РАДАСЦЬ МАЯ, ВАЛЯНЦІНА...



Жыве на свеце чалавек, шмат гадоў жыве, працуе, шчыруе. А гады, як вада скрозь пальцы, не паспеў аглянуцца - вось ужо і старасць на парозе. Добра, калі дзеці побач, а калі іх няма? Тады на дапамогу старым і нямоглым прыходзяць сацыяльныя работнікі. Неабыякавыя да чужой бяды і адзіноты, яны, як хлеб надзённы, мацуюць сілы, лечаць душу.

Першага верасня спаўняецца дзевятнаццаць гадоў, як сацыяльным работнікам Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна працуе Валянціна Аркадзьеўна Кавальчук, жанчына, якая стала надзеяй і радасцю для 11 адзінокіх састарэлых жыхароў горада Дзятлава.

- Валянціна для нас і дамашняя гаспадыня, і "хуткая дапамога", і камізэлька, у якую можна паплакацца, -- расказвае Юзэфа Браніславаўна Чаркас. - Лепшага чалавека, здаецца, я за ўсё жыццё не сустракала. Яна мне як дачка. Кожны дзень тэлефануе, пытаецца пра здароўе. Прыходзіць два разы на тыдзень.

Вымярае мне ціск, прыносіць прадукты і лекі, прыбірае ў хаце. Калі трэба, можа і памідоры з агуркамі закатаць па асаблівым рэцэпце, які ў яе дома любяць. Я не ведаю той работы, якую не ўмеюць рабіць руплівыя Валіны рукі. Яна - мая радасць, маё выратаванне, родны мой чалавек. Чулая, неабыякавая да чужой адзіноты і гора, яна не ўмее працаваць кепска. Яна выконвае свае абавязкі звыш нормы. Калі я ляжала ў бальніцы, яна прыходзіла некалькі разоў. Калі выпісалася - выклікала мне таксі. Па волі лёсу, я - адзінокі чалавек. Сын - загінуў, муж - памёр некалькі гадоў таму. Валянціна абслугоўвае мяне ўжо больш за шэсць гадоў. Дзякуючы ёй, маё жыццё мае сэнс: ёсць з кім пагаварыць, падзяліцца набалелым - яна зразумее і падтрымае.

У Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Валянціна Аркадзьеўна прыйшла працаваць пасля скарачэння на папярэднім месцы работы. Сяброўка падказала, што ёсць вакансіі. Хутка зразумела, што сацыяльны работнік - гэта не прафесія, а стыль жыцця. Тут не заробіш шмат грошай, але набудзеш найвялікшую ў свеце каштоўнасць - цеплыню чалавечых адносін.

На пытанне, ці падабаецца работа, Валянціна Аркадзьеўна адказвае:
- Пра гэта нават і не думаю. Я ведаю, што патрэбна людзям, што мне неабходна аб іх клапаціцца. Іншага жыцця і іншай работы сабе ўжо не ўяўляю. Клопат і ўвага - галоўнае, што патрэбна пажылому чалавеку.
Таму ў спёку і ў непагадзь, зімою і летам спяшаецца Валянціна Кавальчук да сваіх падапечных. За дзень ёй даводзіцца па некалькі разоў хадзіць з аднаго канца горада на другі, насіць прадукты, лекі. Усё паспявае сацыяльная работніца, бо ведае: яе чакаюць, пра яе думаюць. Падтрымлівае пажылых людзей справай і добрым словам, якое, часам, лепш за лекі дапамагае. У народзе кажуць: "На такіх людзях трымаецца зямля". Але сціплая, працавітая Валянціна пра гэта не думае: яна проста не ўмее жыць інакш.

Дома Валянціна Аркадзьеўна Кавальчук - клапатлівая жонка, матуля, бабуля. Муж, Сямён Сяргеевіч, разумее, наколькі адказная ў яе работа, і не папракае, калі даводзіцца адкласці якія-небудзь хатнія справы. Дочкі Вольга і Кацярына ўжо замужам. Старэйшая жыве асобна - у Хвінявічах, гадуе дзевяцігадовую дачку Валерыю. Малодшая пакуль жыве з бацькамі, таму можа дапамагчы па гаспадарцы, калі маці не паспявае.

Нягледзячы на занятасць, Валянціна Кавальчук добрая гаспадыня. Яна смачна гатуе, умее вязаць, шыць, захапляецца бісерапляценнем. Больш за ўсё любіць бываць у лесе, збіраць грыбы і ягады, любавацца на прыгажосць роднай прыроды, якая супакойвае і вучыць жыццёвай мудрасці.

І. КАЎКЕЛЬ

_____________________________________________________________________________________________________
Благодаря яркому интересному и запоминающемуся логотипу вашей фирмы вас будут узнавать везде, а это очень отличная реклама и повышение вашей репутации. Но разработка логотипа не такая уж простая работа. Ведь разработка логотипов подразумевает под собой не только придумать картинку, но и скрытый подтекст в ней. А самому с этим не справиться.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/