САМАЦВЕТЫ ГОДА ЗМЯІ



24 студзеня 2013 года па японскім календары і 10 лютага – па кітайскім, на змену чорнаму вадзяному Дракону прыйдзе чорная вадзяная Змяя, а значыць, і ўпрыгажэнні года Дракона, як бы па спадчыне, пяройдуць да тых, хто так ці інакш звязаны з годам Змяі.

Паколькі Змяя ў надыходзячым годзе не толькі чорная, але і вадзяная, то і камяні-самацветы павінны быць не толькі чорнымі, але ўтварацца ў вадзе або ўтрымліваць яе ў сваім складзе. І сама прырода дала ўсім жанчынам шанц у выглядзе чорнага жэмчугу і апалу.

З пункту гледжання колератэрапіі, чорны колер – гэта колер рэалізму, кансерватызму, стабільнасці, патрабавальнасці, прынцыповасці і праўдзівасці. Усіх аматараў чорных таноў адрознівае суровасць, стойкасць, беражлівасць. Яны любяць уладу і заўсёды да яе імкнуцца. Вельмі цвёрда стаяць на нагах, ніколі не губляюцца ў любых жыццёвых сітуацыях, заўсёды гатовыя да барацьбы, ідуць уперад і вельмі часта напралом. І ўсё гэта падыходзіць да мудрай Змяі.

Варта адзначыць, што жэмчуг і апал сустракаюцца ў прыродзе ў выглядзе белых, крэмавых, серабрыста-белых, светла-блакітных і нават вогненных таноў і адценняў, але толькі чорны від самы прыгожы, рэдкі і каштоўны. Напрыклад, чорнаму апалу з Аўстраліі месца толькі на музейных стэндах, асабліва ўзорам з чырвонага і сіняга бліку, а чорныя жамчужыны правільнай акруглай формы з металічным бляскам маюць вельмі вялікі кошт і сустракаюцца рэдка.

Але ж галоўным каменем-самацветам года будзе мінерал пад назвай серпенцін (ад лацінскага “serpens” -- змяя). Па колеры і малюнку мінерал падобны да скуры змяі – адсюль яго і другая назва – змеявік. І хаця афарбоўка мінерала не чорная, а ад зеленавата-бурай да цёмна-зялёнай, камень заўсёды будзе галоўным для ўсіх Змеяў: і вадзяных, і зямных.

Змеявік -- камень спакуснікаў. Ён знімае стрэс і стомленасць, але перашкаджае прадукцыйна працаваць, аберагае ад уздзеяння дрэнных людзей.

Жэмчуг -- гэта камень чысціні і высокай годнасці. Ён спрыяе даўгалеццю, росквіту і шчасцю.
Апал -- самацвет бліскучай чароўнасці і надзеі. Ён сімвалізуе вернасць, узмацняе творчую фантазію, прыносіць спакой.

І калі вы набудзеце ювелірнае ўпрыгажэнне, якое зроблена з серпенціну-змеевіка, чорнага жэмчугу або апалу, і будзеце іх насіць на працягу ўсяго года Змяі, то яны стануць не толькі вашымі вернымі сябрамі, абярэгамі і талісманамі, але і прынясуць вам удачу, шчасце і дабрабыт.

А. БАГДАСАРАЎ, прафесар

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/