СКАРБОНКА РАМЁСТВАЎ: АД РУКАДЗЕЛЛЯ ДА КАМП'ЮТАРА



"Тата сёння будзе позна, а мне яшчэ трэба прыгатаваць вячэру. Пагуляй адзін," -- як часта сучасныя дзеці чуюць такія выказванні ад сваіх матуляў. Дзіцяці хочацца заняцца чымсьці цікавым, а да каго звярнуцца па дапамогу? І гэта не праблема для вучняў школ нашага раёна, бо ў Дзятлаве шмат гадоў паспяхова працуе Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, які прапануе наведвальнікам шэраг цікавых гурткоў, кіраўнікі якіх, педагогі, гатовы стаць лепшымі сябрамі і дарадцамі для юных гарэзаў.

Пра накірункі работы Цэнтра, планы і магчымасці для выхаванцаў карэспандэнтцы расказала яго дырэктар Т. П. Ваніслаўчык.

-- Таццяна Пятроўна, нядаўна пачаўся навучальны год, якім ён павінен стаць для Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава?

-- 2011-2012 навучальны год быў знакавым для сістэмы адукацыі нашай краіны: уступіў у сілу новы Кодэкс аб адукацыі, які заканадаўча замацаваў стратэгію далейшага развіцця, у тым ліку і ўстановаў дадатковай адукацыі. Новыя падыходы да арганізацыі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі рэалізаваліся не толькі ў змене назваў установаў, але і, што асабліва важна, у самой сутнасці адукацыйнага працэсу.

Сёння адукацыйны працэс у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава -- гэта працэс, накіраваны на развіццё асобы дзіцяці, фарміраванне і развіццё яго творчых здольнасцяў, задавальненне яго індывідуальных патрэбаў у інтэлектуальным, маральным, фізічным удасканаленні, на адаптацыю да жыцця ў грамадстве, арганізацыю вольнага часу і прафесійную арыентацыю.

Вынікі першага года работы ў статусе "Цэнтра" паказалі, што нам неабходна прадаўжаць работу па вывучэнні інтарэсаў і патрэбаў школьнікаў з улікам рэгіянальных асаблівасцяў, сацыякультурнага асяроддзя, пашыраць спектр накірункаў і відаў дзейнасці, актыўней уключаць у дзейнасць вучняў сярэдняга і старэйшага ўзросту, наладжваць больш цесныя сувязі з бацькамі і сацыяльнымі партнёрамі.

-- Якія традыцыйныя аб'яднанні па інтарэсах сёння працуюць у Цэнтры?

-- У цэнтры працуе шэраг аб'яднанняў па інтарэсах, якія існуюць шмат гадоў. Гэта "Стэндавы мадэлізм" пад кіраўніцтвам Ф. Ф. Бойкі, унікальны не толькі для раёна, вобласці, але і рэспублікі. Гурткі дэкаратыўна-прыкладнога накірунку, самыя вядомыя з якіх і найбольш папулярныя ў дзяцей -- "Выцінанка" (кіраўнік А. Г. Турчэнік) і "Сувенір" (кіраўнік Л. У. Коласава). На базе Цэнтра займаецца вядомы не толькі нашай ў рэспубліцы, але і па-за яе межамі духавы аркестр "Наваельнянскія трубачы" пад кіраўніцтвам С. С. Майсюка. Усімі любімая і добра вядомая тэатральная студыя "Мелодыя душы" пад кіраўніцтвам І. І. Каско.

-- Што новага і цікавага прапаноўваеце школьнікам у гэтым навучальным годзе?
-- У нас пачаў працаваць харэаграфічны гурток. Танцамі са школьнікамі будзе займацца малады спецыяліст Алена Аляксандраўна Гурбан. Яшчэ адзін малады спецыяліст, Гражына Сяргееўна Гульбіцкая, кіраўнік гуртка "Камп'ютарная графіка і дызайн" навучыць сваіх выхаванцаў працаваць з графічнымі рэдактарамі, ствараць анімацыйныя стужкі і макра-медыя-флэш. Таксама яна будзе кіраўніком гуртка малявання "Свет на паперы".

Сёлета мы ўмацавалі музычна-эстэтычны накірунак: на базе Цэнтра ўдалося адкрыць вакальна-інструментальную студыю "Пралескі" пад кіраўніцтвам Вольгі Раманаўны Зуеўскай і Валянціна Уладзіміравіча Палухіна. Таксама для вучняў старэйшых класаў у нас пачала працаваць раённая школа дзіджэяў, кіраўнік -- Максім Уладзіміравіч Маліноўскі.

-- Ці ўсе аб'яднанні па інтарэсах працуюць на бясплатнай аснове?
-- Усе гурткі і студыі, пра якія вялася гаворка, -- бясплатныя. Але, згодна з запытамі насельніцтва, мы можам аказваць платныя паслугі, у ліку якіх: харэаграфія, навучанне дашкольнікаў першасным навыкам работы з камп'ютарам, платныя канцэрты, арганізацыя дзіцячых дзён нараджэння.

-- Мне было цікава даведацца пра работу вашага Цэнтра. А як гэта зрабіць школьнікам і іх бацькам?
-- Традыцыйна другі тыдзень верасня -- гэта тыдзень установаў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Ён праводзіцца з мэтай фарміравання станоўчага грамадскага меркавання аб ролі і значнасці такіх установаў, пашырэння сеткі аб'яднанняў па інтарэсах і прапаганды сучасных формаў работы па арганізацыі вольнага часу.

Наш Цэнтр актыўна ўключыўся ў мерапрыемства. На працягу тыдня мы прэзентавалі свае дасягненні і пазітыўны вопыт работы, знаёмілі дзяцей і іх законных прадстаўнікоў з паслугамі па развіцці творчых інтарэсаў і здольнасцяў непаўналетніх. Сустрэліся з вучнямі школ раёна і правялі для іх майстар-класы, рэкламна-гульнёвыя акцыі, прэзентацыі, выставы творчасці і іншыя мерапрыемствы. Сустрэчы былі цікавыя і насычаныя.

-- Апошняе і галоўнае: якую карысць прыносяць дзецям заняткі ў вашай установе?

-- Дзіця ўсебакова развіваецца, вучыцца творчасці, пачынае па-новаму глядзець на рэчы, якія нас акружаюць і ўспрымаць навакольны свет.

У цэнтры творчасці працуюць заслужаныя педагогі Ф. Ф. Бойка, І. І. Каско, Л. У. Коласава, А. Г. Турчэнік. Дасягненні іх выхаванцаў вядомы ў вобласці і рэспубліцы.

Немалаважна, што ў нас прадугледжана выдача дакумента аб навучанні -- гэта пасведчанне аб дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з павышаным узроўнем атрымання дадатковай адукацыі (згодна з артыкулам 99 Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь).

Цэнтр творчасці існуе не першы год, і мы выхоўваем цэлыя дынастыі. Так, сям'я Нарэйчыкаў, тата і сын, "хварэюць" мадэляваннем -- разам майструюць мадэлі самалётаў, якія могуць лятаць. Яшчэ адна дынастыя -- сям'я Сцепанішчавых. Бацька збірае стэндавыя мадэлі бронітанкавай тэхнікі ІІ Сусветнай вайны, сын -- авіяцыйнай тэхнікі таго ж перыяду. Разам яны майструюць радыёкіруемыя мадэлі самалётаў. Даўно захапляецца мадэлізмам сям'я Волчэк. Бацька стварае дыярамы (кампазіцыйныя моманты ваеннага быту), а сын -- стэндавыя мадэлі самалётаў. Выпускнікі гурткоў прыкладной творчасці за руку прыводзяць у Цэнтр сваіх малодшых братоў і сясцёр, якія таксама мараць навучыцца новаму рамяству.
Думаю, гэта пра многае сведчыць.

Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/