ШЧАСЦЕ ВУЧЫЦЦА I ВУЧЫЦЬ



Нядаўна адзначыла свой юбілей былая настаўніца пачатковых класаў Таркачоўскага дзіцячага сада-базавай школы Вера Сямёнаўна Гліністая. Усе, каму давялося працаваць з ею, адзначаюць, што Вера Сямёнаўна -чалавек выдатна адукаваны і кампетэнтны, а яшчэ добразычлівы, спагадлівы, справядлівы.

Вера Сямёнаўна нарадзілася 18 лютага 1925 года ў вёсцы Перасвятое Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і. Бацькі былі людзі простыя, працавалі ў калгасе. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, бацька пайшоў на фронт. У 1941 годзе ён загінуў у адным з баёў пад Масквою. Цяжка было маці гадаваць шасцёра дзяцей. Аднак яна здолела падняць іх на ногі, даць адукацыю.

Вера Сямёнаўна была паспяховай вучаніцай: усе прадметы даваліся ёй лёгка, асабліва падабалася матэматыка. Таксама яна вельмі любіла дзяцей і па прыкладзе старэйшай сястры Аляксандры вырашыла стаць настаўніцай пачатковых класаў. Пасля вызвалення Рэчыцкага раёна ад фашысцкіх захопнікаў яна прадоўжыла вучобу ў педагагічным вучылішчы. А ў 1944 годзе была накіравана ў Харашкоўскую пачатковую школу Дзятлаўскага раёна, тады яшчэ Баранавіцкай вобласці.

Праз год перайшла працаваць у Азяранскую пачатковую школу. 3 1948 года стала вучыць малодшых школьнікаў у вёсцы Таркачы. Працаваць было цяжка: не хапала сшыткаў, падручнікаў, школьных прыладаў. Школы размяшчаліся ў хатах вяскоўцаў. Але маладыя настаўнікі працавалі дружна, з ахвотай дапамагалі адзін аднаму, каб зрабіць заняткі сапраўды цікавымі для дзяцей.

У 1949 годзе лёс звёў Веру Сямёнаўну з настаўнікам фізікі Сцяпанам Давыдавічам Гліністым, и веска Таркачы стала для іх роднай. Тут яны пабудавалі сваю хату, пасадзілі сад, выхавалі дзяцей. Вера Сямёнаўна і Сцяпан Давыдавіч прывівалі жаданне спасцігаць новае не толькі сваімі дзецям, але і вучням, якія былі частыми і жаданымі гасцямі ў хаце настаўнікаў. Сакрэт іх педагагічнага майстэрства быў ва ўменні знайсці падыход да кожнага дзіцяці, навучыць школьнікаў самастойна спасцігаць новае, самаўдасканальвацца.

Цягу да навукі перанялі ад бацькоў-настаўнікаў і іх дзеці. Старэйшая дачка Валянціна атрымала вышэйшую педагагічную адукацыю, стала настаўніцай матэматыкі ў роднай школе, дзе працавалі бацькі. Сын Аляксандр стаў майстрам па рамонце тэлерадыёапаратуры. Настаўніцкая жылка ёсць і ва ўнукаў Веры Сямёнаўны. Некаторыя з іх сталі прадаўжальнікамі справы дзядулі і бабулі.

Вера Сямёнаўна - шчыры, сціплы, памяркоўны чалавек, надзейны сябар і мудры дарадчык, уважлівая і спагадлівая да людзей жанчына. Ёй заўсёды шанцавала на актыўных вучняў, якія хацелі і маглі вучыцца. Першая настаўніца вучыла дзяцей не толькі пісьму і чытанню, a і ўкладвала ў іх часцінку сваёй душы. Таму не дзіўна, што і цяпер былыя вучні падтрымліваюць з ёю адносіны, віншуюць са святамі.

В. КАРДАШ, старшыня прафкама Таркачоўскага дзіцячага сада-базавай школы

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/