Правілы і паводзіны у выпадку паводкі



Падраздзяленні МНС гатовы да любога варыянту развіцця падзей і ажыццяўляюць комплекс мерапрыемствау па мінімізацыі магчымых наступстваў паводкі. Праверана гатоўнасць тэхнікі па адкачванні вады, лодкі, кацеры. Удакладняюцца зоны магчымых падтапленняў.

Акрамя таго, у населеных пунктах, якія часцей за ўсё падвяргаюцца падтапленню, назначены пазаштатныя адказныя для кантролю абстаноўкі і прадастаўлення аператыўнай інфармацыі ў камісіі па надзвычайных сітуацыях сваіх гарадоў і раёнаў. Вызначаны месцы эвакуацыі насельніцтва ў выпадку затаплення населеных пунктаў. Раёны, якія могуць быць ізаляваны паводкай, у поўным аб'ёме забяспечаны таварамі першай неабходнасці.

Аднак не трэба забывацца пра меры асабістай бяспекі. Неабходна паклапаціцца пра месцы магчымай эвакуацыі, ачысціць ад снегу падворкі і вадаспускі.

Калі ваш дом знаходзіцца ў зоне верагоднага затаплення:
- адключыце газ, ваду і электрычнасць;
- патушыце агонь у печах;
- перанясіце на верхнія паверхі і паддашкі каштоўныя рэчы і прадукты харчавання;
- забіце вокны і дзверы, пры неабходнасці — забіце вокны і дзверы першых паверхаў дошкамі або фанерам.

Правераны спосаб не пусціць ваду на парог — выкапаць каля дома канаўкі, у якіх будзе скоплівацца вада. У час паводкі і на працягу двух-трох тыдняў пасля таго, як вада адышла, не піце сырую ваду з калодзежа, паколькі ў ёй могуць знаходзіцца хваробатворныя мікробы.

Калі атрымана папярэжданне аб эвакуацыі:
- падрыхтуйце цёплую зручную вопратку, боты, коўдры, грошы і каштоўнасці;
- збярыце трохдзённы запас харчавання;
- падрыхтуйце аптэчку першай дапамогі і лекі, якімі вы звычайна карыстаецеся;
- закруціце ў непрамакаемы пакет пашпарт і іншыя дакументы;
- вазьміце неабходныя сродкі гігіены і пасцельныя прыналежнасці.

Калі вада падымаецца рэзка, перайдзіце ў бяспечнае месца, вазьміце прадметы, якія могуць спатрэбіцца ў выпадку самаэвакуацыі. Акрамя лодак, платоў і надзімных матрацаў падыдуць бочкі, бярвенне, шчыты, дзверы, абломкі драўляных платоў, аўтамабільныя камеры.

Да прыезду выратавальнікаў або спаду вады заставайцеся на верхніх паверхах і дахах, на дрэвах або іншых узвышэннях. Выратавальнікам будзе прасцей знайсці пацярпелых, калі ў светлы час сутак на высокае месца будзе вывешана белае або каляровае палатно, а ў цёмны час сутак будуць падавацца светлавыя сігналы.

Калі прыбудуць выратавальнікі:
- у першую чаргу эвакуіруюцца жанчыны і дзеці;
- супакойцеся, не спяшайцеся і няўхільна выконвайце патрабаванні выратавальнікаў;
- пераходзьце ў лодку (кацер) па адным, не стварайце панікі.

Самастойна выбірайцеся з затопленага раёна толькі ў бязвыхадных сітуацыях, напрыклад, калі камусьці з пацярпелых патрэбна тэрміновая медыцынская дапамога.

У. КАЖАЛА, намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/