Правілы летне-асенняга сезону палявання



Адкрываецца летне-асенні сезон палявання на дзічыну вадаплаўную (акрамя гусей) і балотную, вальдшнэпа, вехіра, голуба шызага, перапёлку — з другой суботы жніўня па другую нядзелю снежня ў светлы час сутак. Спосаб палявання — ружэйны, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі, з падыходу, з засады, з падманьваннем, з пад'езду на маламерных суднах.

Дазволена прымяняць гладкаствольную паляўнічую стрэльбу з выкарыстаннем патронаў са шротам, паляўнічых сабак: усе групы, акрамя гончых і хартоў, маламерныя судны без рухавіка або з непрацуючым рухавіком. Таксама дазваляецца паляванне без стрэльбы з выкарыстаннем лоўчых птушак.

Працягваецца летне-асенні сезон палявання на жывёлін нарміраваных відаў па разавых дазволах на здабычу і паляўнічых пуцёўках да іх па 30 верасня з 18 да 9 гадзін.

Кабан: можна здабываць дарослых самцоў і маладняк да двух гадоў любога полу. Спосаб палявання — ружэйны з засады, з падыходу. Для палявання на дарослых жывёлін дазволена выкарыстоўваць наразную паляўнічую стрэльбу з дульнай энергіяй кулі звыш 3000 джоўляў і гладкаствольную паляўнічую стрэльбу з выкарыстаннем толькі кулявых патронаў, а на маладняк да двух гадоў — наразную паляўнічую стрэльбу з дульнай энергіяй кулі звыш 1500 джоўляў і гладкаствольную паляўнічую стрэльбу з выкарыстаннем кулявых патронаў і патронаў з карцеччу дыяметрам 6,5 мм і больш.

Казуля еўрапейская: можна здабываць дарослых самцоў трафейнай якасці і селекцыйных жывёлін любога полу і ўзросту. Спосаб палявання — ружэйны з засады, з падыходу, з падманьваннем (на вабу). У час палявання дазволена выкарыстоўваць наразную паляўнічую стрэльбу з дульнай энергіяй кулі звыш 1500 джоўляў і гладкаствольную паляўНічую стрэльбу з выкарыстаннем кулявых патронаў і патронаў з карцеччу дыяметрам 6,5 мм і больш. Акрамя гэтага, дазволена выкарыстоўваць асвятляльныя прыборы, аптычныя прыцэлы і прыборы начнога бачання.

Нагадваем, што грамадзяне могуць паляваць пры наяўнасці:
- сапраўднага дзяржаўнага пасведчання на права палявання;
- дазволу органаў унутраных спраў на захоўванне і нашэнне паляўнічай стрэльбы пры паляванні з яе выкарыстаннем;
- паляўнічай пуцёўкі або разавага дазволу на здабычу паляўнічай жывёлы і паляўнічай пуцёўкі да яго;
- дазволу на нашэнне паляўнічай стрэльбы і боепрыпасаў да яе, атрыманых у часовае карыстанне на час палявання ў карыстальніка паляўнічых угоддзяў у парадку, устаноўленым Міністэрствам лясной гаспадаркі і Міністэрствам унутраных спраў, пры паляванні з іх выкарыстаннем.

У Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету кругласутачна працуе тэлефон "Гарачай лініі" (8-1562) 2-48-64, па якім можна паведаміць аб вядомых вам парушэннях у зоне адказнасці інспекцыі (Слонімскі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі раёны). Ананімнасць атрыманай інфармацыі гарантуем.

Г. ШЛЫКОВІЧ, начальнік Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/