ПРАЦЯГВАЕЦЦА ЗІМОВЫ СЕЗОН ПАЛЯВАННЯ



Па разавых дазволах на здабычу паляўнічых жывёлаў і паляўнічых пуцёўках да іх з 1 студзеня па 30 красавіка адкрыты зімовы сезон палявання на дзіка (дарослыя самцы, маладняк да 2 гадоў любога полу) зброевым спосабам з засады з вышак, на працягу сутак. Пры паляванні дазволена выкарыстоўваць для дарослых жывёлін наразную паляўнічую зброю з дульнай энергіяй кулі больш за 3000 джоўляў і гладкаствольную паляўнічую зброю з выкарыстаннем толькі кулявых патронаў; для маладняку да 2 гадоў -- наразную паляўнічую зброю з дульнай энергіяй кулі больш за 1500 джоўляў і гладкаствольную паляўнічую зброю з выкарыстаннем кулявых патронаў і патронаў, зараджаных карцеччу дыяметрам 6,5 мм і больш.

Працягваецца паляванне на бабра рачнога і выдру рачную да 31 студзеня ў светлы час сутак па разавых дазволах. Спосаб палявання -- ружэйны, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі, з падыходу, з засады, безружэйны, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі.

Працягваецца асенне-зімовы сезон палявання зброевым спосабам на пушныя віды па паляўнічых пуцёўках (заяц-бяляк, заяц-русак, вавёрка звычайная, гарнастай, куніца лясная, куніца каменная, тхор лясны) да 26 студзеня. Спосаб палявання -- ружэйны з падыходу, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі. Пры паляванні на зайца дазваляецца выкарыстоўваць гладкаствольную паляўнічую зброю з выкарыстаннем патронаў, зараджаных шротам, паляўнічых сабак (усе групы); на астатнія віды – наразную паляўнічую зброю калібра 5,6 мм з дульнай энергіяй кулі да 1500 джоўляў і гладкаствольную паляўнічую зброю з выкарыстаннем патронаў, зараджаных шротам, паляўнічых сабак (усе групы).

Пры паляванні дазваляецца здабыча дзікіх жывёлаў непажаданых відаў -- воўк, лісіца звычайная, сабака янотападобны, баклан вялікі, чапля шэрая, варона шэрая, сарока. Пры гэтым дазваляецца выкарыстоўваць віды і прылады палявання, дазволеныя на віды жывёлаў, указаныя ў паляўнічай пуцёўцы.

У сувязі з існуючымі не адзінкавымі фактамі парушэнняў Правілаў вядзення паляўнічай і рыбалоўнай гаспадаркі, палявання і рыбалкі, з мэтай хуткага і аператыўнага рэагавання па затрыманні правапарушальнікаў у Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету кругласутачна працуе тэлефон даверу 8-01562-2-48-64, па якім можна паведаміць аб вядомых парушэннях у галіне аховы і выкарыстання жывёлаў, якія адносяцца да аб'ектаў палявання і рыбалоўства, а таксама драўнінна-хмызняковай расліннасці і дзікарослых раслінаў, якія выкарыстоўваюцца ў нарыхтоўчых мэтах, у паляўнічых, рыбалоўных угоддзях, на асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях. У зону адказнасці інспекцыі ўваходзяць Слонімскі, Дзятлаўскі і Зэльвенскі раёны.

Ананімнасць атрыманай інфармацыі гарантуем.

Г. ШЛЫКОВІЧ, начальнік Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы жывёлы і расліннага свету

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/