САСТУПІ ВЯСНЕ ДАРОГУ, МАТУХНА ЗІМА



У мінулую суботу на гарадскім стадыёне “Колас” дзятлаўчане адсвяткавалі Масленіцу. Нягледзячы на мароз, песнямі і гульнямі гараджане прагналі зімовы настрой, а карагодам і святочнымі блінамі заклікалі вясну. Традыцыйна, для жыхароў Дзятлаўшчыны арганізацыямі раёна былі падрыхтаваны святочныя мерапрыемствы, спартыўныя конкурсы, наладжаны гандаль.

Свята пачалося з тэатралізаванага развітання зімовых месяцаў, якія склалі свае паўнамоцтвы перад надыходзячай вясной. Затым прысутныя пачулі вясёлыя прыпеўкі ды сталі ў карагод з традыцыйнымі зімовымі персанажамі і навамоднымі дзіцячымі героямі Смяшарыкамі. Прадстаўленне прадоўжылася песнямі дзятлаўскіх выканаўцаў, пад якія была разгорнута дэгустацыя бліноў ад сельгаскааператываў раёна. Удзельнікі падышлі да пачастункаў творча: напяклі іх з рознымі начынкамі ды “гарнірамі”.

А ў гэты час непадалёку на стадыёне разгарнулася спартыўнае спаборніцтва паміж арганізацыямі раёна, у якім прынялі ўдзел каманды калектываў сырзавода, СВК “Граніт-Агра”, лясгасу, раённага вузла электрасувязі, ЖКГ і дзятлаўскага РЭС. Змагаліся яны па шасці дысцыплінах. У эстафеце з бярвеннямі хутчэй за ўсіх справіўся калектыў “Граніт-Агра”. Хлопцы з сырзавода паскідвалі ўсіх сапернікаў у баях мяшкамі на бервяне. Найбольш паднялі гіру, а таксама закінулі больш шайбаў у хакейным турніры работнікі лясгасу, чым гарантавалі сабе першае каманднае месца ў турніры. Другое каманднае месца адваяваў калектыў раённага вузла электрасувязі: яны перамаглі ў хуткаснай распілоўцы бервяна і перацягванні каната.

Напрыканцы свята, калі скончыліся песні і былі выяўлены ўсе пераможцы, на стадыёне з’явілася пудзіла Зімы. Святочнае шэсце ўсталявала яго на снежнай горцы, дзе па традыцыі ў полымі і скончыла сваё існаванне зімовае пудзіла.

АЛЯХНОВІЧ В.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/