РЭЙД ПА АБ’ЕКТАХ ЖНІВА-2014



Супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях разам з карэспандэнтамі газеты "Перамога" правялі чарговы рэйд па аб'ектах сёлетняга жніва. Нагодай для яго стаў не толькі шчыльны графік планавых праверак па пажарнай бяспецы, але і надзвычайная сітуацыя ў Зэльвенскім раёне, дзе нядаўна на жніве згарэў камбайн.

Правяралі гэтым разам пажарную бяспеку ў дзвюх гаспадарках нашага раёна — СВК Жукоўшчына і СВК Вензавец .

Упершай на поле, дзе ішла ўборка збожжавых, выехалі разам састаршынёй гаспадаркі Іванам Свібам.
Першае, што цікавіла ў час праверкі, — наяўнасць на полі тэхнікі для пажаратушэння. Трактар з цыстэрнай вады быў у наяўнасці, а яго вадзіцель па просьбе правяраючых не толькі выклаў па пунктах парадак дзеянняў пры пажары, але і прадэманстраваў падачу вады для тушэння ўяўнага загарання.

3 1 ліпеня дзейнічаюць новыя правілы пажарнай бяспекі, таксама гэта тычыцца і камплектацыі ўборачнай тэхнікі на жніве. На гэта і быў зроблены асноўны акцэнт. Тут да камбайнераў і кіраўніка арганізацыі не было прэтэнзій, аднак зробім два акцэнты: з аднаго боку, скрыню з пяском, належную па пераліку, на камбайнах гаспадаркі замянілі на два дадатковыя вогнетушыцелі, што дазваляецца правіламі, з другога — пакінулі ў інвентары ёмістасці з вадой, не абавязковыя па новых правілах, так бы мовіць, для падстрахоўкі. Тэарэтычны экзамен камбайнеры таксама здалі на “выдатна".

На збожжасушыльным комплексе ў строгай інспекцыі таксама не было сур'ёзных пытанняў: укамплектаваны пажарны шчыт з афарбаваным у чырвоны колер інвентаром; належным чынам запоўненыя журнал уліку тэмпературы ва ўстаноўцы, журнал прыёму-здачы змены, чыстая, без недакуркаў і запалак тэрыторыя комплекса (на тое ёсць абсталяваныя месцы для курэння) і, нарэшце, наяўнасць пасведчанняў і грунтоўных ведаў па супрацьпажарнай бяспецы ў аператараў комплекса.

Кожнае наведванне пажарнай службай складаецца не толькі з праверкі, але і інструктажа, і гэты раз не стаў выключэннем. Працаўнікам яшчэ раз нагадалі правілы пажарнай бяспекі на жніве і іх дзеянні ў выпадку надзвычайнай сітуацыі.

Па меркаванні інспектара Аляксандра Беленкі, адсутнасць нават нязначных нараканняў да СВК “Жукоўшчына" па пажарнай бяспецы— гэта вынік грунтоўных адносінаў да справы кіраўніцтва, найперш — старшыні СВК I. Свіба.

Пазапланавы візіт у СВК “Вензавец" быў зроблены невыпадкова: у час апошняй праверкі тут былі выяўлены недахопы па камплектацыі супрацьпажарных шчытоў на збожжасушыльным комплексе. Гэтым разам да іх не было прэтэнзій. Як і мінулым разам, не падвялі веды і аператараў збожжасушыльных комплексаў, якія паказалі валоданне сітуацыяй і правільныя дзеянні ў пазаштатнай сітуацыі. А вось журнал уліку тэмпературы на сушылках паказалі не ўсе аператары адразу, аднак у ходзе праверкі паспелі рэабілітавацца. Аднак цяпер акцэнт на праверку дакументацыі стане асноўным для інспектара, які “шэфствуе” над гаспадаркай у час жніва.

Трэба заўважыць, што людскі фактар, на які ў час праверкі звярталася асаблівая ўвага, пакуль не даў прычынаў для хвалявання: усе правілы пажарнай бяспекі работнікі ведаюць і выконваюць.

Аднак здавальняючыя вынікі рэйду — не нагода губляць пільнасць. Аналагічныя праверкі будуць праводзіцца на жніве ледзь не штодзень, каб жніво было не толькі багатым, але і бяспечным.

А. БЕЛЕНКА, інспектар Дзятлаўскага РАНС
Н. АВЯРЧУК, карэспандэнт газеты "Перамога"

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/