"РОДНАЯ СТАРОНКА" ІВАНА І ЮРЫЯ КОЗЕЛАЎ



Са снежня мінулага года ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі пад назвай "Родная старонка"працуе персанальная выстава работ сябраў Саюза мастакоў Беларусі Івана і Юрыя Козелаў. Выпускнікі Бабруйскага мастацкага вучылішча, яны паспяхова скончылі аддзяленне жывапісу Беларускай акадэміі мастацтваў. Стажыраваліся ў творчых акадэмічных майстэрнях Мінска. Цяпер Іван Козел выкладае малюнак, жывапіс і кампазіцыю ў гімназіі-каледжы імя Ахрэмчыка, Юрый -- у школе мастацтваў горада Мінска.

Родная старонка для мастакоў -- гэта найдаражэйшы і найпрыгажэйшы куточак зямлі -- ваколіцы вёскі Гнаінскія, дзе яны чэрпаюць натхненне для творчасці.

У музейнай зале прадстаўлены 35 жывапісных палотнаў, напісаных Іванам і Юрыем у розныя перыяды. Фарміруючы асноўную канцэпцыю экспазіцыі, мастакі спыніліся на работах, напісаных выключна з натуры. Усе яны ствараліся на плэнерах, у час адпачынку. Уражанні ад убачанага, адкладваючыся ў памяці і нават падсвядомасці мастакоў, выражаны на іх палотнах у выглядзе абагульненых вобразаў.

Цэнтральнае месца на выставе займае карціна Івана Козела "Дзятлаўская старонка". На яе пярэднім плане -- белы стол, на ім размешчаны букет з лубіну, канюшыны, асобна -- галінка белага язміну, якая нахіляецца над разгорнутай кнігай. І ўсё гэта -- на фоне выявы белага касцёла на плошчы ў Дзятлаве. Вобраз касцёла прысутнічае на карціне Юрыя Козела, якая называецца

"Касцёл Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Дзятлаве". Дарэчы, гэтае палатно Дзятлаўскі музей набыў у мастака.

Любімыя сюжэты Івана і Юрыя -- краявіды з архітэктурнымі помнікамі, відарысы старажытных гарадоў і мястэчак. У жывапісных работах прысутнічае павага да гэтых мясцін. Мабыць таму творы мастакоў прасякнуты лірычным настроем, цеплынёй. Прысутнічае ў палотнах і подых мінулага. Асабліва моцна гэта адчуваецца ў карцінах "Дзятлаўскі палац", "Жыровіцкая святыня","Царква ў Дзятлаве", "Зімка".

Творы мастакоў прымушаюць думаць і хвалявацца. На адной з работ Юрыя Козела, якая мае назву "Адыходзячая вёска", намаляваны старая хата, самотнае завешанае акно, пахілены плот, вакол -- някошаная трава. Адзінотай і запусценнем вее ад гэтага краявіду, які так часта сёння можна пабачыць у беларускіх вёсках. У творы Юрыя Козела гучыць настальгія па той культуры, гармоніі, якія могуць знікнуць. Вясковай тэме прысвечана і карціна Івана Козела "Краявід з каровамі".

Значнае месца ў творчасці мастакоў займае нацюрморт. Гэты жанр, прадстаўлены на выставе, уражвае багатай колеравай палітрай.

Большую частку экспазіцыі займаюць выявы дзятлаўскіх краявідаў. Яны прысутнічаюць на карцінах "Восень у вёсцы", "Стары дом у Дзятлаве", "Ваколіца".

Аб карцінах мастакоў можна вельмі шмат гаварыць, але лепш іх пабачыць. Творы мастакоў прымусяць палюбавацца хараством, аб многім задумацца. Запрашаю на выставу ў наш музей. Яна завершыцца напрыканцы студзеня.

І. ЯКАЎЧЫК, галоўны захавальнік фондаў Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/