П'ЮЦЬ БАЦЬКІ -- ПАКУТУЮЦЬ ДЗЕЦІ



ТРЫМАЛАСЯ ЗА КАЛЯСКУ

У камісію па справах непаўналетніх Дзятлаўскага райвыканкама паступіла паведамленне з Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, што каля аднаго з гарадскіх магазінаў знаходзіліся дзве маці з маленькімі дзецьмі. Жанчыны былі п'яныя. Адна з іх, хістаючыся, трымалася за каляску, дзе знаходзілася немаўля да года, і без апоры не магла ісці роўна. У выдыхаемым паветры гэтай гора-маці алкатэстар паказаў 2,4 праміле алкаголю. Яе сяброўка прайсці тэст адмовілася, знешне было відаць, што на гэтую жанчыну спіртное аказала меншае ўздзеянне.

На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх аматаркам моцных напояў патлумачылі, што водпуск па доглядзе за дзіцём да трох гадоў даецца жанчыне не для таго, каб ужываць спіртное і падвяргаць дзіця небяспецы. Іх азнаёмілі з патрабаваннямі Дэкрэта №18 і папярэдзілі, што ў наступны раз дзяцей прызнаюць маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Цяпер гора-маці стаяць на ўліку ў нарколага, іх сем'і будуць знаходзіцца пад пастаянным кантролем.

КАМУ ГЭТА ТРЭБА?

Такое пытанне так і хочацца задаць бацькам, якія не жадаюць жыць цвяроза і выхоўваць сваіх дзяцей самастойна, без удзелу адказных службаў.

Маці хлопчыка-чатвёртакласніка патэлефанавала ў школу і адпрасіла сына на заўтра з заняткаў. Яна патлумачыла, што іх сям'я збіраецца наведаць другога сына, які вучыцца ў Магілёўскай спецшколе для цяжкіх падлеткаў.

Назаўтра ў гэтую сям'ю, якая, дарэчы, знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, наведалася праверка. Як высветлілася, ніхто нікуды не ездзіў: дарослыя адзначалі дзень нараджэння маці, у кватэры быў беспарадак, валяліся акуркі, хлопчык, які не пайшоў у школу, быў сведкам "сапраўднага свята".
На пасяджэнні камісіі маці абуралася, што да іх сям'і занадта прыдзіраюцца. Маўляў: жывём як людзі, няўжо нельга адсвяткаваць дзень нараджэння? Яна не ўлічыла галоўнага: на дні нараджэння ў паважаючай сябе жанчыны звычайна пахне пірагамі, а не спіртным, а кватэра іскрыцца чысцінёй.

Сына-чацвёртакласніка прызналі маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Гора-маці выйшла з кабінета старшыні камісіі па справах непаўналетніх, гучна бразнуўшы дзвярамі. Аднак гэта не значыць, што апошняе слова засталося за ёю. Цяпер гора-бацькам неабходна выпраўляцца, каб не быць пазбаўленымі правоў на дзяцей. Таксама ім давядзецца пагашаць расходы на ўтрыманне непаўналетняга.

ДЗІЦЯ ТРАПІЛА Ў РЭАНІМАЦЫЮ

Гэтыя бацькі, якія выхоўваюць траіх дзяцей, у тым ліку і маленькую дзяўчынку-інваліда, на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх былі выкліканы другі раз. Некалькі месяцаў таму яны абяцалі больш не ўжываць алкаголю, але гісторыя паўтарылася. На гэты раз пілі ў кампаніі, у гасцях. Завязалася бойка. Маці пакінула дзяцей і выйшла з хаты перачакаць. Бацька ў гэты час спаў п'яны. Яшчэ адзін п'яны мужчына высвятляў адносіны з былой сужыцелькай, разбіў ёй галаву. На шчасце, яму пад руку не трапіўся ніхто з дзяцей.

Выклікалі хуткую дапамогу. Калі медыкі прыехалі, гаспадары не хацелі пускаць іх у хату, але фельчар не адступіла, нібы адчула небяспеку. Медработніца ўбачыла, што ў хаце знаходзяцца непаўналетнія, а дзіцяці-інваліду патрабуецца неадкладная дапамога. Дзяўчынка ў цяжкім стане з прыкметамі абязводжвання была дастаўлена ў рэанімацыю.

Дзяцей прызналі маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Бацька павінен будзе прайсці курс лячэння ад алкагольнай залежнасці, маці ўжо закадзіравалася.

ГУЛЯЕМ У ХОВАНКІ

Вынаходлівасці гэтай жанчыны змог бы пазайздросціць нават рускі разведчык -- персанаж папулярных анекдотаў. Яна гадуе дваіх дзяцей, адно з якіх -- нядаўна нарадзіла. Сям'ю, як сацыяльна ненадзейную, часта наведваюць прадстаўнікі адказных службаў. Тут ёсць усё неабходнае для дзяцей. Аднак здарылася нечаканае: калі ў хату завітала чарговая камісія, на верандзе, куды, як палічыла гаспадыня, наведвальнікі не будуць заходзіць, спаў п'яны мужчына, валяліся акуркі. Жанчына патлумачыла, што гэта яе знаёмы, які дапамог адрамантаваць дах, пасядзеў за сталом, выпіў і заснуў. Каб п'яны візіцёр нікому не трапляўся на вочы, гаспадыня схавала яго ў нежылым памяшканні.

Маці дваіх дзяцей папярэдзілі, што п'яных мужчын у хаце, дзе жывуць непаўналетнія, быць не павінна.

СТАРЭЙШЫ СЯБАР

Дзве сястрычкі -- трэцякласніца і сямікласніца -- разам з мужчынам, 1979 года нараджэння, залезлі ў нежылую вясковую хату праз выбітае акно. На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх сёстры так і не адказалі, хто разбіў шкло. Прызналіся толькі, што старэйшы "сябар" сам запрасіў іх наведацца ў хату. Мужчына спачатку хацеў забраць з сабой посуд, але пазней вырашыў не разменьвацца на дробязі і выйшаў з пустымі рукамі. Дзяўчынак зацікавіў стары чамадан, у якім ляжалі шторы і цюль.

Калі маці вярнулася з працы, убачыла, што дочкі гуляюць з чужымі рэчамі. Высветліўшы, дзе ўзялі, папрасіла вярнуць на месца. Але было ўжо позна: пра крадзеж даведаліся праваахоўнікі.
Жанчыну папярэдзілі, што падобнае "сяброўства" для яе дзяцей магло вельмі кепска скончыцца.

Дзяўчынкі плакалі і абяцалі бльш не браць чужых рэчаў. Хочацца спадзявацца, што гэты жыццёвы ўрок не пройдзе дарэмна для сям'і.

С. ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
В. ГАРОШКА, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
В. ПЕТРУКЕВІЧ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
І. СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты "Перамога", член камісіі

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/