СЛОЎНІК БЯСПЕЧНАГА КУПАННЯ



Для таго, каб адпачынак ля вады прыносіў задавальненне, а не праблемы, варта помніць пра асноўныя правілы бяспекі. У гэтым, спадзяёмся, вам дапаможа наш слоўнік.

Адплываць ад берага на надзіманых матрацах і кругах не рэкамендуецца. Калі плаваеце кепска, трымайцеся бліжэй да берага, каб у любы момант дастаць да дна нагамі.

Вір не настолькі небяспечны для тых, хто ўмее з ім змагацца. Калі вы патрапілі ў вір, набярыце больш паветра ў лёгкія, пагрузіцеся ў ваду і, зрабіўшы рывок у бок цячэння, усплывайце на паверхню. Не намагайцеся плыць супраць цячэння.

Дзеці больш за ўсё падвяргаюцца небяспецы ў летні час. Таму ідучы да вадаёма, трэба яшчэ раз нагадаць ім правілы бяспекі. Не выпускайце дзяцей з поля зроку ні на імгненне: ваша дапамога можа ім спатрэбіцца ў любы момант.

Мера – пачуццё, без якога ў купанні не абысціся. Калі вы забудзецеся пра пачуццё меры, можаце дапусціць пераахаладжэнне арганізма. Так што калі вы адчулі дрыжыкі у час купання, неадкладна выйдзіце на бераг і зрабіце кароткую, але энергічную прабежку.

Навальніца і купанне несумяшчальныя! Не заходзьце ў вадаём у кепскае надвор’е.

Ныраць ні ў якім разе нельга з разбегу. Заходзьце ў ваду паступова, даючы целу прывыкнуць да перападу тэмпературы і пазбегнуць спазму крывяносных сасудаў. Таксама не варта купацца нашча або наадварот – адразу пасля ежы.

Сутарга – частая з’ява на вадзе, якая можа здарыцца і з вамі, і трэба быць да яе гатовымі. Калі вы адчулі, што “звяло” нагу – не панікуйце. Зрабіце глыбокі ўдых і пагрузіцеся ў ваду з галавой. Моцна ўхапіце рукой вялікі палец на назе і моцна пацягніце ступню на сябе, пакуль нага не выпрастаецца поўнасцю. Адразу ж плывіце да берага.

Ратаваць чалавека, які тоне, можа давесціся і вам. Адразу паклічце на дапамогу іншых людзей або ратаўнікоў, калі яны ёсць. Кіньце тонучаму ратавальны круг або вяроўку з вузлом на канцы. Калі ёсць лодка, падплывіце на ёй да пацярпелага. Ратуйце чалавека з вады толькі ў тым выпадку, калі добра плаваеце і ўпэўнены ў сваіх сілах. Абхапіце тонучага за плечы ззаду і выцягвайце; калі ён страціў прытомнасць, бярыце яго рукой за падбародак, каб твар быў над паверхняй вады. Абавязкова выклічце “хуткую дапамогу”.

Рэанімацыя пацярпелага на вадзе павінна праводзіцца неадкладна, да прыезду медыкаў. Ачысціце дыхальныя шляхі чалавека ад вады і ілу і прыступайце да штучнага дыхання і непрамога масажу сэрца: 1 удых – 5 націсканняў (калі робіць адзін чалавек), 2 удыхі – 10 націсканняў (2 чалавекі).

Тонучы самому, складана ўзяць сябе ў рукі, аднак пастарайцеся гэта зрабіць. Не боўтайцеся ў вадзе, супакойцеся і перавярніцеся на спіну, раскіньце як мага шырэй рукі і ногі – так вы выплывеце на паверхню вады. Крыху адпачнуўшы, плывіце да бліжэйшага берага.

У час купання забараняецца:
- заплываць за папераджальныя знакі;
- купацца і ныраць у невядомых месцах;
- купацца ў стане алкагольнага ап’янення;
- скакаць у ваду з дамбаў, прыстаняў, катараў, лодак, плытоў;
- дапускаць свавольствы, звязаныя з з ныраннем, захопам канечнасцяў купальнікаў;
- падаваць ілжывыя сігналы бедства;
- перамяшчацца ў лодцы з месца на месца пры катанні;
- плаваць на дошках, бярвёнах, надзіманых матрацах, камерах аўтамашын і іншых дапаможных прыладах;
- забруджваць і засмечваць вадаёмы.

А. БЕЛЕНКА, інспектар Дзятлаўскага РАНС

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/