П'яным пешаходам не месца на дарозе



У 2011 годзе на тэрыторыі Гродзеншчыны вызначыліся пэўныя станоўчыя тэндэнцыі ў забеспячэнні супрацоўнікамі ДАІ бяспекі дарожнага руху. Разам з тым заклапочанасць выклікае вялікая колькасць аварый, учыненых па віне п'яных пешаходаў.

У 2011 годзе зарэгістраваны 53 (у 2010 — 34) такія аварыі з гібеллю 19 (8) і ранением 36 (26) чалавек. 44% пешаходаў загінулі ў перыяд з 20 да 24 гадзін. 43% пешых удзельнікаў ДТЗ былі ва ўзросце ад 31 года і старэйшыя.

На 30% узрасла колькасць папярэджаных супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі вобласці парушэнняў пешаходамі правілаў дарожнага руху. Пры гэтым значна павялічылася (з 2111 да 7785) колькасць выяўленых парушэнняў правілаў паводзін на дарозе пешаходамі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення.

Каб папярэдзіць дарожныя здарэнні, звязаныя з наездам транспартных сродкаў на пешых удзельнікаў дарожнага руху, якія знаходзяцца нецвярозымі на праезнай частцы дарогі, з 23 па 27 студзеня на Гродзеншчыне праводзіцца комплекс прафілактычных мерапрыемстваў "П'яны пешеход".

Так, у вячэрні і начны час арганізавана штодзённае патруляванне нарадамі ДАІ-ДПС асноўных аўтадарог. Праваахоўнікі будуць выдаляць з дарогі п'яных і сачыць за выкарыстаннем пешаходамі святлоадлюстроўваючых элементаў.

Асаблівая ўвага будзе надавацца вясковым дарогам, якія прылягаюць да аўтадарог рэспубліканскага значэння, аварыйна небяспечным участкам, на якіх мелі месца дарожныя здарэнні з удзелам пешаходаў, а таксама маршрутам масавага руху пешаходаў.

Для павелічэння шчыльнасці нарадаў прыцягнута максімальная колькасць дружыннікаў і грамадзянскага транспарту. У адносінах да п'яных парушальнікаў будуць выкарыстоўвацца самыя жорсткія меры адміністрацыйнага пакарання.

А. МУХА, старшы дзяржаўтаінспектар АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/