Шахматы: Чэмпіёнская гонка



Чэмпіёнскую гонку ўзначаліў дуэт Андрэя Ранцэвіча і Андрэя Лявончыка.

Чэмпіянат раёна па шахматах стартаваў 29-га студзеня. За чэмпіёнскі тытул змагаюцца 11 шахматыстаў. Ідэальна стартаваў Андрэй Ранцэвіч, у двух першых турах ён толькі перамагаў. Астатнія ўдзельнікі турніру панеслі меншыя ці большыя страты.

У трэцім туры спатыкнуўся і Ранцэвіч. Лідара прыпыніў Аляксандр Масляк, які нядаўна моцна выступіў у турніры па хуткіх шашках (заняў там другое месца) і, відаць па ўсяму, знаходзіцца ў добрай спартыўнай форме.

Ранцэвіч і Масляк ў асабістым мікраматчы (дзве партыі — белымі і чорнымі) падзялілі ачкі. Удала стартаваў Яўген Кананкоў — на яго рахунку пасля трох тураў былі чатыры ачкі. Яшчэ на палову ачка адставалі Віктар Урбановіч, Вячаслаў Гайдук, Андрэй Лявончык.

У чацвёртым туры нядаўні аднаасобны лідар Ранцэвіч пацярпеў яшчэ большыя страты.

У матчы супраць Лявончыка ён набраў толькі палову ачка. А Лявончык, дзякуючы свайму поспеху, зраўняўся з Ранцэвічам. Такім чынам пасля чацвёртага тура лідараў стала двое — Ранцэвіч і Лявончык, у іх па 5,5 ачка.

У бліжэйшай пагоні за лідарамі таксама дуэт — Аляксандр Масляк і Яўген Кананкоў, на іх рахунку па 5 ачкоў.

Адступілі ў пелатон чэмпіянату Урбановіч і Гайдук.

Прадказаць каму-небудзь перамогу ў першынстве немагчыма. Барацьба вострая: церпяць паражэнні і фаварыты, перамагаюць і аўтсайдары.

Удзельнікі першынства спрачаюцца не толькі за тытул і прызавыя месцы, але і за пяцёрку, якая дасць магчымасць удзельнічаць у матчавых сустрэчах абласнога ўзроўню.

М. ВЕНСЛАВОЎСКІ, старшыня раённай федэрацыі шахмат і шашак.
Б. ВАРНА, карэспандэнт газеты.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/