Шашкі: спаборніцтвы школьнікаў



Чэмпіёнам раёна па шашках у спаборніцтвах школьнікаў стала каманда Хвінявіцкай школы ў складзе Арцёма Паўлоўскага, Паўла Гізоўскага і Марыны Турок. У фінальнай гульні хвінявіцкія школьнікі перамаглі равеснікаў з Казлоўшчынскай школы.

За трэцяе прызавое месца спаборнічалі каманды Дзятлаўскай гімназіі і дзятлаўскай СШ №3. 3 прычыны няпоўнага складу каманды СШ №3 (у ёй адсутнічаў трэці нумар — дзяўчынка) перамога дасталася гімназістам, хоць партыі на першай і другой дошках хлопцы завяршылі ўнічыю.

Усяго ў турніры, які арганізавалі раённы аддзел адукацыі і раённая Федэрацыя шахмат і шашак, удзельнічалі 11 каманд з 9 школ. Дзятлаўская СШ № 1 і Казлоўшчынская СШ выступілі двума складами.

Лепшыя асабістыя вынікі ў турніры на рахунку Веранікі Чыгір (6 ачкоў з 6 магчымых), Арцёма Паўлоўскага (5 ачкоў), Андрэя Лябецкага, Вадзіма Харлінскага, Ангеліны Галаванёвай (па 4,5 ачка). Лепшыя шашысты каманднага першынства будуць запрошаны да ўдзелу ў асабістым чэмпіянаце раёна школьнікаў.

Стымулаў для юных шашыстаў там шмат: прызавыя месцы, магчымасць выканаць і пацвердзіць нарматывы спартыўных разрадаў, адбор у зборную раёна для ўдзелу ў абласной спартакіядзе школьнікаў.

М. ВЕНСЛАВОЎСКІ, старшыня раённай Федэрацыі шахмат і шашак.
Б. ВАРНА, карэспандэнт газеты.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/