РАЦЫЁН ШКОЛЬНІКА



Значэнне паўнацэннага харчавання для дзяцей цяжка пераацаніць. Асабліва адказнага падыходу з боку бацькоў і школы патрабуе харчаванне школьнікаў. Вучні, якія атрымліваюць паўнацэнны рацыён, лепш пераносяць фізічныя нагрузкі, лепш вучацца і рэдка маюць лішнюю вагу.
З паўнацэннага сняданка павінен пачынацца дзень кожнага школьніка. Дэфіцыт энергіі, якую недаатрымае мозг, можа ператварыць урокі ў сапраўдны стрэс для дзіцяці.

Абавязковай умовай правільнага харчавання школьніка з’яўляецца гарманічнае спалучэнне страваў на абед. Калі ў першай страве ўтрымліваецца гародніна, то аптымальным варыянтам для другіх страваў будуць макароны або крупы.

У рацыёне школьніка павінны быць і прадукты, якія ўтрымліваюць вітамін В6 – вітамін памяці. Дастатковая колькасць яго ў бабовых, арэхах, шыпшыне, моркве, вотруб’і.

Для падтрымання актыўнай мазгавой дзейнасці, асабліва ў перыяд экзаменаў, рэкамендуецца дадаць у рацыён прадукты, багатыя на глюкозу (гэта салодкія прадукты, бо цукар хутка распадаецца да глюкозы).

Для правільнага харчавання школьніка неабходны малочныя прадукты (як незаменная крыніца кальцыю) і хлебабулачныя вырабы грубага памолу, багатыя на складаныя вугляводы. Кальцый неабходны для росту дзіцяці, умацавання касцей і зубоў, таксама дзякуючы яму нярвовыя імпульсы распаўсюджваюцца па целе. Калі арганізму недастаткова кальцыю, можа з’явіцца раздражняльнасць, бяссонніца, нярвовае напружанне. Больш за ўсё кальцыю патрабуецца дзецям ад дзевяці да васямнаццаці гадоў.

Клятчатка, якая ўтрымліваецца ў пладах і лісці раслінаў, неабходная для стрававання. У якасці галоўных крыніцаў бялку ў рацыёне павінны прысутнічаць рыба, яйкі, бабовыя, арэхі. Штодзённае спажыванне вады -- не менш за 1,5 літра.

Правільна збалансаванае харчаванне з’яўляецца залогам паўнацэннага развіцця і росту дзіцяці, стымулятарам яго разумовай дзейнасці.

А. ШАЙБАК, доктар-гігіеніст Дзятлаўскага райЦГЭ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/