Самыя спартыўныя - настаўніцы



Пасялковы жансавет і прафкам Казлоўшчынскай школы прапанавалі жанчынам з арганізацый гарпасёлка сустрэцца ў спартыўнай зале школы, каб пазмагацца за лідарства, памерацца сіламі, спрытам, кемлівасцю, займець добры настрой і бадзёрасць. На прапанову, акрамя настаўніц, адгукнуліся жанчыны Казлоўшчынскага ліцэя і мясцовага СВК "Слава працы".

Хто самы спартыўны - выявілася пасля некалькіх конкурсаў, прапанаваных жанчынам. Гэта - педагогі Казлоўшчынскай школы. У склад гэтай моцнай каманды ўваходзілі К. I. Бортка, А. У Ляошка, Т. А. Буяк, В. Ю. Аліхвер. Н. А. Добыш. І. А. Ламака. А. М. Баравік, М. Я. Белабародава.

Другое месца здабылі жанчыны СВК "Слава працы", трэцяе - ліцэя.

Усе засталіся задаволеныя спартыўнай сустрэчай, паколькі яна атрымалася, як сапраўднае спартыўнае свята.

Шмат прыемных хвілін педагогі-спартсменкі падарылі сваім балельшчыкам-вучням, жанчыны-матулі - сваім дзецям, якіх у зале сабралася "пахварэць" вельмі шмат. Жанчыны паказалі прыклад, як цікава, з карысцю можна бавіць час.

Т. БУЯК, старшыня пярвічнай жаночай арганізацыі Казлоўшчынскага пассавета.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/