ПРАВІЛЫ ГРЫБНІКА



Лепшым часам для збору грыбоў лічыцца прамежак з 10 да 11 гадзін дня. Грыбы лепш за ўсё збіраць у кошык, тады яны менш псуюцца. Варта ведаць, што ў звычайных пластмасавых вёдрах грыбы захоўваюцца значна горш.

Збірайце добра знаёмыя вам грыбы. Не варта збіраць грыбы паблізу хімічных прадпрыемстваў, шашэйных дарог. Збіраючы грыбы, абавязкова звяртайце ўвагу на іх знешнюю афарбоўку, форму, пах мякаці і колер у месцы надрэзу, што дазволіць вам адрозніць ядомыя грыбы ад атрутных. Не варта браць у рукі атрутныя грыбы, асабліва гэта тычыцца дзяцей. Калі пры зборы грыбоў вы апынуліся на забалочаным месцы, то па расліннасці вы зможаце вызначыць ступень небяспекі. Бярозавы, лазовы ці яловы лес гаворыць пра тое, што балота старое і бяспечнае. У той жа час наяўнасць трыснёгу або хвашчу, а таксама вялікая колькасць вільгаці кажа пра тое, што балота можа быць небяспечным.

Калі ў лесе вас напаткала навальніца, то не варта падыходзіць да высокіх дрэў, якія стаяць асобна, а таксама стагоў сена, слупоў, ліній электраперадач і пабудоваў з металу. Варта памятаць, што такія дрэвы, як елка, хвоя, дуб, таполя, клён, ляшчына, бяроза прыцягваюць да сябе навальніцу.

Калі вы заблукалі ў лесе, то арыентуйцеся па наваколлі. Так, з паўночнага боку дрэвы пакрытыя мохам і лішайнікамі, кара дрэва таўсцейшая. На паўднёвым баку на дрэвах збіраецца смала, раней спеюць ягады, кроны дрэў больш густыя і гадавыя кольцы на пнях шырэйшыя.

Выкананне гэтых нескладаных правілаў у лесе дазволіць вам нацешыцца зачараваннем лесу і “ціхім паляваннем”, атрымаць масу станоўчых эмоцый у дадатак да знойдзеных грыбоў.

Падрыхтавала да друку В. ВАСЬКО

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/