ПРАВІЛЫ ЗДАРОВАЙ ВУЧОБЫ



Перш, чым накіраваць дзіця ў школу, варта паклапаціцца пра тое, каб наведванне ўрокаў прынесла яму веды, а не хваробы. Што трэба рабіць, каб пазбегнуць гэтага?

Па-першае, патрэбна ўстанавіць для дзіцяці рэжымы сну, вучобы і адпачынку, паколькі невыканнанне іх часцей за ўсё прыводзіць да хранічнай стомленасці. Пра тое, што яна ёсць у дзіцяці, сведчыць наступнае: яно не можа заснуць вечарам, пачынае патрабаваць дзённага сну, хаця ўжо даўно ад яго адмовілася. Узнікаюць і праблемы з апетытам: дзіця кепска есць, зусім адмаўляецца ад сняданка, нярэдка страчвае вагу да канца навучальнага года. Дзеці таксама скардзяцца на галаўны боль, у іх часта падымаецца ціск.

Яшчэ адна вялікая праблема -- харчаванне ў школе. Пачынаюцца праблемы са страўнікам з-за ўжывання фаст-фуда, салодкага, газіроўкі замест паўнацэннага абеду. Ужо ў старэйшых класах у дзяцей часта пачынае развівацца гастрыт, калі, акрамя ўжывання ў ежу шкодных чыпсаў і сухарыкаў, дабаўляюцца шкодныя псіхаэмацыянальныя нагрузкі. Як вынік -- стрэсавы стан, які актывізуе бактэрыю хелікабактэр пілоры. Яна выклікае гастрыт і язву страўніка.

Наступнае слабае месца школьнікаў -- зрок. Нагрузка на працягу вучэбнага дня на дзіця даволі важкая, таму, каб захаваць зрок школьніку на працягу навучальнага тыдня, варта адмовіцца ад тэлевізара і камп'ютара. Замест гэтага -- прагулка на свежым паветры. У рацыёне школьніка павінны быць прадукты, карысныя для вачэй -- капуста, морква, кефір, ялавічына, адвараная рыба, індычына, чарніка, кроп, пятрушка.

А вось каб дзіця ў час школьных заняткаў не "зарабіла" сабе скрыўленне пазваночніка, трэба развіваць мышачны карсет. Гэта дасягаецца толькі фізічнымі практыкаваннямі і рухомым ладам жыцця.

Л. ЛАЗОЎСКАЯ, загадчыца санітарна-эпідэмічнага аддзела раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі
Н. ЮРЭНЯ, фельчар-валеолаг

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/