ПРЫЕХАЛІ Ў БЕЛАРУСЬ - ЗАРЭГІСТРУЙЦЕСЯ



Лета -- час адпачынку, сустрэчаў, далёкіх паездак. Найчасцей менавіта ў гэты сезон беларусы прымаюць у сябе родных і сяброў з іншых краін. Што, згодна з законам нашай рэспублікі, павінны памятаць гаспадары і іх госці, каб пазбегнуць непрыемнасцяў, карэспандэнтцы расказала В. І. Ламака, старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама.

-- Вольга Іванаўна, як доўга грамадзяне іншых краін могуць знаходзіцца ў Беларусі?
-- Замежныя грамадзяне, якія не збіраюцца доўгі час жыць у нашай рэспубліцы, а гэта звычайна турысты, госці, тыя, хто прыехаў на дзелавую сустрэчу, знаходзяцца тут часова. Тэрмін часовага знаходжання вызначаецца тэрмінам дзеяння візы і не можа перавышаць 90 сутак за каляндарны год з дня першага ўезду ў Беларусь, калі іншае не абумоўлена заканадаўствам.

-- Якія дакументы на тэрыторыі нашай рэспублікі павінны мець іншаземцы?
-- Трэба мець пры сабе пашпарт або дакумент, які яго замяняе, прызначаны для выезду за мяжу, і міграцыйную карту (яна, згодна з заканадаўствам, не патрэбна расіянам). Міграцыйная карта -- дакумент, які ўтрымлівае звесткі пра іншаземца і служыць для кантролю за яго часовым знаходжаннем у краіне. Яе запаўняюць пры ўездзе ў Рэспубліку Беларусь.

-- Ці неабходна афармляць рэгістрацыю?
-- Так, замежныя грамадзяне павінны на працягу пяці сутак, за выключэннем выхадных і святаў, зарэгістравацца ў органе рэгістрацыі па месцы свайго фактычнага часовага знаходжання. Жыць яны абавязаны толькі па мецы рэгістрацыі. Пры змене месца часовага знаходжання, працэдуру рэгістрацыі неабходна прайсці зноў. Калі ж іншаземцы набылі турпаездку ў нашу рэспубліку, то, згодна з праграмай тура, яны рэгіструюцца ў органе рэгістрацыі па месцы першапачатковага знаходжання на ўвесь час тура.
Адно з заканадаўчых новаўвядзенняў -- павелічэнне тэрміну знаходжання без рэгістрацыі для жыхароў краін-суседзяў: Расійскай Федэрацыі, Латвіі, Літвы, Украіны. Гэтыя грамадзяне вызваляюцца ад рэгістрацыі на перыяд знаходжання 30 дзён са дня ўезду пры наяўнасці міграцыйнай карты (яна не патрэбна расіянам).

-- Як аформіць рэгістрацыю?
-- Рэгістрацыя, падаўжэнне тэрміну часовага знаходжання (рэгістрацыі) афармляюцца шляхам прастаўлення адзнакі на міграцыйнай карце ў выглядзе пячаткі (штампа, адзнакі) рэгіструючай арганізацыі.
Для рэгістрацыі неабходна асабістая прысутнасць іншаземца. Калі зарэгістраваць неабходна дзіця да 16 гадоў, то дастаткова прысутнасці яго прадстаўніка.

-- Што можа пагражаць іншаземцу, калі ён парушыў правілы знаходжання ў нашай краіне?
-- Знаходжанне ў Беларусі без візы, міграцыйнай карты, пашпарта або дакумента, які яго замяняе, уезд па несапраўдных дакументах, незахаванне парадку рэгістрацыі або перамяшчэння і выбару месца жыхарства ці месца знаходжання, ухіленне ад выезду пасля заканчэння тэрміну знаходжання, парушэнне правілаў транзітнага праезду (транзіту) праз Рэспублікіу Беларусь або парадку занятку працоўнай дзейнасцю, караецца папярэджаннем з дэпартацыяй ці без дэпартацыі або штрафам у памеры да 20 базавых велічыняў з дэпартацыяй ці без дэпартацыі (ч. 1 арт. 23.55 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях).
Фізічная асоба, якая запрасіла іншаземца у Рэспубліку Беларусь і не прыняла меры па яго своечасовай рэгістрацыі будзе папярэджана або пакарана штрафам у памеры да 10 базавых велічыняў (ч. 3 арт. 23.55 КоАП).
Калі жыхар Беларусі прадаставіў іншаземцу, які парушыў правілы часовага знаходжання або транзітнага праезду (транзіту) праз тэрыторыю нашай краіны жылое памяшканне або транспартны сродак ці выкарыстоўвае замежнага госця для здзяйснення працоўнай, прадпрымальніцкай, іншай дзейнасці з парушэннем устаноўленага парадку, ён можа быць папярэджаны або пакараны штрафам у памеры да 20 базавых велічыняў (ч. 4 арт. 23.55 КоАП).

-- Куды ў нашым раёне неабходна звяртацца, каб прайсці працэдуру рэгістрацыі?
-- У групу па грамадзянстве і міграцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама ў любы з прыёмных дзён: па панядзелках, чацвяргах, суботах -- з 8 да 13 гадзін; па аўторках і пятніцах -- з 8 да 17 гадзін (перапынак з 13 да 14 гадзін); па серадах -- з 11 да 20 гадзін (перапынак з 15 да 16 гадзін).

В. ЛАМАКА, старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/