“РАДОН-АЛЬФА” – НОВЫ САНАТОРЫЙ НА ДЗЯТЛАЎШЧЫНЕ



“Радон-Альфа” – лячэбна-аздараўленчы цэнтр, будаўніцтва якога поўным ходам ідзе ў Дзятлаўскім раёне, знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад санаторыя “Радон”. У назве ўстановы невыпадкова фігуруе першая літара грэцкага алфавіта, Альфа, як пачатак нечага асаблівага: з цягам часу санаторый будзе прэтэндаваць на атрыманне статусу першага беларускага курорта. Пра сам праект, ход будаўніцтва на Дзятлаўшчыне і новыя задумкі карэспандэнт гутарыць з намеснiкам генеральнага дырэктара фірмы-забудоўшчыка, ТАА “ТОРВЛАД”, Уладзімірам Бокіем.

-- Уладзімір Вікенцьевіч, з чаго пачынаўся “Радон-Альфа”?
-- З ідэі, якую два гады таму прапанавала санаторна-курортнае ўнітарнае прадпрыемства “Белагроздравница”, зыходзячы з паспяховага вопыту ўжо працуючага на Дзятлаўшчыне санаторыя “Радон”. Праект быў падтрыманы, дапоўнены ў Гродзенскім аблвыканкаме і атрымаў ход. Мы, ТАА “ТОРВЛАД”, выступілі забудоўшчыкамі. Адразу ж пачалі праектаваць у сваім праектным бюро і ўзгадняць праект.

-- Што будзе ўяўляць сабой новая лячэбна-аздараўленчая ўстанова?
-- Вынікам двухгадовага будаўніцтва стане санаторый на 250 месцаў Лячэбна-аздараўленчы цэнтр будзе аказваць увесь спектр медыцынскіх паслугаў. Асновай лячэння стануць, вядома, радонавыя воды і сапрапелевыя гразі, акрамя таго, наведвальнікам “Радона-Альфа” будзе прапанаваны шырокі спектр SPA-працэдураў. На цокальным паверсе размесцяцца водалякарня з вялікім комплексам водных працэдураў, гразелякарня, 25-мятровы басейн, лазні, масажныя кабінеты.

-- Які кошт праекту і хто інвестуе ў яго?
-- Агульны кошт праекту комплексу “Радон-Альфа” складае 20 мільёнаў долараў. ТАА “ТОРВЛАД” уклала ў яго частку ўласных сродкаў, астатнюю долю ўзялі ў “Белзнешэканомбанку”, абышоўшыся без прыцягнення замежных капіталаў. Па бізнэсплане будаўніцтва павінна акупіцца за сем гадоў работы санаторыя. Я спадзяюся, што гэта адбудзецца яшчэ хутчэй.

-- Якія будаўнічыя арганізацыі бяруць удзел у работах?
-- Генеральным падрадчыкам будаўнічых работ выступае мінскае ІТАА “Алміэр”, разам з мінскай фірмай “Буд Экспарт”. Магчыма, у будучым запросім на субпадрад і дзятлаўскія будаўнічыя арганізацыі.

-- Каго чакаеце на адпачынак у “Радон-Альфа”?
-- Усіх, хто зможа сабе гэта дазволіць. Пуцёўка ў наш санаторый будзе крыху даражэйшая, чым сёння ў санаторыі “Радон”, але і умовы пражывання будуць больш камфортныя. Апроч усяго названага мной раней, гэта медыцынская дапамога сталічных спецыялістаў, з якімі ўжо вядуцца перамовы, прымяненне найноўшага медыцынскага абсталявання. Кансультацыі будуць весці прафесары медыцыны. Акрамя таго, нашых наведвальнікаў чакае 4-разовы “шведскі” стол (плануецца запрасіць шэф-повара з Чэхіі) і павышаны ўзровень камфорту.

-- Хто будзе працаваць у лячэбна-аздараўленчым цэнтры?
-- Нам будуць патрабавацца розныя спецыялісты. Асаблівую патрэбу ўстанова будзе мець у работніках сярэдняга медыцынскага звяна. Мяркую, будзем прыцягваць маладых спецыялістаў. У планах – будаўніцтва службовага жылля для нашых работнікаў у Дзятлаве.

-- 18 мая была ўрачыста закладзена капсула з пасланнем для нашчадкаў. Што ў ім?
-- Мы распавялі ў пасланні будучым пакаленням пра тое, што прадпрыемству “ТОРВЛАД” у наступным годзе спаўняецца 20 гадоў, пра рашэнне аб будаўніцтве новага санаторыя. У пасланні адзначана, што мы будуем новы аб’ект, не шкадуючы ні сіл, ні часу, ні сродкаў, каб наша краіна квітнела. Акрамя закладкі капсулы, было асвечана будаўніцтва новага лячэбна-аздараўляленчага цэнтра.

-- Уладзімір Вікенцьевіч, ці першы гэта вопыт такога будаўніцтва для вашай арганізацыі і ці атрымае ён працяг?
-- Так, “ТОРВЛАД” упершыню вядзе будаўніцтва лячэбна-аздараўляльнага цэнтра. Ёсць грунтоўны бізнэс-план, згодна з якім ён павінен быць паспяховы. Наконт новых праектаў пакуль рана задумвацца, хаця нам ужо паступала прапанова аб будаўніцтве аналагічнага цэнтра на возеры Нарач.

-- Чаму ўсё ж спынілі сваю ўвагу на Дзятлаўшчыне? Чым яна вас прыцягнула?
-- Не буду хлусіць, у першую чаргу, радонавымі водамі і лячэбнымі сапрапелевымі гразямі, попыт на якія на сёння дастаткова вялікі. Да таго ж, прывабныя мясціны, у якіх будзе камфортна адпачываць.

Гутарыла Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/