Шашкі. Другі раённы чэмпіянат па шашках



Адбыўся другі раённы чэмпіянат па шашках з удзелам выхаванцаў дзіцячых дашкольных установаў раёна.

У першы дзень турніру спаборнічалі шэсць каманд дашкольных установаў горада: па два калектывы дзятлаўскага садка №1 і ДЦРД №2, Казлоўшчынскага і Наваельнянскага садкоў. За кожную каманду выступілі па тры юныя спартсмены.

Камандным чэмпіёнам горада стала другая каманда ДЦРД №2 у складзе: Яраслаў Самсон, Арцём Пятраш, Віктар Кандратовіч. Другое месца заняла каманда Казлоўшчынскага садка, трэцяе - другая каманда Дзятлаўскага садка №1.

У асабістым заліку на першай дошцы, набраўшы па 3,5 ачка, на першынство прэтэндавалі два шашысты -Ягор Пікта і Арцём Цітоў. Перамога ў асабістай сустрэчы вывела на першае месца Арцёма Цітова. На трэцім месцы Яраслаў Самсон (3 ачкі).

На другой дошцы з вынікам 3,5 ачка першае месца заняў Арцём Пятраш. На ачко адсталі ад яго адразу тры сапернікі. Дадатковыя паказчыкі вывелі на другое месца Лізавету Сароку, на трэцяе - Ілью Бараноўскага.

На трэцяй дошцы па 4 ачкі з 5 магчымых набралі Ягор Кедзік і Аляксей Сіняк. Асабістую сустрэчу выйграў Ягор, ён - першы. Трэцяе месца заняў Віктар Кандратовіч.

У другі дзень турніру спаборнічалі дзевяць выхаванцаў сельскіх дзіцячых установаў - па адным ад Хвінявіцкага, Міроўшчынскага, Круцілавіцкага, Дварэцкага, Раклевіцкага, Рудаяварскага, Горкаўскага, Гезгалаўскага, Вензавецкага садкоў. Пасля спаборніцтваў па кругавой сістэме ў дзвюх групах першага этапу іх удзельнікі сустрэліся ў стыкавых матчах фіналу.

За першае месца змагаліся два Паўлы - Сіняк і Шастак. Перамог Павел Шастак (Горкаўскі садок). На другім месцы - Павел Сіняк (Міроўшчынскі садок). Трэцяе месца заняў Ілья Варонка (Круцілавіцкі садок).

Каманды-прызёры і прызёры ў асабістым заліку ўзнагароджаны граматамі і прызамі. Другі раённы чэмпіянат выхаванцаў дашкольных установаў засведчыў узрослую шашачную актыўнасць на самым юным дзіцячым узроўні.

Арганізацыі трэніровачнай работы і спаборніцтваў паспрыялі аддзел адукацыі і аддзел па фізкультуры, спорце і турызме райвыканкама, райкам ГА "БРСМ", адміністрацыі дзіцячых дашкольных установаў.

М. ВЕНСЛАВОЎСКІ, старшыня раённай шахматна-шашачнай федэрацыі, галоўны суддзя спаборніцтваў

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/