РАЗАМ – СУПРАЦЬ ЗГУБНАЙ ЦЯГІ



У Жыровічах у Доме культуры аграрна-тэхнічнага каледжа прайшла сустрэча залежных і сузалежных ад алкаголю і наркотыкаў. Яна сабрала каля двухсот прадстаўнікоў рэспублікі, а таксама суседняй Расіі.

Многія, хто прыехаў на дванаццатую сустрэчу залежных і сузалежных, аб’яднала стомленасць ад згубнай цягі, жаданне хутчэй ад яе пазбавіцца, адсутнасць надзеі на вылечванне толькі сваімі сіламі. Шлях да перамогі над сабой у тых, хто пакутуе ад алкагалізму і наркаманіі, пачаўся з літургіі ў Свята-Успенскім саборы Жыровіцкага манастыра, прычашчэння, а пазней -- акунання ў святой крыніцы. Потым арганізатары запрасілі ўдзельнікаў семінара на сустрэчу са спецыялістамі, якія знаёмы з алкагалізмам і наркаманіяй не па чутках.

На працягу трох дзён зносіны з залежнымі і сузалежнымі вялі доктар псіхіятр-нарколаг Анатоль Фінскі, спецыяліст па сацыяльнай рабоце пры хімічных залежнасцях Алег Румін з Расіі, кіраўнік каардынацыйнага цэнтра па супрацьдзеянні алкагалізму і наркаманіі Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Дзіянісій Пясецкі. Тэма зносінаў пераклікалася са зместам евангельскай прытчы пра блуднага сына, які растраціў сваю маёмасць у пошуках лепшага жыцця і застаўся ні з чым. Толькі пакаянне і вяртанне да бацькі дапамагло выратаваць няшчаснага.

Пра перамогу над сабой і работу цэнтра расказалі таксама каардынатар рэабілітацыйнага працэсу Праваслаўнага рэабілітацыйнага цэнтра “Анастасіс” Рыгор Небажэнка, каардынатар Навагрудскай епархіі па супрацьдзеянні алкагалізму і наркаманіі іерэй Аляксандр Папоў, старшыня аргкамітэта, а таксама дырэктар рэабілітацыйнага цэнтра Віталь Пашкевіч. Яны паведамілі, што сёння супрацоўнікі стараюцца аказваць максімальную дапамогу тым, хто праходзіць рэабілітацыю. Цяпер гэта дзевяць чалавек -- восем мужчын і адна жанчына.

Сярод прысутных на сустрэчы былі жанчыны розных узростаў, моладзь і мужчыны. Некаторыя не ўпершыню.

-- Тут я ўжо трэці раз. Калі знаходзіўся ў рэабілітацыйным цэнтры, усвядоміў, што Гасподзь паслаў мне таварыства Ананімных алкаголікаў, каб праз іх я прыйшоў да веры, -- падзяліўся Юрый з Гродна. – Чалавек шукае ў алкаголі пачуццё кайфу, не разумеючы, што ў далейшым жыццё можа ператварыцца ў пекла. Чалавек памірае перш за ўсё духоўна. Сустрэчы з псіхолагамі, дактарамі і святарамі дапамагаюць разгледзець праблему з розных бакоў, не застацца з ёй адзін на адзін.

Варта адзначыць, што для таго, каб атрымаць дапамогу блізкім сваякам, у сям’і якіх ёсць залежны, не абавязкова ехаць у вёску Сасноўку Слонімскага раёна. У Свята-Успенскім манастыры ўжо на працягу многіх гадоў дзейнічае таварыства Ал-Анон. Адкрыцца групе ў свой час дапамог іераманах Агапій (Голуб). Ён таксама прысутнічаў на семінары і расказаў пра гэтае таварыства.

-- Сямейная група Ал-Алон – гэта таварыства сяброў і сваякоў алкаголікаў, якія аб’ядноўваюцца паміж сабой, дзеляцца вопытам, падтрымкай, надзеяй і любоўю. Прадстаўнікі групы са Слонімскага раёна кожную нядзелю ў 13 гадзін збіраюцца пры манастыры. Звярнуцца па дапамогу можа кожны, хто сутыкнуўся з праблемай алкагалізму.

Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне 8-029-1717938 (іераманах Агапій).

І. ЗІНЧАНКА, бакалаўр багаслоўя

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/