Руда Яварская: школьны музей



Даніна памяці

1965 год з'яўляецца пунктам адліку ў гісторыі музея Рудаяварскай школы. Ён быў заснаваны тагачасным дырэктарам гэтай установы адукацыі Сяргеем Іванавічам Клімко. Год за годам, крок за кро-кам ішла карпатлівая работа па стварэнні экспазіцыі музея, яго афармленні. Экспанаты збіралі настаўнікі і вучні, перадавалі жыхары навакольных вёсак. Разам з гэтым ішоў грунтоўны збор інфармацыі аб гісторыі родных мясцінаў. Важнае месца ў гэтым накірунку заняло вывучэнне тэмы Вялікай Айчыннай вайны.

Як паказаў час, пачынанне атрымалася паспяховае. За сорак чатыры гады свайго існавання ў музеі сабраны багаты матэрыял па этнаграфіі, гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Значны ўклад зроблены былым дырэктарам Рудаяварскай школы, настаўнікам гісторыі Яўгенам Вікенцьевічам Юшкевічам.

Цяпер школьны музей, кіраўніком якога з'яўляецца Алена Уладзіміраўна Федарук, рэканструяваны, абноўлены. На яго стэлажах з'явілася шмат новых экспанатаў. А па выніках мінулагодняга раённага агляду-конкурсу музей Рудаяварскага дзіцячага сада-сярэдняй школы заняў першае месца.

Скарбы бацькаўшчыны

Як імя чалавека нясе ў сабе пэўную інфармацыю пра яго ўладальніка, так шмат чаго цікавага можа расказаць і тапонім — уласная назва населенага пункта, ракі, мясціны. За кожным з іх — цэлая гісторыя. Так, напрыклад, гісторыя вёскі Руда Яварская звязана з беларускім магнацкім родам Радзівілаў. У 18-ым стагоддзі яны заснавалі мануфактуру для атрымання жалеза з балотнай руды. Для работы на прадпрыемства прывезлі прыгонных сялян са сваёй сядзібы Явар. Так і ўзнік пасёлак пад назвай Руда Яварская. А пацвярджэннем таму, што тут калісьці выплаўлялі жалеза з балотнай руды, з'яўляецца шлак (жужаль), якім багатая рэчка Пад'яварка.

На адным са стэлажоў музея змешчаны астаткі ад вытворчасці шкла. Менавіта з ім і звязана назва вёскі Гута. Дакладна гэтае слова тлумачыцца як "невялікая майстэрня па вытворчасці шкла". I на самой справе, жыхары вёскі некалі выраблялі шкло, якім пакрывалі паверхню кахель.

Цікавы і аповяд пра назву вёскі Капці. На пачатку 18-га стагоддзя на беразе Шчары з'явіліся пер-шыя забудовы новага населенага пункта. Яго жыхары займаліся здабычай балотнай руды, атрыманнем дравеснага вугалю. У выніку такой дзейнасці даводзілася рабіць земляныя насыпы - капцы. Пазней так і назвалі вёску. 3 цягам часу яе назва стала больш мілагучная — Капці.

Інфармацыя па гісторыі ўзнікнення назваў вёсак Рудаяварскага сельсавета змешчана ў этнаграфічным вугалку школьнага музея. У дадзенай экспазіцыі таксама сабраны багаты матэрыял па гісторыі народнага побыту. Тут і жорны, і драўляныя старыя вагі, ступа, глякі, жбаны, тканыя дываны і народны строй, калатушка вартаўніка і яшчэ шмат цікавых рэчаў.

Увагу наведвальнікаў музею прыцягвае стэлаж з кнігамі. Гэта —сапраўдныя рарытэты, якія, напэўна, выклікалі б зацікаўленасць любога калекцыянера-букініста. Сярод экспанатаў — каталог кніг, які датуецца пачаткам дваццатага стагоддзя, выпіска з прыгоннай кнігі, кожная старонка якой мае свой кошт, карта 1904 года, шматлікія граматыкі, па якіх вучыліся дзеці яшчэ пры польскай уладзе. Гістарычную каштоўнасць мае і аблігацыя на пяцьдзесят польскіх злотых.

Этнаграфічная экспазіцыя школьнага музея з кожным годам папаўняецца. У перспектыве мяркуецца стылізаваць этнаграфічны вугалок пад беларускі пакой з чырвоным кутом, абразамі.

А яшчэ ў планах — афармленне зменнай экспазіцыі, прысвечанай мясцовым майстрам.

Гартаючы старонкі вайны

Асаблівую ўвагу хлопчыкаў, ды і дарослых мужчынаў таксама, прыцягвае экспазіцыя зброі гадоў Вялікай Айчыннай вайны. Экспазіцыя, сапраўды, немалая. Ёсць у ёй і легендарны "Максім".

Увогуле, тэме Вялікай Айчыннай вайны прысвечаны многія стэнды школьнага музея. Яны расказваюць пра гераічнае мінулае Пушчы Ліпічанскай — эпіцэнтра баёў за вызваленне Дзятлаўшчыны, дзейнасць легендарнай Ленінскай партызанскай брыгады, з якой звязаны імёны Герояў Савецкага Саюза Барыса Булата, Фёдара Сінічкіна. На стэлажах — фотаздымкі герояў далёкай вайны, іх успаміны, дзённікавыя запісы. Адна з экспазіцый музея расказвае пра подзвіг беларускага Сусаніна — Іосіфа Філідовіча.

Адзін са стэндаў музея прысвечаны Міхаілу Белушу, юнаму партызану-разведчыку, які паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава: кінуўся на амбразуру варожага дота, тым самым выратаваўшы жыццё сваім таварышам. Гэта адбылося ў ліпені 1944 года, каля вёскі Купіск Навагрудскага раёна, дзе партызанскі атрад трапіў у засаду. Міхаіл Белуш пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны першай ступені.

У мінулым годзе ў музеі быў зроблены макет партызанскай зямлянкі. У ёй змешчаны прадметы быту партызан, агітацыйная літаратура. Побач ля зямлянкі — снарад, які застаўся ў дрэве, астанкі зброі. Яны — як сімвал тых разбурэнняў, якія прынесла з сабой вайна.

Вясной гэтага года музейную экспазіцыю папоўніла дзверка звычайнага плацянога шкапа. Яна была знойдзена ў хляве адной з жыхарак вёскі Капці. На дзверцы надпісы — старшы сяржант Фёдар Філіпавіч Рэзнікаў, 1907, Лапушкін, 1908 г. Увогуле, у музеі шмат салдацкіх рэчаў з імяннымі надпісамі і малюнкамі.

Разам з савецкімі зброяй, прадметамі франтавога быту на стэлажах змешчана і нямецкая "атрыбутыка". Сярод рэчаў — і некалькі ўпаковак да працівагаза. Дарэчы, вельмі цяжкая рэч. Здзіўляешся толькі, як такі цяжар можна было насіць.

Значную каштоўнасць для вывучэння гісторыі вайны прадстаўляюць успаміны яе сведкаў. Сярод іх— Аляксей Віктаравіч Ламака, Іван Іосіфавіч Павачка. Іх аповяды дазволілі ўзнавіць гісторыю таго дня, калі была спалена Вялікая Воля,знішчаны яе жыхары (364 чалавекі). 3 жывых засталіся толькі 11 чалавек.

Дзякуючы рабоце музею, вывучаецца гісторыя тых страшных гадоў, захоўваецца памяць пра герояў вайны, у маладога пакалення выхоўваецца пачуццё патрыятызму.

На гэта скіраваны і вандроўкі па мясцінах баявой славы, у ліку якіх Брэсцкая крэпасць, горад-герой Мінск, Лінія Сталіна, Хатынь. Памяць пра экскурсіі засталася на фотаздымках, якія таксама змешчаны ў экспазіцыі школьнага музея.

Сёлета Беларусь адзначыла 65-гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтай даце прысвечаны нядаўна аформленыя стэнды музея, а таксама — тыя акцыі і мерапрыемствы, удзел у якіх прымаюць вучні школы. Гэта — клопат пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, догляд за помнікам сям'і Кашкала, помнікам у вёсцы Вялікая Воля.

Работа па папаўненні экспазіцый працягваецца. I ў гэтым заслуга ўсяго калектыву школы (паколькі сабраць і аформіць такі багаты матэрыял аднаму чалавеку проста не пад сілу) на чале з дырэктарам Вадзімам Аляксандравічам Палуносікам, вучняў. Кожны з іх робіць свой уклад у такую патрэбную і значную справу, як захаванне гісторыі, у якой адлюстроўваецца жыццё не аднаго пакалення людзей. А гэта значыць, што памяць пра іх будзе працягваць жыць, перадавацца ў спадчыну.

А. ДУБРОЎСКАЯ, “Перамога”, №86

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/