РЫКОТА НЕ ТОЛЬКІ СМАЧНЫ, АЛЕ I КАРЫСНЫ ДЛЯ ЗДАРОЎЯ



Напрыканцы 2014 года на ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод" быў запушчаны ў эксплуатацию новы цэх па вытворчасці мяккіх сыроў па італьянскіх тэхналогіях. Некаторыя дзятлаўчане ўжо паспелі ацаніць смак новага сыру рыкота. Тыя, хто паспрабаваў гэты сыр, цікавяцца, наколькі ён карысны для здароўя.

Пра уласцівасці сыру рыкота карэспандэнтцы газеты "Перамога" расказала галоўны інжынер ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод" Вольга Аляксандраўна Болцік.

- Рыкота адносіцца да мяккіх гатункаў сыроў і з'яўляецца крыніцай кальцыю і карысных бялкоў для арганізма чалавека. Дзякуючы сваім асаблівым уласцівасцям, рыкота з'яўляецца дыетычным прадуктам. У перакладзе з італьянскай мовы назва гэтага сыру абазначае “паўторна выраблены”. Блізкімі “роднымі” рыкоты прынята лічыць такія сыры, як маскарпонэ, фета, біягардэ. Упершыню сыр рыкота быў прыгатаваны ў прадмесцях Рыма.

Што тычыцца складу і карысных уласцівасцяў, то рыкота не толькі даволі смачны і пажыўны прадукт, але і вельмі карысны для здароўя. Гэта ідэальна збалансаваная крыніца неабходных для чалавека прыродных рэчываў - альбуміну і глабуліну, якія складаюць асноўную частку бялкоў сывараткі крыві. Рыкота - выдатная бялковая ежа, якая практычна поўнасцю засвойваецца арганізмам, паляпшае абменныя працэсы і павышае імунітэт.

Выдатныя прафілактычныя і лекавыя ўласцівасці гэтага сыру абумоўлены высокім утрыманнем вітамінаў, мікраэлементаў, а таксама бялкоў, якія легка засвойваюцца. У склад рыкоты ўваходзяць вітамін А, вітаміны групы В, значная колькасць кальцыю.

Гэты сыр з'яўляецца важным “будаўнічым матэрыялам” для ўсяго чалавечага арганізма, аказвае спрыяльнае ўздзеянне на нервовую сістэму. Менавіта з гэтай прычыны яго рэкамендуюць абавязкова ўводзіць у рацыён харчавання дзяцей і падлеткаў. Аднак не менш карыснаўжыванне рыкоты для пажылых людзей і тых, хто пакутуе на такія захворванні, як артрыт і артроз. Людзям, якія займаюцца спортам і цяжкай фізічнай працай, таксама рэкамендавана рэгулярна ўжываць рыкоту, таму што яна здольна папоўніць запас сілаў у арганізме. А дзякуючы нізкаму ўтрыманню тлушчоў, сыр рыкота часта ўваходзіць у склад розных дыетычных страваў. Таксама ён вельмі карысны пры гіпертаніі і захворваннях страўнікава-кішачнага тракта.

I. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/