ШТО ПАПРОСІЦЕ Ў ДЗЕДА МАРОЗА?



Новы год — гэта заўжды радасны настрой, шмат пазітыўных эмоцый, падарункі. Згодна з традыцыямі, у Новы год можна загадваць жаданні і абавязкова папрасіць у Дзеда Мароза, каб яны спраўдзіліся. А што папросіце вы? На гэтае пытанне карэспандэнтка газеты папрасіла адказаць некалькіх рэспандэнтаў.

Іван Каско, дырэктар раённага Дома культуры:
- Аўтобус для раённага Дома культуры, каб можна было часцей выязджаць на гастролі. Таксама шчасця, здароўя, поспехаў. А для ўсіх жыхароў Дзятлаўшчыны - радасці і фінансавага дабрабыту.

Таццяна Нікіпорчык, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва:
- Перш за ўсё, узаемаразумення паміж людзьмі. Калі мы будзем разумець адзін аднаго, то ўсё ў нас будзе ладзіцца.
Таксама папрашу любові. Калі чалавек любіць сябе, любіць іншых, то ён прыцягвае да сябе і любоў з боку іншых. Калі будзе любоў у сям'і, то і дзеці вырастуць шчаслівымі. Любоў да работы дазволіць чалавеку прыходзіць на яе з радасцю, добра выконваць свае абавязкі. Важная і любоў да краіны, у якой ты жывеш. I ў дасягненні ўсяго вышэйпералічанага кожнаму варта пачынаць з сябе.

Мікалай Дзядовіч, доктар-эпідэміёлаг райЦГЭ:
- Калі жартоўна, то аўтамабіль і ноутбук, а калі сур'ёзна - то здароўя для ўсіх людзей, мірнага жыцця.

Жанна Лукашэня, намеснік дырэктара Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў:
- Для ўсіх людзей — шчасця, сямейнага дабрабыту, папаўнення ў сем'ях. Навучэнцам дзіцячай школы мастацтваў - натхнення, каб у іх душах ніколі не перагарала цяга да мастацтва. У новым годзе іх чакае шмат конкурсаў, таму для вучняў школы папрашу яшчэ і перамогаў у творчых выпрабаваннях.

Пётр Русаў, археолаг:
- Міру на ўсёй зямлі.

Падрыхтавала да друку А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/