Раённыя “Дажынкі-2012”



ХВАЛА ЛЮДЗЯМ ПРАЦЫ, ХВАЛА ХЛЕБАРОБАМ!

Раённыя “Дажынкі-2012” адбыліся ў нядзелю, 9 верасня ў Раклевічах.

Да раённага свята хлебаробаў гаспадары ўрачыстасці – мясцовы СВК “Русь-Агра” і Дзятлаўскі сельскі Савет з дапамогай раённых арганізацый і службаў шмат зрабілі для добраўпарадкавання і абнаўлення Раклевічаў. Самыя аб’ёмныя работы выкананы на цэнтральнай вуліцы Новай – тут капітальна адрамантаваны Дом культуры, абноўлены аддзяленне сувязі, ФАП, магазін, зроблена сталовая, на месцы забалочанай пусткі выкапана возера, пакладзены асфальт і тратуары, зроблены газоны, пафарбаваны платы. Добраўпарадкаванне Раклевічаў прадоўжыцца і пасля святкавання “Дажынак”.

Жніўная ўрачыстасць стартавала ад будынку праўлення СВК “Русь-Агра”. Калона ўдзельнікаў свята рушыла за аркестрам наваельнянскіх музыкаў па вуліцы Новай, на якой пад “смачнымі” назвамі кшталту “Чайная мядовая”, “Каравайная”, “Чайная медунічка”, “Беларускі агарод” і падобнымі размясціліся традыцыйныя для раённых святкаванняў “падворкі” сельгасарганізацый, гандлёвых арганізацый, установаў культуры і адукацыі. Урачыстае шэсце завяршылася перад Домам культуры. У актавай зале СДК і разгарнулася асноўная дзея ўрачыстасці. Пры яе пачатку першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання І. Зубко ад імя і па даручэнню ўдзельнікаў сёлетняга жніва ўручыў каравай са збожжа 2012 года старшыні райвыканкама І. Крахмальчыку. Іван Іосіфавіч павіншаваў удзельнікаў уборкі і гасцей свята з галоўнаю ўрачыстасцю хлебаробаў – Дажынкамі, якія вянчаюць карпатлівую працу многіх соцень людзей на хлебным палетку.

Па добрай традыцыі, сказаў І. Крахмальчык, на Дажынках мы аддаём даніну заслужанай павагі людзям, якія ўклалі ў няпростую хлебаробскую працу душу, веды, уменне і вопыт.

Уборачная кампанія заўсёды балы сур’ёзным экзаменам для хлебаробаў. Яна выставіла рэальныя ацэнкі арганізатарскім здольнасцям кіраўнікоў і спецыялістаў, праверыла здольнасць да ўзаемадзеяння розных структур кіравання, уменні механізатараў і надзейнасць уборачнай тэхнікі. Дажынкі, якія мы сёння святкуем, -- гэта не толькі шанаванне перадвікоў, але і агляд стану аграрнага сектара раёна.
Што варта сказаць пра вынікі сёлетняга жніва? Пераважна яны станоўчыя. Уборачная страда ва ўсіх гаспадарках прайшла на высокім арганізацыйна-тэхнічным узроўні. Праз старанне хлебаробаў страты зведзены да мінімума.

Ураджайнасць збожжа і зернебабовых культур у раёне склала 40,3 цэнтнера з гектара, што на 5,5 цэнтнера больш, чым у мінулым годзе. Валавы збор зерня дасягнуў 68,5 тысячы тон, што на 12,6 тысячы тон больш, чым летась. На рахунку раёна важкі ўнёсак у агульны каравай нашай краіны. Поўнасцю будзе выкананы і дзяржаўны заказ на продаж зерня.

На ўраджай працавалі ўсе. Асаблівая наша ўдзячнасць працаўнікам тых сельгасарганізацый, якія дамагліся прыросту валавога збору зерня да ўзроўню 2011 года. Чатыры гаспадаркі атрымалі значны прырост валавога намалоту – гэта СВК “Войневічы” (плюс 2566 тон зерня), СВК “Вензавец” (плюс 2267 тон), СВК “Граніт-Агра” (плюс 2176 тон), СВК “Русь-Агра” (плюс 1813тон).

Найбольшая ўраджайнасць збожжа і зернебабовых культур атрымана ў СВК “Русь-Агра” – 55 цэнтнераў з гектара, СВК “Жукоўшчына” – 48,3 цэнтнера, СВК “Граніт-Агра” – 43,7 цэнтнера.
Удзельнікамі жніва былі 89 камбайнавых экіпажаў, 30 з іх дасягнулі намалоту больш 1000 тон зерня.
На адвозцы зерня былі заняты больш, чым 100 аўтамабіляў.

У гаспадарках працавалі сем новых збожжасушыльных ачышчальных комплексаў, якія дапрацавалі больш палавіны сабранага ў раёне ўраджаю.

Сёлета гаспадаркі раёна атрымалі 9 новых высокапрадукцыйных камбайнаў КЗС-1218, якія былі эфектыўна выкарыстаны на жніве.

Вялікую ўдзячнасць хачу выказаць камбайнерам, механізатарам, вадзіцелям на адвозцы збожжа, машыністам збожжасушыльных установак, уклад якіх у нашу вялікую працоўную перамогу найбольш важкі. На працягу ўжо больш, чым дзесяцігоддзя, лідарам спаборніцтва на жніве з’яўляецца камбайнер СВК “Граніт-Агра” Уладзімір Гукіш. Сёлета ён з напарнікам Дзянісам Мазурам намалацілі 3039 тон зерня. Па выніках уборачнай кампаніі экіпаж Уладзіміра Гукіша заняў другое месца ў рэспубліканскім спаборніцтве.
2138 тон намалаціў моладзевы экіпаж братоў Дзмітрыя і Сяргея Жыхоў з гэтай жа гаспадаркі.
Далёка за тысячны рубеж намалоту сягнулі іх калегі па працы на жніўнай ніве – Уладзімір Чарняўскі, Ігар Варэйка, Андрэй Гулецкі, Віктар Ігнацік, многія іншыя камбайнеры.

Больш, чым 2000 тон зерня ад камбайнаў перавезлі на аўтамабілях МАЗ вадзіцелі Васіль Верамейка і Аляксандр Бакей з СВК “Граніт-Агра”, Аляксей Лабар з СВК “Дварэц-Агра”, Сяргей Лабарэвіч з СВК “Русь-Агра”.

Хачу адзначыць, што значны аб’ём работ па перавозцы зерня выканалі вадзіцелі Дзятлаўскай сельгастэхнікі і Наваельнянскай міжрайсельгасхіміі Станіслаў Пачабыт і Сяргей Радзівон, а таксама работнікі іншых прадпрыемстваў раёна.

Сярод аператараў на дапрацоўцы зерня першае месца заняў Андрэй Падліпскі са сваімі калегамі, яны працуюць у СВК “Граніт-Агра” і дапрацавалі 8280 тон зерня. На рахунку аператара гэтай жа гаспадаркі Анатоля Лакцевіча 6401 тона дапрацаванага зерня.

Дзякую ўсім хлебаробам за высокапрафесійную, прадукцыйную працу, за тое, што кожны на сваім рабочым месцы зрабіў усё, каб сабраць ураджай якасна, своечасова.

Выказваю ўдзячнасць работнікам прамысловых прадпрыемстваў і абслуговых арганізацый, гандлю, установаў аховы здароўя, адукацыі і культуры, якія актыўна ўдзельнічалі ва ўборачнай кампаніі.
Не ўсё атрымалася гэтак, як мы планавалі, але думаю, што агучу намер усіх работнікаў сельскагаспадарчай галіны ў наступныя гады яшчэ палепшыць вынікі нашай работы. У нас ёсць для гэтага нескарыстаныя рэзервы і магчымасці, ёсць жаданне дасягнуць большага.

Ад імя раённага выканаўчага камітэта жадаю ўсім здароўя, дабрабыту, новых дасягненняў для росквіту нашай краіны, шчасця вам і вашым сем’ям, няхай ажыццяўляюцца вашы пачынанні і збываюцца мары.
З новым ураджаем, з новым хлебам!

Затым былі абвешчаны вынікі раённага спаборніцтва, арганізаванага райвыканкамам, райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплекса і моладзевага спаборніцтва на жніве (публікацыю глядзіце ў наступным нумары газеты). Пераможцы спаборніцтва былі адзначаны граматамі, падзячнымі пісьмамі і грашовымі прэміямі. Урачыстасць завяршыў канцэрт мастацкіх калектываў і сольных артыстаў раёна.

Б. ВАРНА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/