СЕЗОН ПАДВОДНАГА ПАЛЯВАННЯ - 2013



Знята забарона на лоўлю рака вузкапалага, якая дзейнічала з 15 кастрычніка па 15 ліпеня. Згодна дзеючых правілаў пры лоўлі ракаў дазволена прымяненне ракаловак не больш за 3 штукі на аднаго рыбалова з дыяметрам уваходнай адтуліны не больш за 70 см і ячэйкай не менш за 2 мм. Аднаму рыбалову дазволена вылоўліваць не больш за 30 ракаў вузкапалых у суткі. Мінімальны памер вылаўленых ракаў павінен быць не меншы за 9 см.

Катэгарычна забаронена багрэнне ракаў.
Трэба памятаць і аб тым, што бліжэйшы сваяк вузкапалага рака – рак шырокапалы, які занесены ў рэспубліканскую Чырвоную Кнігу і лоўля яго забаронена. Шырокапалы рак мае больш кароткія і тоўстыя клюшні.

У сувязі з надыходам сезона падводнага палявання, нагадваем, што падводнае паляванне аднесена да інтэнсіўных відаў лоўлі, таму колькасць вадаёмаў, дзе можна паляваць, абмежавана. На тэрыторыі Слонімскага раёна гэта ўчастак ракі Шчара ад вёскі Вялікія Шылавічы да вёскі Сценявічы, на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна: участак ракі Моўчадзь ад в. Дварэц да пасёлка Гезгалы, участак ракі Шчара ад в. Пархуты да в. Малая Воля, участак ракі Нёман ад в. Шаршні да в. Бандары; возера Дзям’янаўцы, возера Вялікае Цэхавое; сажалка Плехава, на тэрыторыі Зэльвенскага раёна: Зэльвенскае водасховішча. Падводнае паляванне на ўсіх астатніх вадаёмах на тэрыторыі адказнасці Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету (Слонімскі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі раёны) забаронена.

Акрамя гэтага, падводнае паляванне забаронена рыбаловам, якія не маюць пры сабе пасведчання падводнага паляўнічага і членскага білета рэспубліканскага дзяржаўнага грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”, і (ці) з выкарыстаннем аквалангаў і іншых аўтаномных дыхальных прыладаў, і (ці) асвятляльных прыладаў, і (ці) прыстасаванняў, і (ці) з прымяненнем падводных стрэльбаў і (ці) пісталетаў, якія страляюць гарпуном з наканечнікам больш за 5 зубоў, а таксама спроба здабычы ці здабыча рыбы з выкарыстаннем падводнай стрэльбы і (ці) пісталета ці іншых прыладаў для падводнага палявання з берага або з малых суднаў.
Парушэнне правілаў падводнага палявання кваліфікуецца па ч.1, арт.15.35 КоАП Рэспублікі Беларусь, з прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 50 базавых велічыняў.
Да ўвагі аўтаўладальнікаў – згодна з дзеючым прыродаахоўным заканадаўствам забаронена стаянка механічных транспартных сродкаў ў межах прыбярэжных палосаў водных аб’ектаў да 30 метраў ад берагавой лініі, за выключэннем спецыяльна адведзеных ва ўстаноўленым парадку месцаў для стаянак; мыццё транспартных і іншых тэхнічных сродкаў у межах водаахоўных зонаў водных аб’ектаў.

У выпадку парушэнняў вышэйуказаных правілаў уладальнік механічнага транспартнага сродка нясе адказнасць згодна арт.15.35 ч.2 КоАП Рэспублікі Беларусь, што прадугледжвае папярэджанне ці штраф у памеры да 20 базавых велічыняў, на індывідуальнага прадпрымальніка -- да 100 базавых велічыняў, а на юрыдычную асобу -- да 500 базавых велічыняў.

У сувязі з існуючымі неадзінкавымі фактамі парушэнняў Правілаў вядзення паляўнічай і рыбалоўнай гаспадаркі, палявання і рыбалкі, з мэтай хуткага і аператыўнага рэагавання па затрыманні правапарушальнікаў у Слонімскай міжраённай інспекцыі кругласутачна працуе тэлефон “Гарачай лініі” 8-01562-2-48-64, па якім можна паведаміць аб вядомых парушэннях у галіне аховы і выкарыстання жывёлаў, якія адносяцца да аб’ектаў палявання і рыбалоўства, а таксама драўніна-хмызняковай расліннасці і дзікарослых раслінаў, якія выкарыстоўваюцца ў нарыхтоўчых мэтах, у паляўнічых, рыбалоўных угоддзях, на асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях. У зону адказнасці інспекцыі ўваходзяць Слонімскі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі раёны. Ананімнасць атрыманай інфармацыі гарантуем.

Г. ШЛЫКОВІЧ, начальнік Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/