"РУБІНАВАЯ" ТАЙНА ОРДЭНА "ПЕРАМОГА"



Любая баявая ўзнагарода — салдацкая медаль "За адвагу" або ордэны, якімі адзначаліся толькі афіцэры вышэйшых званняў, — вартая павагі і шанавання. Аднак ордэн "Перамога" ў іх шэрагу займае асаблівае месца.

Падобных узнагародаў у свеце вельмі мала, да таго ж у гэтага ордэна ёсць свая адмысловая таямніца — з яго вырабам звязана вельмі драматычная гісторыя.

У 1943 годзе, калі ўжо была атрымана вялікая перамога, на Маскоўскую ювелірна-гадзіннікавую фабрыку паступіў сакрэтны заказ-загад на выраб ордэна "Перамога", падпісаны Вярхоўным Галоўнакамандуючым Іосіфам Сталіным. У катэгарычнай форме ён патрабаваў выкарыстоўваць для стварэння ордэна выключна айчынныя прыродныя мінералы і матэрыялы. Адных толькі каштоўных металаў — золата, плаціны, алмазаў, брыльянтаў і рубінаў — зрасходавалі на суму больш за 6,5 мільёна рублёў. У гады ваеннага ліхалецця гэта былі вельмі вялікія грошы.

У вырабе ордэна ўдзельнічала шмат выдатных спецыялістаў, а кіраваў працэсам вядомы савецкі ювелір-мастак і майстар-камнярэз вышэйшай кваліфікацыі I. Ф. Казенаў, які сабраў з усёй краіны каштоўныя камяні для апрацоўкі і агранкі. I калі з дыяментамі не было ніякіх праблем, то з рубінамі выйшла "асечка" — сярод камянёў чырвонага колеру, нават аднолькавых па адценнях, колеры і празрыстасці, падабраць не ўдалося. Такая ўжо прыродная асаблівасць гэтага мінерала.

Што заставалася рабіць майстру-камнярэзу, калі падыходзіў тэрмін вырабу ордэна? Невыкананне загаду I. В. Сталіна для Івана Казенава і яго шматлікіх памочнікаў азначала альбо расстрэл, альбо турэмнае зняволенне. I дасведчаны мастак-ювелір прымае адзінае правільнае рашэнне — выкарыстоўваць для ордэна не прыродныя, а сінтэтычныя рубіны. Добра, што іх вытворчасць у Савецкім Саюзе ў тыя гады была ўжо наладжана. Майстар уласнаручна нарэзаў і адшліфаваў патрэбную колькасць нарыхтовак аднолькавага колеру, адценняў і празрыстасці.

Унікальны заказ выканалі сапраўды ў тэрмін. Іван Казенаў і яго памочнікі былі прадстаўлены да высокіх урадавых узнагародаў.
Сваю прафесійную таямніцу ювелір захоўваў усё жыццё і толькі перад самай смерцю ў 1969 годзе адкрыў "рубінавы" сакрэт ордэна "Перамога" аднаму са сваіх любімых вучняў.

Ордэн "Перамога", заснаваны 8 лістапада 1943 года указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, уяўляе сабой выпуклую пяціканцовую золата-плаціна-рубінавую зорку са 170-ю дыяментамі агульнай вагой у 16 каратаў (1 карат — 0,2 грама). Гэтым ордэнам узнагароджваліся асобы вышэйшага каманднага складу за паспяховае правядзенне баявых аперацый, якія каранным чынам змянялі становішча на франтах. Яго ўдастоіліся ўсяго 17 военачальнікаў, а Вярхоўны Галоўнакамандуючы Іосіф Сталін, маршалы Савецкага Саюза Георгій Жукаў і Аляксандр Васілеўскі — двойчы.

Цяпер у алмазным фондзе Маскоўскага Крамля адзін з ордэнаў "Перамога" выстаўлены як экспанат для шматлікіх наведвальнікаў музея.

А. БАГДАСАРАЎ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/