ШМАТ ПЫТАННЯЎ – ПРА РАМОНТ ДАРОГ



У жніўні 2012 года прайшоў Адзіны дзень інфармавання, на якім выступілі 6 інфармацыйна-прапагандысцкіх груп райвыканкама, а таксама інфармацыйна-прапагандысцкая група Гродзенскага аблвыканкама, якая выступіла ў калектыве ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” ў Міроўшчыне. Пры сустрэчы групаў з насельніцтвам па месцы жыхарства і ў працоўных калектывах было зададзена 16 пытанняў, на некаторыя з іх адказалі на месцы, а на шэраг пытанняў далі пісьмовыя адказы кіраўнікі раённых службаў.
Шмат пытанняў было адрасавана Дзятлаўскаму раённаму ўнітарнаму прадпрыемству жыллёва-камунальнай гаспадаркі. На іх даў адказы дырэктар РУП ЖКГ Сяргей Міхайлавіч Луня.

Пытанне: чаму ў начны час не асвятляецца вуліца Чырвонаармейская і іншыя вуліцы ў г. Дзятлаве?
Адказ: асвятленне вуліц у Дзятлаве ноччу, згодна з рэкамендацыямі Гродзенскага аблвыканкама, з мэтай эканоміі электраэнергіі ажыццяўляецца з 22.00 да 01.00. У астатні час, да раніцы, асвятленне адключаецца.

Пытанне: чаму ў доме №7 па вуліцы К. Цэткін не гарыць у падвальных памяшканнях святло?
Адказ: у гэтым доме ў падвальных памяшканнях Дзятлаўскім РУП ЖКГ ўкручана 7 лямпачак, аднак праблема застаецца з-за таго, што жыхары гэтага дома ці іншых самі выкручваюць лямпачкі. Жыхары павінны сачыць за захаванасцю лямпачак у іх доме.

Пытанне: па вуліцы 70 гадоў БССР у некаторых дамах бываюць перабоі з вадой. Таксама просім адрамантаваць гэту вуліцу, бо яна ўся ў ямах і калдобінах.
Адказ: у выпадку адсутнасці вады домаўладальнікам неабходна звяртацца ў Дзятлаўскае РУП ЖКГ па тэлефонах: 2-19-76, 2-24-28, 6-02-74. Што тычыцца рамонту вуліцы 70 гадоў БССР у Дзятлаве, то пры ўмове фінансавання на ёй будзе заменена асфальтавае пакрыццё.

Пытанне: у г. Дзятлаве па вул. Кастрычніцкай каля дома №33 пасля рамонту цеплатрасы з-за бруду цяжка прайсці па праходзе, асабліва пасля дажджу. Просім правесці падсыпку і заасфальтаваць гэтае месца.
Адказ: па вуліцы Кастрычніцкай каля дома №33 месца рамонту цепласеткі падсыпана пясчана-гравійнай сумессю. Поўнае добраўпарадкаванне будзе праведзена пры рэканструкцыі і рамонце вуліцы Кастрычніцкай.

Пытанне: просьба зрабіць падсыпку вуліцы Пушкіна ў г. Дзятлаве.
Адказ: падсыпка гэтай вуліцы будзе зроблена пры ўмове выдзялення бюджэтных сродкаў у 2013 годзе. Будзе заказана праектна-каштарысная дакументацыя з наступным добраўпарадкаваннем вуліцы.

Пытанне: часта затапляецца падвал у доме №10 па вул. Навагрудскай. Просьба праверыць, у чым прычына, і ліквідаваць няспраўнасць.
Адказ: частае падтапленне падвала ў гэтым доме адбываецца з-за няправільнага карыстання жыльцамі каналізацыяй. Яна выканана па праекце і знаходзіцца ў спраўным стане.

Пытанне: ці будзе зроблены тратуар па вуліцы Фрунзэ ў г. Дзятлаве?
Адказ: з-за адсутнасці фінансавання ў бліжэйшы час уладкаванне тратуараў па гэтай вуліцы не прадугледжана.

Пытанне: праваліліся пліты на мосце па вул. Азёрнай, што стварае небяспеку для машын і пешаходаў (мост паміж 1-м і 2-м азёрамі ў Дзятлаве).
Адказ: Дзятлаўскім РУП ЖКГ праведзены рамонт на мосце па вул. Азёрнай.

Пытанне: просім адрамантаваць асфальт на тратуары каля дома №4а па вул. Навагрудскай у г. Дзятлаве.
Адказ: дваровай тэрыторыі па вуліцы Навагрудскай і каля дома №4а ў Дзятлаве патрабуецца добраўпарадкаванне. Пры ўмове фінансавання добраўпарадкаванне гэтай тэрыторыі і рамонт асфальта на тратуары будуць праведзены.

Пытанне: чаму ў вёсцы Руда Яварская ў гэтым годзе не працуе лазня?
Адказ старшыні СВК “Хвінявічы” С. У. Кончыка: з лютага гэтага года лазня не працавала ў сувязі з непаладкамі ў дымаходзе. У жніўні-верасні вядуцца работы па ліквідацыі няспраўнасці, і пасля 15 верасня лазня зноў пачне працаваць.

Пытанне: жыхары в. Руда Яварская прасілі кіраўніцтва УКП “Камбінат бытавога абслугоўвання” накіраваць у вёску спецыяліста-цырульніка, каб падстрыгчы дзяцей.
Адказ выконваючага абавязкі дырэктара УКП “Дзятлаўскі КБА” М. М. Жука: па дамоўленасці са старшынёй Рудаяварскага сельвыканкама Л. А. Радоўняй, 24 жніўня ў сельвыканкам быў накіраваны цырульнік.

А. МЯЦЕЛІЦА, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/