РАЦЫЯНАЛЬНАЕ І ПРАВІЛЬНАЕ ХАРЧАВАННЕ ПАДАЎЖАЕ ЖЫЦЦЕ



Для здароўя чалавека ежа павінна быць карыснай, а чалавек -- культурным у выбары харчавання.
Навошта правільна харчавацца? Для актыўнага даўгалецця. Для лепшай супраціўляльнасці шкодным фактарам навакольнага асяроддзя. Для высокай фізічнай працаздольнасці арганізма.

Тры асноўныя прынцыпы рацыянальнага харчавання:
1. Раўнавага паміж энергіяй, якая паступае з ежай, і энергіяй, якая выдзяляецца ў час жыццядзейнасці.
2. Задавальненне патрабавання арганізма ў пэўным колькасным, якасным складзе і суадносінах харчовых рэчываў.
3. Выкананне рэжыму харчавання. Рацыянальным з'яўляецца 4-разовы прыём ежы: першы сняданак – 25% сутачнага рацыёну, падабед – параўнальна лёгкі (15%), абед даволі сытны (50%), вячэра – лёгкая, што не абцяжарвае страўнік (10%).

Харчаванне павінна быць рэгулярным, разнастайным, паўнавартасным і збалансаваным па наборы жыццёва неабходных рэчываў (бялкі, тлушчы, вугляводы, вітаміны, мікраэлементы).
Любыя перакосы ў харчаванні вядуць да парушэння здароўя.

Хвароба цяперашняй цывілізацыі – залішняе спажыванне жывёльных тлушчоў і рафінаваных вугляводаў, недастатковае спажыванне садавіны і гародніны, што багата сур'ёзнымі наступствамі, як і недаяданне, якое аслабляе арганізм. На жаль, толькі 10% насельніцтва нашай краіны харчуюцца правільна і прывучаны да гэтага з дзяцінства. Больш за ўсё беларусы ядуць сёння кандытарскіх вырабаў, цукру, бульбы, хлеба. Хлеб есці трэба, але перавагу аддаваць вырабам з мукі грубага памолу. Калі беларус з'ядае ў месяц 1 кг свініны, то ялавічыны — усяго толькі 100 грамаў. Вельмі мала спажывае рыбы, садавіны і гародніны.
Калі вы сілкуецеся тры разы на дзень, то падзяліце адзін з прыёмаў на два разы, таму што правільней харчавацца не менш за чатыры разы. Гэта дазволіць разгрузіць работу органаў стрававання і зменшыць пачуццё голаду – спадарожніка доўгіх перапынкаў у ежы. Калі не снедаеце – навучыцеся снедаць.
“Сняданак з'еш сам” – гэта народная мудрасць перажыла стагоддзі. Працаздольнасць найбольш высокая ў першай палове дня, і ежа дае неабходны зарад энергіі для падтрымання працаздольнасці на высокім узроўні.

Не ешце на ноч!

Гэтым забяспечыце больш спакойны і паўнавартасны сон. Акрамя таго, вы спаўна атрымаеце асалоду ад самага важнага прыёму ежы – сняданка!

Вельмі важна ў перапынках паміж асноўнымі прыёмамі ежы, асабліва працяглых, перакусваць (яблык, арэшкі), каб страўнік не займаўся самапераварваннем і ў вас не развіваўся “воўчы апетыт”, асабліва да вечара.

Навучыцеся есці павольна, старанна перажоўваючы ежу – гэта дапаможа вам з'есці менш, але насыціцца больш, а галоўнае – вы значна палегчыце працу органаў стрававання па засваенні ежы. Бо “чалавека сілкуе не тое, што ён есць, а тое, што засвойваецца ім”.

Не піце ваду ў час ежы!

Яна развядзе страўнікавы сок і замарудзіць працэс стрававання. Правільней піць ваду перад ежай, яна “абудзіць” страўнік і прымусіць яго актыўней пераварваць ежу. Штодня трэба выпіваць да двух літраў вады, бо чалавек на 60 працэнтаў складаецца з вады, якая ўвесь час расходуецца на забеспячэнне ўсіх жыццёва важных працэсаў у арганізме.

Скараціце ўжыванне солі!

У звычайных прадуктах харчавання солі досыць для падтрымання жыццядзейнасці арганізма. Дасальванне прыводзіць да павышанай смагі, затрымкі залішняй вады тканкамі арганізма і павышэння артэрыяльнага ціску і адкладання соляў.

Ужывайце больш садавіны і гародніны! Яны не толькі пастаўшчыкі “жывых” вітамінаў і мікраэлементаў, але і крыніцы складаных вугляводаў, якія засцерагуць ад знясільваючых дзеянняў простых вугляводаў, што змяшчаюцца ў цукры.

Акрамя ўсяго іншага, садавіна і гародніна ўтрымоўліваюць клятчатку, якая спрыяе лепшаму апаражненню кішэчніка, пазбаўленню ад "зашлакаванасці" – нязменнага спадарожніка маларухомага ладу жыцця.
Калі ёсць выбар, то аддайце перавагу мёду, а не цукру, таму што ў мёдзе шмат фруктозы, на засваенне якой не патрабуецца інсулін, тым самым абароніце сябе ад магчымага развіцця цукровага дыябету.

Як часта п'еце кефір ці іншыя кісламалочныя прадукты? Ці ведаеце вы, наколькі яны карысныя? Ведаеце, але далёка не ўсё. Дык вось, яны неабходны кожнаму чалавеку штодня, хаця б адна шклянка, каб, па-першае, насыціць вітамінамі групы В, якіх там значна больш, чым у суцэльным малацэ. Дарэчы, карысных мікраарганізмаў у іх у тысячы разоў больш! Па-другое, кісламалочныя прадукты здольныя пацясніць і знішчыць гніласную мікрафлору “зашлакаванага” кішэчніка, і, нарэшце, яны тармозяць заўчаснае старэнне арганізма, гэта значыць падаўжаюць маладосць.

А якое месца ў вашым рацыёне займаюць раслінныя тлушчы? Правільней, калі на іх долю даводзіцца не меней трэцяй часткі ад агульнай колькасці тлушчу. Не забывайце, што рафінаваныя алеі пазбаўлены шматлікіх карысных біялагічна актыўных рэчываў.

Часцей уключайце ў меню марскую рыбу і морапрадукты – крыніцы лёгказасваяльных бялкоў і жыццёва неабходнага ёду.

Трэць ўсіх анкалагічных захворванняў звязана з ладам жыцця і харчаваннем! Ведайце, што прадукты могуць утрымоўліваць канцэрагенныя рэчывы – поліцыклічныя араматычныя вуглевадароды (ПАВ). Яны трапляюць у паветра, глебу, а значыць – у расліны, гародніну і садавіну; з кармамі – у арганізм жывёл. А шматлікія ПАВ чалавек уносіць сам пры кулінарнай апрацоўцы прадуктаў: вэнджанні, працяглым смажанні, выкарыстанні няякаснага посуду.

Так, у вяндлярным дыме ўтрымоўваецца канцэрагеннае рэчыва 3,4-бензапірэн. Яно ўтворыцца і пры вытворчасці каўбасных, рыбных вырабаў, пры смажанні шашлыка. Канцэрагенныя рэчывы мігруюць у ежу з посуду і пакавальных матэрыялаў, не прызначаных для кантакту з харчовымі прадуктамі, напрыклад, з паўторна выкарыстанай ПЭТ-бутэлькі.

Наступныя – мікатаксіны (афлатаксіны, патулін) – рэчывы, якія ўтвараюцца ў цвілых прадуктах (крупах, хлебе, варэннях, падгнілай гародніне і садавіне, падмочаных зярнятках, счарнелай фасолі). Канцэрагеннасць гэтых рэчываў у сто разоў вышэй за канцэрагеннасць бензапірэна. Мікатаксіны не раскладаюцца пры кіпячэнні і іншай тэрмічнай апрацоўцы.

Ядахімікаты (пестыцыды, гербіцыды і інш.) – рэчывы, што шырока выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы для барацьбы са шкоднікамі, пустазеллем. Пры няправільным ужыванні гэтыя рэчывы могуць трапіць у прадукцыю раслінаводства і жывёлагадоўлі. Выклікаюць пухліны печані, жоўцевых шляхоў, адэному прастаты, саркому.

Перагрэтыя тлушчы ўтрымліваюць нізкамалекулярныя злучэнні, акралеін, альдэгіды. Утвараюцца пры награванні тлушчу, масла, фрыцюру. Колькасць іх павялічваецца пры паўторным і шматразовым выкарыстанні расліннага ці жывёльнага тлушчу.

Нітразаміны ўтвараюццца ў арганізме чалавека з нітратаў і нітрытаў. Вырашчаныя пры бескантрольным занясенні азотных угнаенняў гародніна і садавіна з'яўляюцца крыніцамі паступлення ў арганізм вялікай колькасці нітратаў. Крыніцамі нітрытаў з'яўляюцца таксама і мясныя прадукты, вэнджаніна, каўбасныя вырабы, у якія ўносяць нітрыт натрыю ці салетру для надання прывабнага чырванаватага колеру.
І яшчэ: часцей станавіцеся на шалі, сачыце за сваёй вагой!

Памятайце, заўсёды ёсць выбар, як сябе адчуваць, быць ці не быць здаровым. Ніхто не зможа прымусіць вас правільна харчавацца. Вы самі прымаеце рашэнне. Адказнасць за ваша здароўе ляжыць на вас саміх.

Л. ЛАЗОЎСКАЯ, загадчык супрацьэпідэмічнага аддзела райЦГЭ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/