года (у славян год пачынаўся з сакавіка) зваўся "грудзень" – адна з самых першых афіцыйна падмацаваных назваў, што дайшла да нас з глыбіняў Сярэднявечча. Сёння найменне захавалася ва ўкраінскай, польскай, славенскай, літоўскай мовах, а паходзіць, верагодна, ад словаў “hrouda” з чэшскай “ком, глыба, груда” (параўнайце “hroudovati se” – “кідацца снежкамі”). Але ёсць таксама меркаванне, што асновай паслужыла літоўскае слова “gruodas” – “змёрзлы бруд” (ад літоўскага “grudas” – “зярнятка, драбінка”).

Дні ў снежні працягваюць скарачацца. Толькі ў самым канцы месяца адбудзецца рух у бок павелічэння светлавога дня. Дзень пачне ззяць – прасіняваць. Адгэтуль яшчэ адна назва месяца – "просінец". Славенскае “siniti, sinem” (корань слова) літаральна азначае “засіяць”.
Прымем да ўвагі той момант, што 25 снежня нашы продкі-язычнікі святкавалі зімовы сонцаварот – дзень (нараджэнне) з'явы непераможнага сонца, якое з гэтага часу набірае сілу, павялічвае светлавы адрэзак часу, набліжае вясну. Цікава, што першыя пісьмовыя сведчанні аб ужыванні назвы месяца “просінец” адносяцца да 16 стагоддзя. У сваіх выданнях яго выкарыстае першадрукар Францыск Скарына і паэт эпохі Рэфармацыі і наступнай за ёй Контррэфармацыі Андрэй Рымша.

Снежань – апошні месяц у годзе, які мае ў сваёй назве парадкавы лічэбнік. Індаеўрапейскае “dekm”, ад якога пасля ўтварылася лацінскае “decem”, азначае “дзесяць”. Такое месца меў снежань у календары старажытных рымлян да рэформы, праведзенай імператарам Юліем Цэзарам у 46-м годзе.

І. ЗІНЧАНКА, бакалаўр багаслоўя

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/