“ШАШАЧНАЯ СКАРБОНКА-2014”



Два дні Дзятлаўскі яслі-сад №1 гасцінна прымаў удзельнікаў першынства раёна па шашках “Шашачная шкатулка-2014” – тут спаборнічалі выхаванцы гарадскіх і вясковых установаў дашкольнага выхавання.
У першы дзень адбыліся асабіста-камандныя спаборніцтвы юных шашыстаў з Дзятлава, Наваельні, Казлоўшчыны. Кожную каманду складалі тры ўдзельнікі, якія гулялі на першай, другой і трэцяй дошках па кругавой сістэме.

Старт турніра дадзены, і градус хвалявання непасрэдных удзельнікаў, іх выхавальнікаў адчувальна ўзрос – як-ніяк гэта першыя ў жыцці дзяцей афіцыйныя спаборніцтвы.

Пасля першага тура заліковыя ачкі сваім камандам прынеслі Ігнат Ерамейчык і Аляксандра Лішык (абодва на першай дошцы), Валерыя Жалнерчык і Дар’я Чарняўская (абедзве на другой дошцы), Ульяна Макарэвіч (на трэцяй дошцы). Раман Кавалюк і Дзмітрый Емяльянчык на трэцяй дошцы закончылі партыю ўнічыю.

Пасля стартавага тура юныя спартсмены асвоіліся з абстаноўкаю і пазбавіліся празмернага хвалявання, што дазволіла самым падрыхтаваным паказаць добрыя вынікі. На першай дошцы з найбольшым поспехам выступіла Аляксандра Лішык з Казлоўшчынскага садка, якая набрала максімальныя тры ачкі. Другі вынік паказаў Ігнат Ерамейчык з Дзятлаўскага садка №1, трэці – Карына Нічыпаровіч з Наваельнянскага садка.

На другой дошцы з абсалютным вынікам першынствавала Валерыя Жалнерчык з Дзятлаўскага цэнтра развіцця дзіцяці (ДЦРД). На другім месцы – Яраслаў Урбан з Дзятлаўскага садка №1, на трэцім – Дар’я Чарняўская з Наваельнянскага садка.

На трэцяй дошцы першынстваваў Раман Кавалюк з Дзятлаўскага ЦРД. Другое месца заняла Ульяна Макарэвіч з Казлоўшчынскага садка, трэцяе – Дзмітрый Емяльянчык з Дзятлаўскага садка №1.

У камандным заліку, набраўшы па пяць з паловай ачка кожная, першае і другое месцы падзялілі каманды Дзятлаўскага садка №1 і ДЦРД. Трэцяе месца – у каманды Казлоўшчынскага садка.

Вясковыя юныя шашысты (па аднаму прадстаўніку ад садка) спаборнічалі ў другі дзень турніра. Перамагла ў спаборніцтвах Вікторыя Сямашка, выхаванка Дварэцкага садка, якая не прайграла ніводнай партыі і набрала чатыры ачкі. Другое месца маглі падзяліць Раман Бамбір з Вензавецкага садка і Аляксандр Сіняк з Дзятлаўскага садка №1 – яны набралі аднолькавую колькасць ачкоў, але Аляксандр выступаў па-за конкурсам. Таму трэцяе прызавое месца прысуджана Ксеніі Русіновіч з Круцілавіцкага садка.

Трэба адзначыць, што большасць удзельнікаў спаборніцтваў прадэманстравала някепскую для свайго ўзросту спартыўную падрыхтоўку. За гэта варты падзякі кіраўнікі і выхавальнікі садкоў, якія актыўна далучаюць дзяцей да шашачнай гульні і заняткаў фізічнай культурай.

М. ВЕНСЛАВОЎСКІ, суддзя спаборніцтваў.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/