Што рабіць з адпрацаванымі батарэйкамі?



Эколагаў даўно хвалюе праблема ўтылізацыі выкарыстаных батарэек.

Закапаць іх у зямлю – гэта значыць стварыць непрыемнасці будучым пакаленням; спальванне адпрацаваных элементаў сілкавання садзейнічае забруджванню атмасферы, а пры складзіраванні на звалкі цяжкія металы, якія ўтрымліваюцца ў іх, вымываюцца, атручваючы глебу і водныя аб’екты. Акрамя гэтага, тысячы тон каштоўных металаў, такіх, як нікель, кобальт і серабро маглі быць атрыманы зваротна, калі б гэтыя элементы сілкавання не адпраўляліся на палічоны ТБА ці ў печы для спальвання смецця.

У цяперашні час існуюць метады і тэхналогіі, якія дазваляюць наладзіць пераапрацоўку выкарыстаных батарэек. Гэта дае магчымасць здабываць з іх і вяртаць у абарот тысячы тон розных металаў.

Любыя батарэйкі рана ці позна прыходзіцца выкідваць. У большасці выпадкаў яны трапляюць спачатку ў вядро для смецця, а потым на звалку – тады і пачынаецца яе другое жыццё, звязанае з небяспекай для навакольнага асяроддзя і здароўя чалавека.

Адна пальчыкавая батарэйка забруджвае цяжкімі металамі каля 20 квадратных метраў глебы ці 400 літраў вады. Шчолачы, якія ўтрымліваюцца ў батарэйках, ртуць, нікель, кадмій, свінец, ліцій, марганец, цынк маюць уласцівасць накоплівацца ў жывых арганізмах, у тым ліку і ў арганізме чалавека, і нават невялікая колькасць наносіць істотную шкоду здароўю, выклікае цяжкія захворванні. Таму ва ўсім цывілізаваным свеце адпрацаваныя батарэйкі збіраюць і ўтылізуюць асобна ад бытавога смецця.

Парады па выкарыстанні батарэек:
– аддавайце перавагу тэхніцы, якая не патрабуе выкарыстання батарэек: працуе ад сеткі, ручнога заводу (гадзіннікі) ці з выкарыстаннем светавой энергіі (калькулятары);
– выкарыстоўвайце акамулятарныя батарэйкі, якія можна перазараджаць: гэта выгадна і для вашага бюджэту, і для навакольнага асяроддзя;
– калі пунктаў збору і спецыяльных ёмістасцяў ля вашага дома няма, то складвайце батарэйкі ў поліэтыленавыя пакеты і захоўвайце іх не ў доме;
– выкарыстоўвайце зарад батарэяк максімальна эканомна. Заўсёды ўстаўляйце батарэйку ў прыбор у адпаведнасці з указанай палярнасцю. Не выкарыстоўвайце ў адным прыборы батарэйкі розных вытворцаў, а таксама рознай ступені разраду. Не трымайце батарэйкі на сонцы, не выкарыстоўвайце пры моцным холадзе. Не парушайце цэласнасць корпуса батарэйкі і не выкідвайце яе ў агонь нават пасля выкарыстання;
– купляйце батарэйкі з маркіроўкай “без ртуці”, “без кадмію”;
– ніколі не выкідвайце батарэйкі разам з іншым смеццем. Карыстайцеся спецыяльнымі кантэйнерамі!

10-15 батарэек не выратуюць свет у адзін момант, але яны выратуюць нас саміх, зменяць наша ўяўленне аб звычайных рэчах і зробяць наша жыццё больш бяспечным і лёгкім! Пасільны ўдзел кожнага ў прыродаахоўнай акцыі – гэта клопат пра нашу будучыню.

У нашым раёне адпрацаваныя батарэйкі можна здаць у кантэйнеры для адпрацаваных элементаў сілкавання ў магазінах “Дом гандлю”, “Свет тэхнікі” горада Дзятлава, “Пралеска” г.п. Наваельня, “Прамтавары” г.п. Казлоўшчына.

І. ВАРАБЕЙ, вядучы спецыяліст райінспекцыі

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/